Геалогія Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Тэктоніка Беларусі)

Тэрыторыя Беларусі размешчана на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы.

Агульныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

У будове старажытнай платформы вылучаюць 2 асноўных ярусы — крышталічны фундамент і асадкавы чахол.

Крышталічны фундамент складзены архейскімі (нёманская, аколаўская серыі), ніжнепратэразойскімі (жыткавіцкая серыя) метамарфічныя пародамі (гнейсамі, крышталічнымі сланцамі, амфібалітамі і інш.), прарваны шматлікімі інтрузіямі гранітаў, дыярытаў, габра  (укр.) і іншымі. Глыбіня яго залягання ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км, а на поўдні краіны ў межах Украінскага шчыта пароды фундаменту выходзяць на паверхню. З пародамі крышталічнага падмурка звязаны радовішчы жалезных руд, каляровых металаў, рэдкіх і рассеяных элементаў.

Платформавы чахол складзены з асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод. Асадкавы чахол на тэрыторыі Беларусі прадстаўлены адкладамі верхняга пратэразою і фанеразою. Да верхнепратэразойскіх парод прымеркаваны прэсныя, мінеральныя воды, высокамінералізаваныя расолы. Адклады палеазою пясчанікі, гліны, алеўраліты  (укр.), карбанатныя  (укр.), сульфатныя, галагенавыя пароды) развіты ў Аршанскай і Брэсцкай упадзінах, Прыпяцкім прагіне, Беларускай антэклізе. Да іх належаць радовішчы каменнай і калійных соляў, нафты і газу, гаручых сланцаў, каменнага вугля, мінеральных вод. Мезазойскія адклады (алеўраліты, мергелі, пясчанікі, гліны, вапнякі) распаўсюджаныя ў Прыпяцкім прагіне, Брэсцкай упадзіне. З імі звязаны радовішчы крэйды, бурага вугля, фасфарытаў  (укр.). З кайназойскімі пародамі звязаны радовішчы бурага вугалю, нярудных будаўнічых матэрыялаў, а таксама прэснай вады.

Тэктанічныя структуры[правіць | правіць зыходнік]

Тэктанічныя структуры Беларусі

Паводле рэчыўнага саставу ў фундаменце Беларусі вылучаны геаструктурныя вобласці: 3 гранулітавыя (Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс, Брагінскі і Віцебскі гранулітавыя масівы), 2 гранітагнейсавыя (Цэнтральнабеларуская, або Смалявіцка-Драгічынская, і Усходне-Літоўская, або Інчукалнская, зоны) і 1 вулканаплутанічная (Осніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс).

Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс — адна з найбуйнейшых структур фундаменту заходняй часткі Рускай пліты, прасочаны па анамаліях магнітнага і гравітацыйнага палёў, цягнецца шырокай паласой ад паўднёва-ўсходняй тэрыторыі Польшчы праз заходнюю частку Беларусі да паўднёвай часткі Эстоніі. Даўжыня пояса больш за 1000 км, шырыня 50—150 км. Брагінскі гранулітавы масіў займае паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі і працягваецца на сумежныя тэрыторыі Украіны і Расіі. Яго даўжыня каля 200 км, шырыня да 150 км. Віцебскі гранулітавы масіў знаходзіцца на паўночным усходзе краіны, вылучаны паводле геафізічных даных.

Цэнтральнабеларуская (Смалявіцка-Драгічынска) гранітагнейсавая зона цягнецца праз цэнтральную частку Беларусі ў паўночна-ўсходнім напрамку больш чым на 600 км ад мяжы Усходне-Еўрапейскай і Заходне-Еўрапейскай платформ да шыраты Полацка. Яе шырыня 60—110 км. Усходне-Літоўская (Інчукалнская) гранітагнейсавая зона размешчана пераважна на тэрыторыі Літвы і Латвіі, толькі невялікая яе частка заходзіць на крайні захад Беларусі.

Осніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны, цягнецца паралельна Цэнтральнабеларускай гранітагнейсавай зоне ў паўночна-ўсходнім напрамку на адлегласць каля 600 км ад мяжы з Украінай да мяжы з Расіяй.

Паводле глыбіні залягання крышталічнага фундаменту на тэрыторыі Беларусі вылучаюць дадатную структуру (найбуйнейшая — Беларуская антэкліза), 4 структуры з глыбінёй фундаменту, прамежкавай паміж дадатнай і адмоўнымі структурамі (Латвійская седлавіна, Палеская седлавіна, Жлобінская седлавіна і Брагінска-Лоеўская седлавіна), 3 буйныя адмоўныя структуры (Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна і Аршанская ўпадзіна). Невялікімі ўчасткамі на тэрыторыю краіны заходзяць буйныя дадатныя структуры — Украінскі шчыт і Варонежская антэкліза і адмоўная — Балтыйская сінекліза.

Беларуская антэкліза ахоплівае цэнтральныя, заходнія і паўночна-заходнія раёны Беларусі, сумежныя тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі. Памеры каля 300x220 км. Абсалютныя адзнакі залягання фундаменту на большай частцы антэклізы не перавышаюць −500 м, найбольш прыўзнятая частка мае адзнаку 103 м. Платформавы чахол антэклізы маламагутны, складзены з познапратэразойскіх, раннепалеазойскіх, дэвонскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Ад цэнтральнай частцы масіва адыходзяць паглыбленыя структуры — Мазурскі, Вілейскі, Бабруйскі, Івацэвіцкі выступы. На поўдні антэкліза абмежаваная скідам, паўднёвей якога размешчана Брэсцкая ўпадзіна, якая пераходзіць на тэрыторыі Польшчы ў Падляшскую ўпадзіну.

Латвійская седлавіна злучае Беларускую антэклізу з Балтыйскім шчытом, мае памеры 120x95 км. На тэрыторыі Беларусі яна заходзіць сваёй паўднёвай часткай. Глыбіня залягання фундаменту на беларускай частцы седлавіны 0,4—0,6 км. У яе платформавым чахле пераважаюць дэвонскія і чацвярцічныя (антрапагенавыя) утварэнні.

Палеская седлавіна размешчана паміж Прыпяцкім прагінам і Падляска-Брэсцкай упадзінай. Яе памеры 120x95 км. Паверхня фундаменту залягае на глыбінях 0,3—1 км. Чахол седлавіны складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мезазою і кайназою. Больш важнае практычнае значэнне мае структурны нос Палескай седлавіны — Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ крышталічнага фундаменту, да якога прымеркаваны радовішчы рэдкіх металаў, будаўнічага каменю і кааліну. Выступ заходзіць далёка ў Прыпяцкі прагін. Фундамент перакрыты маламагутнай тоўшчай асадкавых парод мезазою і кайназою (у цэнтральнай частцы), верхняга пратэразою і дэвону (у краявых частках).

Жлобінская седлавіна раздзяляе Прыпяцкі прагін і Аршанскую ўпадзіну. Яе памеры 110x50 км. Фундамент залягае на глыбінях 0,4—0,7 км. У разрэзе чахла большую частку займаюць верхнепратэразойскія і дэвонскія пароды; вышэй залягаюць юрскія і больш маладыя адклады.

Брагінска-Лоеўская седлавіна знаходзіцца паміж Прыпяцкім і Дняпроўска-Данецкім прагінам, размешчаным на тэрыторыі Украіны. Яна выцягнута з паўднёвага захаду на паўночны ўсход на 100 км пры шырыні 35 км. Глыбіня залягання фундаменту 0,5—2 км, ён перакрыты дэвонскімі, каменнавугальнымі і больш маладымі адкладамі.

Прыпяцкі прагін знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі. Яго памеры 180x130 км. Паверхня фундаменту залягае на глыбінях 1,5—6 км. У разрэзе магутнага чахла пераважаюць дэвонскія і каменнавугальныя адклады. У заходняй яго частцы дэвонскія пароды залягаюць на верхнепратэразойскіх, ва ўсходняй — на крышталічным фундаменце. Вышэй адкладаў каменнавугальнага ўзросту залягаюць пароды пермскай і ўсіх сістэм мезазою і кайназою. Прагін расчлянёны глыбіннымі разломамі на шматлікія ступені, горсты, грабены, пахаваныя выступы. Па паверхні фундаменту ў складзе прагіну вылучаюць Прыпяцкі грабен і Паўночна-Прыпяцкае плячо, якое прымыкае да ўсходняй часткі грабена.

Падляска-Брэсцкая ўпадзіна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі і суседніх раёнах Польшчы. Яе памеры 140x130 км. У межах беларускай часткі паверхня крышталічнага фундаменту залягае на глыбіні 0,5—2 км. Чахол складзены пераважна з парод венду і ніжняга палеазою (кембрый, ардовік, сілур).

Аршанская ўпадзіна размешчана на паўночным усходзе Беларусі. Яе памеры 250x150 км. Глыбіня залягання фундаменту дасягае 1,8 км. У платформавым чахле пашыраны рыфейскія, вендскія і дэвонскія ўтварэнні. Паміж дэвонскай тоўшчай і чацвярцічнымі адкладамі, што залягаюць паўсюдна, месцамі прысутнічаюць маламагутныя адклады юры і мелу. Аршанская ўпадзіна складаецца з Віцебскай і Магілёўскай мульды, падзеленых Цэнтральнааршанскім горстам. Ад Магілёўскай мульды да Беларускай антэклізы распасціраецца Чэрвеньскі структурны заліў.

Балтыйская сінекліза размешчана пераважна па-за межамі Беларусі, толькі сваёй паўднёвай часткай заходзіць на крайні паўночны захад тэрыторыі краіны. У чахле беларускай часткі сінеклізы (магутнасць да 0,5 км) дамінуюць адклады кембрыю, ардовіку, сілуру.

Варонежская антэкліза заходняй часткай заходзіць на паўднёвы ўсход Беларусі. Тут ёсць адклады верхняга пратэразою, дэвону, мезазою і кайназою агульнай магутнасцю 0,5—1 км.

Будова i гісторыя развіцця крышталічнага фундаменту[правіць | правіць зыходнік]

Паводле саставу, умоў залягання і паходжання горных парод у крышталічным фундаменце Беларусі вылучаюць рэчыўныя комплексы трох тыпаў: метамарфічныя стратыфікаваныя, ультраметамарфічныя і магматычныя нестратыфікаваныя. Метамарфічныя стратыфікаваныя комплексы парод узніклі пры метамарфізме асадкавых, вулканагенна-асадкавых і вулканагенных парод, якія першапачаткова мелі пластападобнае заляганне. Яны складаюць аснову стратыграфічнага расчлянення парод фундаменту. Сярод іх вылучаны рудзьмянская тоўшча, шчучынская і кулажынская серыі (ніжні архей), азёрская, ператоцкая і юравіцкая тоўшчы (верхні архей — ніжні пратэразой), аколаўская і жыткавіцкая серыі, бялёўская світа (ніжні пратэразой). Да аколаўскай серыі прымеркавана Аколаўскае радовішча жалезных руд. Ультраметамарфічныя комплексы парод з'яўляюцца прадуктам пераўтварэння метамарфічных парод ва ўмовах павышэння тэмпературы і прытоку флюідаў, чым абумоўлена іх частковае плаўленне. Магматычныя комплексы парод утварыліся ў выніку крышталізацыі магматычных расплаваў на глыбіні ў выглядзе інтрузіўных цел, акія перарываюць пароды метамарфічных і ультраметамарфічных комплексаў.

На працягу архею (пачатак — больш за 3,9 млрд. гадоў назад) на месцы лінейнай зоны расцяжэння і інтэнсіўнага базальтавага магматызму, прымеркаванай пераважна да Беларуска-Прыбалтыйскага гранулітавага пояса, адбывалася намнажэнне базітавых, вулканагенна-асадкавых і тэрыгенных тоўшчаў, якія падвергліся складкавасці, рэгіянальнаму гранулітаваму метамарфізму, эндэрбітызацыі і чарнакітызацыі. Сфарміраваўся чарнакіт-гранулітавы мегакомплекс парод. Лакальна праявіўся гранітоідны магматызм. У выніку протаакіянічная зямная кара была пераўтворана ў кару пераходнага тыпу з маламагутным і нявытрыманым гранітным слоем. У познім археі — раннім пратэразоі (каля 2,5 млрд. г. назад), на складкавым грануліта-гнейсавым фундаменце пачалі развівацца вялікія прагіны, найбуйнейшым з якіх быў Цэнтральнабеларускі (у далейшым Цэнтральнабеларуская гранітагнейсавая зона). У гэтых прагінах намнажаліся магутныя эфузіўна-граўвакавыя і флішоідныя тоўшчы, тыповыя для пераходнай стадыі развіцця зямной кары. Яны падвергліся складкаўтварэнню і рэгіянальнаму метамарфізму. 3 гэтымі працэсамі звязана пашыранае гранітаўтварэнне. У выніку сфарміраваны гранітагнейсавы мегакомплекс, а зямная кара пераходнага тыпу ператварылася ў кантынентальную з паўсюдна развітым гранітным слоем. У другой палавіне ранняга пратэразою (1,9—1,65 млрд. гадоў назад) у выніку неаднаразовага чаргавання сціскання і расцяжэння зямной кары і адпаведнай змены гранітоіднага магматызму базальтавым быў утвораны вулканаплутанічны мегакомплекс парод з пераважаннем гранітоідаў, які развіты ў межах Осніцка-Мікашэвіцкага вулканаплутанічнага пояса.

Будова i гісторыя развіцця платформавага чахла[правіць | правіць зыходнік]

У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярзднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэрыторыю Беларусі з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. На паўднёвым усходзе і на паўночным захадзе ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матзрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўночна-ўсходняй частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэрыторыя на поўдзень ад лініі СлуцкСтаробінЖлобін стала сушай. На працягу позняга рыфею ў цэнтральнай і ўсходняй частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т.л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэрыторыя Беларусі стала сушай.

У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн г. назад) большая частка тэрыторыі Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найбольш магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і на паўночным схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (старажытных марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення.

На пачатку позняга венду (каля 620 млн гадоў назад) тэрыторыя Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены на тэрыторыі Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, галоўным месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся на тэрsnjhsb Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, паўночнага захаду Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў на тэрыторыю Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўночна-ўсходнія схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.

У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім паўночным Беларусі (схілы Беларускай антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў на паўночным захадзе краіны больш за 150 м, на паўднёвым захадзе — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.

У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэрыторыі Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанат-ныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэрыторыі Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усходнія схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т.л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фаўны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 м на схілах Беларускай антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усходніх схілаў Беларускай антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у першай палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у другой — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі на паўночным і паўднёвым усходзе Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку на У краіны сфарміраваліся дзве зоны (паўночная і паўднёвая), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усходнія і паўднёва-ўсходнія раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны галоўныя карысныя выкапні Беларусі — каменная соль, калійная соль, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсходняй частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.

Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн гадоў назад) на тэрыторыі Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т.л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону на тэрыторыі Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.

Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн гадоў назад) вядомы на тэрыторыі Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўднёвых схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтральнай частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.

Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн гадоў назад) пашыраны на паўднёвым усходзе Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і на паўднёвым захадзе (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць на паўднёвым усходзе дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, на паўднёвым захадзе — 8—50 м.

На працягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн гадоў назад) тэрыторыя Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўднёвай частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і на Беларускай антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.

Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з захаду і ўсходу. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўднёвай палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т.л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім усходзе Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.

У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн гадоў назад), пашыраных у межах паўднёвай палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. На працягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэрыторыю Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.

У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн гадоў назад) у паўднёвай частцы Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т.л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў на захадзе Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат на працягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.

Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн гадоў назад) на тэрыторыі Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м.

У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэрыторыі Беларусі, але ўплывалі на клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнава адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. На Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу.

Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя на ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей жвір і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі.

Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэрыторыю Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і іншых адкладаў магутнасцю да 20—25 м.

Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. 3 развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысловых адыходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і іншымі формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.

Гідрагеалогія[правіць | правіць зыходнік]

У рамках Беларусі вядомы артэзіянскія басейны: Прыбалтыйскі, Аршанскі, Падляска-Брэсцкі (Брэсцкі) і Прыпяцкі, вобласцю сілкавання для якіх з'яўляецца цэнтральная частка Беларускай антэклізы.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Махнач А. Геалагічная будова і гісторыя геалагічнага развіцця // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — 760 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2).
  • Геология Беларуси / А. С. Махнач, Р. Г. Гарецкий, А. В. Матвеев и др. — Мн.: Институт геологических наук НАН Беларуси, 2001. — 815 с. ISBN 986-6117-56-9
  • Гірничий енциклопедичний словник, т. 3. / За ред. В. С. Білецького. — Донецьк: Східний видавничий дім, 2004. — 752 с. ISBN 966-7804-78-X
  • Нацыянальны атлас Беларусі / Складз. і падрыхт. да друку Рэсп. унітарн. прадпрыемствам «Белкартаграфія» у 2000—2002 гг., Гал. рэдкал. М.У. Мясніковіч (старшыня) і інш. — Мн.: Белкартаграфія, 2002. — 292 с.
  • Фізічная геаграфія Беларусі: вучэб. дап. для студ. геагр. фак. / пад рэд. Б. М. Гурскага, К. К. Кудло. — Мн., 1995. 192 с.