Тэлескоп Роса

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Тэлескоп «Левіяфан»

Тэлескоп лорда Роса, тэлескоп «Левіяфан» — тэлескоп-рэфлектар, збудаваны ірландскім арыстакратам Вільямам Парсансам — лордам Росам у лютым 1845 года. Аптычная канструкцыя — сістэмы Ньютана, дыяметр галоўнага люстэрка 183 см[1].

Самы вялікі тэлескоп свайго часу, тэлескоп Роса быў знакам тэхналогіі сярэдзіны 19 ст.; згадваўся ў фантастычным рамане Жуля Верна «З гарматы на Месяц».

Будова тэлескопа, які павінен быў перасягнуць памерамі найбольшы тады ў свеце тэлескоп Гершэля, узяла надзвычай вялікую на тыя часы суму 20 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Лорд Рос не меў кваліфікаваных памочнікаў і не валодаў тэхналогіямі вырабу якасных рэфлектараў, і павінен быў ствараць ад пачатку і вытворчую, і тэхналагічную базу. У сваім двары лорд Рос збудаваў оптыка-механічныя майстэрні, і навучыў оптыцы і механіцы сваіх сялян. Майстэрні былі высокамеханізаванымі; так, шліфавальныя станкі прыводзіліся ў рух паравымі машынамі; тэхнічны ўзровень быў высокім для свайго часу.

Для галоўнага люстэрка быў выбраны бронзавы сплаў з 80 % медзі і 20 % волава, які быў надзвычай цяжкім у апрацоўванні — цвярдзейшым за сталь і крохкім як шкло, але пасля паліравання адбіваў нашмат больш святла, чым іншыя сучасныя яму металы (тэхналогій вырабу шкляных дэталяў буйнога памеру тады не існавала). Дыяметр люстэрка складаў 183 см[1], таўшчыня 15 см, фокусная адлегласць 14 м, маса 3 тоны. Люстэрка было адлітае вясной 1842, і пасля амаль 3-гадовай апрацоўкі было ўстаноўленае ў адмысловай сістэме платформ, падпорак і рычагоў, якая забяспечвала люстэрка ад выгінання пад уласнай вагой. Труба-футарал даўжынёй 18 м была зробленая з прыбалтыйскай елкі і змацаваная жалезнымі абадамі[2].

Тэлескоп быў устаноўлены паміж дзвюх высокіх каменных сценаў, якія засцерагалі яго ад ветру і служылі апорай. Ніжні канец тэлескопа, масай 15 т, абапіраўся на ўніверсальны чыгунны шарнір, а верх паварочваўся ў вертыкальнай плоскасці двума рабочымі з дапамогай сістэмы тросаў і блокаў. Магчымы зрух па азімуце не перавышаў 12 градусаў у адзін бок[3]. Пляцоўка для назіральніка была збоку ад інструмента (гл. сістэма Ньютана). Часам назіранні рабіліся па сістэме Ламаносава.

Аднак клімат Ірландыі мала падыходзіць для назіранняў: за год бывае ўсяго 60—80 ясных начэй, пераважна ўзімку. Паднімаючыся да акуляра зімняй ноччу па даволі хісткай драўлянай лесвіцы, астраном мог зваліцца і зламаць сабе шыю. Трубу было вельмі складана навесці на аб'ект, яна ў асноўным магла толькі паднімацца і апускацца, а з боку ў бок паварочвалася нязначна. Лорд Рос вывучаў і замалёўваў новыя туманнасці, яшчэ не разумеючы, што гэта цэлыя зорныя міры — галактыкі. Праўда, ён запісаў, што некаторыя з іх «падаюцца ўсеянымі зоркамі». Лорд Рос першым убачыў, што шмат якія туманнасці маюць спіральную форму.

Пасля смерці лорда ў 1867 г. назірання працягнуў яго сын, але ён звычайна аддаваў перавагу зручнейшым у працы тэлескопам з люстэркам дыяметрам 91 сантыметр. Унук першага ўладальніка тэлескопа не цікавіўся астраноміяй (ён быў інжынерам, вынайшаў паравую турбіну), і гігант, які заставаўся каля 75 гадоў самым буйным тэлескопам у свеце, паступова пад дзеяннем вільготнага ірландскага клімату прыйшоў у заняпад. Люстэрка пацямнела, цагляныя апорныя сцены сталі бурыцца, труба павалілася. Спадчынай лорда Роса ўжо ніхто не цікавіўся.

Аб гіганце ўспомнілі толькі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя і правялі касметычны рамонт. Нарэшце, у 1996 г. цяперашні ўладальнік маёнтка вырашыў аднавіць гэты помнік навукі і тэхнікі. Ён здолеў дамагчыся субсідыі ад дзяржавы і ад некаторых фондаў.

Аднавіць тэлескоп дапамаглі старыя малюнкі і асабліва фатаграфіі, зробленыя жонкай лорда Роса (яна была першым фотааматарам у Англіі). Малюнкі і здымкі захаваліся ў архівах замка. Усё жа без асучаснівання не абышлося: цяжкае бронзавае люстэрка, якое цалкам пацямнела, замянілі лягчэйшым, з алюмініевага сплаву. Сістэма трасоў і паліспастаў засталася, але зараз яе прыводзіць у дзеянне гідраўліка.

Урачыстае адкрыццё адноўленага тэлескопа адбылося ў верасні 2001 г., але ён усё яшчэ не працуе поўнасцю. Ініцыятары аднаўлення гавораць, што засталіся тэхнічныя праблемы. Калі іх пераадолеюць, турысты змогуць зазірнуць у акуляр тэлескопа, які не выкарыстоўваўся амаль сто гадоў — з 1908 года.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 У іншых крыніцах 200 см.
  2. Усярэдзіне яе мог свабодна прайсці чалавек з парасонам, што і зрабіў мясцовы пастар.
  3. У іншых крыніцах 15 градусаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ф. Ю. Зигель. Астрономы наблюдают. — 2-е изд., испр. и доп. — М. : Наука. Гл. ред. физ.-мат. литературы, 1985. — 192 с. : ил.