Тыгры вызвалення Таміл-Ілама

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыгры вызвалення Таміл-Ілама
தமிழீழ விடுதலைப் புலிகள்
Ідэалогія марксізм, нацыяналізм
Этнічная прыналежнасць тамілы
Лідары Велупілаі Прабхакарана
Актыўная ў Паўночная і Ўсходняя Шры-Ланка
Сфарміравана 1976
Расфарміравана 2009
Удзел у канфліктах Грамадзянская вайна ў Шры-Ланцы ў 1983 - 2009 гг.
Сайт eelam.com
Выявы "чорных тыграў", 2004 г.

"Тыгры вызвалення Таміл-Іла́ма" (таміл. தமிழீழ விடுதலைப் புலிகள்) — тамільская паўстанцкая групоўка, якая змагалася за стварэнне незалежнай тамільскай дзяржавы Таміл-Ілам на тэрыторыі Шры-Ланкі.

Сутнасць[правіць | правіць зыходнік]

Групоўка была заснавана 5 мая 1976 года годзе Велупілаі Прабхакаранам, прыхільнікам гвалтоўнага шляху вырашэння праблем тамілаў Шры-Ланкі. Асновай ідэалогіі групоўкі стаў марксізм.

Першапачаткова групоўка атрымоўвала падтрымку ад легальных тамільскіх палітычных і культурных арганізацый. Але ў пач. 1980-ых гг. выступіла за байкот мясцовых выбараў на поўначы Шры-Ланкі. Гэта прывяло да грамадзянскай вайны супраць афіцыйнага ўрада ў 1983 - 2009 гг., якая скончылася паражэннем паўстанцаў.

"Тыгры вызвалення Таміл-Ілама" выкарыстоўвала розную тактыку для дасягнення сваіх мэт: адкрытыя ваенныя выступленні, партызанскую барацьбу, марское пірацтва, захоп заложнікаў, тэрарыстычныя акты, этнічныя чысткі на кантралюемых імі тэрыторыях, масавыя забойствы ваеннапалонных і г. д. Ахвярамі станавіліся ў тым ліку тамільскія палітыкі, што не падзялялі іх погляды. У 33 дзяржавах групоўка была прызнана тэрарыстычнай.

7 кастрычніка 1987 г. абвясціла вайну індыйскім сілам па падтрыманню міра, якія былі ўведзены на поўнач Шры-Ланкі і дагэтуль фактычна спрыялі ваенным поспехам тамілаў.

У 1987 г. было створана падпадзяленне "чорных тыграў" - тэрарыстаў-самазабойцаў. Імі былі забіты трэці прэзідэнт Шры-Ланкі, Ранасінгэ Прэмадаса (1924 - 1993 гг.), і шосты прэм'ер-міністр Індыі, Раджыў Гандзі (1944 - 1991 гг.).

Унутры групоўкі падтрымлівалася жорсткая дысцыпліна. Чальцам забаранялася ўжываць тытунь і алкаголь, мець шчыльныя стасункі са сваякамі. Некаторы час не заахвочваліся якія-небудзь сексуальныя зносіны. У якасці салдат часцяком выкарыстоўваліся дзеці.

Многія тэрарысты праходзілі ваеннае навучанне ў Індыі. Па ўсяму свету працавалі 42 прадстаўніцтвы, якія вялі прапаганду, збор сродкаў, займаліся інвестыцыямі і садзейнічалі патаемнаму імпарту зброі ў Шры-Ланку.

Ліквідацыя[правіць | правіць зыходнік]

У 2002 г. групоўка адмовілася ад пабудовы самастойнай тамільскай дзяржавы і запатрабавала стварэння шырокай аўтаноміі ў паўночным і ўсходнім рэгіёнах Шры-Ланкі, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. У сакавіку 2002 г. пачаліся перагаворы з афіцыйным урадам. Але бакі не прыйшлі да ўзаемапаразумення. "Тыгры" адыйшлі ад прамых перагавораў ў 2003 г., а ў 2006 г. урад ануляваў пагадненне аб часовым спыненні агню і распачаў баявыя дзеянні.

16 мая 2009 г. прэзідэнт Шры-Ланкі абвясціў аб перамозе. Велупілаі Прабхакарана быў забіты, а яго бліжэйшы паплечнік Селвараса Патманатхан арыштаваны ў Малайзіі. Больш за 1000 прыхільнікаў Таміл-Ілама збеглі ў Індыю. Але ў палоне аказалася 11664 баявікоў (у тым ліку 595 дзяцей). Яны былі падзелены на 3 катэгорыі і перанапраўлены ў рэабілітацыйныя цэнтры. У жніўні 2011 г. 8000 палонных былі вызвалены.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]