Турэцкае Падолле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Правінцыя Падолле (укр.: Поділля; польск.: Podole; рум.: Podolia; літ.: Podolė, турэцк.: Podolya) — пашалык Асманскай імперыі з 1672 па 1699 гады, які займаў тэрыторыю Падолля (на паўднёвым захадзе Украіны і паўночным усходзе Малдовы), на поўнач ад Едзісана.

Дагавор, заключаны ў горадзе Бучач (цяпер Украіна) 16 або 18 кастрычніка 1672 года паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй, завяршыў першы этап Польска-асманскай вайны (1672—1676). Кароль Міхаіл Вішнявецкі, які быў не ў стане сабраць дастатковую армію супраць асманаў, саступіў тэрыторыю Падолля асманам і пагадзіўся плаціць штогадовую даніну ў памеры 22 000 талераў.

Каб прадухіліць турэцкую пагрозу Рэчы Паспалітай, кароль Ян III Сабескі пабудаваў недалёка ад Камянца-Падольскага крэпасць — Акопы Святой Троіцы. У 1699 годзе пры каралі Аўгусце II Моцным Камянец-Падольскі з прылеглымі тэрыторыямі быў вернуты Рэчы Паспалітай у адпаведнасці з Карлавіцкім дагаворам.