Тувінцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Тувінцы
(тывалар)
Tuvan wrestlers 1.jpg
Агульная колькасць 300 000
Рэгіёны пражывання Flag of Russia.svg Расія — 263 934

Flag of the People's Republic of China.svg Кітай — 4100
Flag of Mongolia.svg Манголія — 31 823
Flag of Belarus.svg Беларусь — 10

Мова тувінская
Рэлігія шаманізм, будызм, праваслаўе
Блізкія этнічныя групы тафалары, шорцы, хакасы, кіргізы, якуты, алтайцы

Туві́нцы (саманазва: тывалар) — народ, карэнныя насельнікі Паўднёвай Сібіры. Жывуць пераважна ў Рэспубліцы Тува (Расія), а таксама ў Кітаі і Манголіі. Агульная колькасць (2010 г.) - каля 300 тыс. чал.[1][2][3].

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Цюркскія пятрогліфы ў Туве

Тэрыторыя сучаснай Тувы была населена каля 30 тысяч гадоў таму. На працягу ранняй гісторыі этнічны склад мясцовага насельніцтва значна змяняўся. Археолагі мяркуюць, што ў неалітычную эпоху на значнай частцы Тувы жылі продкі самадыйцаўсялькупаў, ненцаў, нганасанаў і інш. У эпоху бронзавага веку стэпавыя і лесастэпавыя прасторы былі заняты качэўнікамі-індаеўрапейцамі[4]. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. сюды прыйшлі цюркскія плямёны[5], якія заставілі багаты археалагічны матэрыял, у тым ліку пятрогліфы.

Назва тувінцаў паходзіць ад старажытнага цюркскага племені тубо (дубо). На працягу сярэднявечча Тува ўваходзіла ў склад цюркскіх і мангольскіх дзяржаўных утварэнняў. Аналіз культуры тувінцаў сведчыць пра дастаткова абмежаваны ўплыў на яе папярэдніх самадыйскай і індаеўрапейскай культур. Генетычныя даследаванні дэманструюць, што непасрэднымі продкамі тувінцаў былі пераважна старажытныя цюркі. У паўднёва-усходняй папуляцыі тувінцаў выяўлены значны генетычны ўплыў манголаў[6][7].

У сярэдзіне XVIII ст. тувінцы трапілі пад кантроль Цынскай імперыі. У 1760 г. у Туве была ўведзена ваенна-адміністрацыйная сістэма кіравання, а ў 1789 - 1817 гг. — маньчжурскае заканадаўства, якія захоўвалі адносную самастойнасць мясцовага насельніцтва, але ў той жа час стваралі адзіныя органы кіравання і агульную ваенную павіннасць прадстаўнікоў розных груп тувінцаў, што спрыяла іх кансалідацыі. Культурнаму аб'яднанню таксама садзейнічала распаўсюджанне будызму. З 1863 г. Тува трапіла ў межы актыўнай дзейнасці расійскіх гандляроў, якія да канца XIX ст. фактычна ператварыліся ў манапалістаў. У Туве з'явіліся рускія перасяленцы, што займаліся земляробствам і здабычай золата. У 1901 г. кітайскі ўрад дазволіў свабодны гандаль з тувінцамі, што прывяло да частковага выцяснення рускіх купцоў кітайскімі.

Кітайская рэвалюцыя 1911 г. прывяла да звяржэння дынастыі Цын, ад якой непасрэдна знаходзіліся ў васальнай залежнасці мясцовыя феадальныя колы. Расійскія прадпрымальнікі і чыноўнікі суседніх памежных рэгіёнаў інспіравалі звароты некалькіх тувінскіх феадальных уладароў да Расіі з прапановай уключыць іх землі ў яе склад. 17 кастрычніка 1914 г. Мікалай II абвясціў, што прымае ўсю тэрыторыю Тувы пад свой пратэктарат. У 1915 г. кітайскія рэспубліканскія ўлады пагадзіліся падпісаць дагавор з Расіяй і Манголіяй, паводле якога Манголія, у склад якой перадавалася Тува, набывала палітычную аўтаномію. У 1921 г. была абвешчана незалежная Тувінская Народная Рэспубліка. У 1925 г. яна была канчаткова прызнана з боку СССР і Манголіі.

У 1926 г. у Туве пачаліся актыўныя рэформы, накіраваныя на пабудову сацыялізму і выцяснення іншаземных гандляроў, акрамя савецкіх. Яны суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі і бегствам часткі насельніцтва ў суседнія Кітай і Манголію. Адносіны паміж камуністычнымі ўрадамі Тувы і Манголіі значна пагоршыліся. У 1944 г. Тува была прынята ў склад РСФСР у якасці аўтаномнай вобласці. У 1961 г. яна набыла статус аўтаномнай рэспублікі ў складзе РСФСР. У наш час з'яўляецца суб'ектам Расійскай Федэрацыі. У Кітаі і Манголіі тувінцы не маюць нацыянальных аўтаномій, аднак прызнаюцца ў якасці этнічнай меншасці, і дзякуючы кампактнаму пражыванню здольны захоўваць і развіваць свае мову і культуру[8][9].

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Тувінская юрта

Да пачатку XX ст. галоўным заняткам тувінцаў была качавая жывёлагадоўля. Трымалі коняў, авечак, кароў, коз, вярблюдаў. Ва Усходніх Саянах разводзілі аленяў. Земляробства было вядома здаўна. Вырошчвалі пераважна засушлівыя збожжавыя культуры, для іх ладзілі простыя ірыгацыйныя збудаванні. Ва ўсіх рэгіёнах, населеных тувінцамі, важную ролю ў гаспадарцы адыгрывалі паляванне і збіральніцтва. На паўночным захадзе Тувы паляванне на футравых звяроў давала асноўныя прыбыткі хатнім гаспадаркам да сярэдзіны XX ст. Распаўсюджаныя рамёствы — гарбарства, апрацоўка металаў, драўніны, воўны, лямца і г. д. Да пачатку XX ст. у Туве працавала каля 500 ювеліраў.

Асноўны традыцыйны тып паселішча — качавы аіл, які складаўся з некалькіх часовых жытлаў. Звычайна месцы для аіла выбіралі загадзя недалёка ад крыніц з пітной вадой і наведвалі іх некалькі разоў на год. Тувінцы стэпавых і лесастэпавых раёнаў жылі ў разборных юртах, якія крылі лямцам. Аленяводы аддавалі перавагу канічным чумам з нахіленых жэрдак, накрытых драўнянай карай або ласінымі шкурамі.

Народная вопратка прыстасавана для качавога ладу жыцця. Складаецца з штаноў, скураных ботаў з завостраным перадам, халата мангольскага тыпу з правым запахам, узмку — з доўгага кажуха з авечых або іншых скур. Для мужчын і жанчын шыюць шапкі з аўчыны або скуры рысі. Яны маюць канічны верх, навушша, завязваюцца на патыліцы. Вопратка ўпрыгожваецца поясам і металічнымі бляхамі. Жанчыны носяць пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты, срэбныя падвескі.

Народная кухня тувінцаў утрымоўвае значную колькасць страў з мяса і малака. Найбольш папулярна мяса коняў і авечак. Яго вараць, пякуць, робяць каўбасы. Ласункам лічыцца смажаная печань сагажа. З конскага малака гатуюць кумыс, з авечага і каровінага малака — саланаватае масла, сухі сыр курут і алкагольны напой арака. Збожжа пшаніцы, ячменю і проса пякуць і молюць. Атрыманую такім чынам муку далган ядуць замест хлеба, робяць з яе аладкі і лапшу. Чай гатуецца з малаком і соллю.

Тувінскі фальклор даволі багаты — казкі, легенды, жартоўныя песні, гістарычныя паданні і інш. Існуе 8 варыянтаў гераічнага эпасу "Кезер-Мерген". Народныя музычныя інструментыжалейка, варган, смычковы струнны інструмент ігіл, шчыпковы струнны інструмент чадаган. Тувінцы славутыя сваімі гарлавымі спевамі хаамей. Папулярныя святочныя забавы — скачкі на конях і вярблюдах, барацьба хурэш, стральба з луку і г. д. Тувінцы шырока святкуюць шагаа (новы год па месячным календары) і свята жывёлагадоўцаў наадым (святкуецца ў сярэдзіне жніўня).

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Тувінская мова належыць да цюркскай групы алтайскай моўнай сям'і. Падзяляецца на 4 асноўныя дыялекты. З 1940 г. тувінцы карыстаюцца алфавітам на аснове кірыліцы. Тувінская мова мае афіцыйны статус у Рэспубліцы Тува, выкарыстоўваецца ў адукацыі, літаратуры і сродках масавай інфармацыі. Па выніках перапісу 2002 г. у Расіі 98% тувінцаў лічыла тувінскую мову роднай.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць тувінскіх вернікаў належаць да шаманістаў або будыстаў-ламаістаў. Тувінскі шаманізм заснаваны на старажытных цюркскіх вераваннях, заснаваных на шанаванні неба тэнгры. Будызм шырока распаўсюдзіўся ў XVIII ст., хаця быў вядомы і раней. Сярод вернікаў ёсць таксама праваслаўныя хрысціяне, хаця іх колькасць адносна невялікая.

Тувінцы-таджынцы[правіць | правіць зыходнік]

Таджынцы з'яўляюцца субэтнічнай групай тувінцаў, якія насяляюць усходні саянскі раён Тоджа. Яны адрозніваюцца ад астатніх тувінцаў асаблівым дыялектам, гаспадарчымі заняткамі і ладам жыцця. Вельмі блізкімі па культуры і мове да таджынцаў з'яўляюцца тафалары. Галоўныя заняткі — аленегадоўля, збіральніцтва і паляванне.

Лічыцца, што непасрэднымі продкамі таджынцаў былі кеты і самадыйцы, якія перанялі тувінскую мову і этнічную назву. Аднак генетычныя даследаванні паказваюць, што ўплыў старажытных сібірскіх насельнікаў на сучасных таджынцаў быў малаважным. Размова можа ісці толькі пра запазычванне таёжнымі перасяленцамі-цюркамі пэўных культурных элементаў у папярэднікаў.

Тувінцы ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 г. у Беларусі жыло 10 чал., якія вызнавалі сваю этнічную тоеснасць як тувінцы[10]. З іх 2 лічылі роднай мовай тувінскую, 1 — беларускую.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons