Удзельнік:Хомелка/Вікіманія 2014

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

З 6 па 8 жніўня ў горадзе Лондане праводзілася Міжнародная вікі-канферэнцыя «Вікіманія 2014», у якой я прыняла ўдзел у якасці стыпендыята Фонда Вікімедыя.

Пасля майго вяртання была праведзена вікісустрэча ў Мінску, дзе прысутныя атрымалі сувеніры з канферэнцыі і праслухалі кароткую справаздачу пра мерапрыемства.

Таксама было надрукавана інтэрв'ю са мной у выданні «Новы час»[1]. Рэзюмэ гэтага інтэрв'ю з маімі дадаткамі прыводжу ніжэй у якасці афіцыйнай справаздачы. Любыя пытанні, калі ласка, давайце на старонцы размоў гэтай справаздачы.

Справаздача[правіць | правіць зыходнік]

Гэтая Вікіманія сталася юбілейнай. Канферэнцыя праводзіцца кожны год, і кожны раз — у новым месцы. 10-я Вікіманія сабрала каля 2000 чалавек з 68 краін. Беларусь прадстаўляла я адна, таму мая місія быладастаткова адказнай і важкай.

Мерапрыемства праходзіла ў цэнтры Барбікан  (англ.), у самым сэрцы лонданскага Сіці. Арганізатары мерапрыемства добрасумленна паклапаціліся дзеля забеспячэння максімальна эфектыўнай працы і супрацы ўсіх удзельнікаў: шмат утульных памяшканняў, выдатная інтэрнэт-сувязь, камфартабельныя нумары ў гатэлі.

Прыемна заўважаць, што іншыя ўдзельнікі Вікіманіі ведаюць не толькі Беларусь, але і наш раздзел Вікіпедыі, такім чынам нашы вялікія намаганні не мінаюць дарма, а дапамагаюць рабіць беларускую культуру і мову больш папулярнымі.

Самай важнай сустрэчай канферэнцыі для мяне стаў незвычайны ланч, на які запрасілі ўсіх дзяўчат і жанчын, што прыехалі на Вікіманію. На Вікі-вімэнз-ланчы мы абменьваліся ўражаннямі наконт міжгендарных зносін, распрацаванасці каляжаночых тэматык, магутнасці разрыву паміж колькасцю мужчын і жанчын у Вікі-праектах. Было прадстаўлена грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай вызначыць, як удзел жанчын у праектах Вікімедыя ўплывае на самыя розныя аспекты супрацы: ад выбару тэм для рэдагавання да эмацыйных зносінаў паміж удзельнікамі.

Карысным і перспектыўным я лічу наладжванне сувязяў паміж Беларускай Вікіпедыяй і іншымі праектамі на славянскіх мовах. Была арганізавана спецыяльная сустрэча рэдактараў Вікіпедый Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе абмяркоўваліся агульныя для рэгіёна пытанні і праблемы. Асабіста ў мяне адбыліся цікавыя размовы з прадстаўнікамі Польскай, Рускай і Украінскай Вікіпедый.

Самы ўражальны праект, пра які я даведалася на Вікіманіі, — гэта дзіцячы лагер, зладжаны армянскімі вікіпедыстамі. Падлеткі ў ім кожны дзень па некалькі гадзін працуюць на карысць Вікіпедыі.

Два асноўных напрамкі размоў на Вікіманіі, на маю думку — гэта прыцягненне новых удзельнікаў і наладжванне супрацы з іншымі праектамі і рухамі. Крыху падрабязней пра іх ніжэй.

Адной з папулярных ідэй далучэння новых актыўных і патэнцыйных карыстальнікаў і рэдактараў цяпер з'яўляюцца пазасеціўныя праекты Вікіпедыі, напрыклад, скрынкі з запампаванай у іх Вікіпедыяй, якія могуць раздаваць Wi-Fi на кабінет у школе ці ўніверсітэце ў месцах, дзе няма выхада ў Сеціва, ці прыкладанні для мабільных тэлефонаў і смартфонаў, якія дазваляюць запампаваць актуальную версію любога раздзелу для оф-лайн працы. Другой ідэяй з'яўляецца так званая гульняфікацыя (англ.: Gamefication), калі, разумеючы, што рэсурс людзей, гатовых аддавацца працы ў Вікіпедыі сур'ёзна і шмат часу, не бясконцы, Фондам падтрымліваюцца «гульнявыя» прыкладанні, спецыяльна створаныя для «лёгкай» версіі прымання ўдзелу, калі чалавек можа нечым дапамагчы Вікіпедыі без ўключэння ў супольнасць, правілы, крыніцы і г. д.

Што тычыцца аб'яднання Вікіпедыі з паралельнымі праектамі і рухамі, якія падтрымліваюць свабодныя веды, вольныя ліцэнзіі, размеркаванае кіраванне фінансамі, інфармацыяй, людзьмі і праектамі, то тут трэба адзначыць, што Вікіпедыя ўжо пасмяхова прайшла шлях ад сайту і шматмоўнай энцыклапедыі праз сямейства праектаў да сапраўднага вікі-руху, які ў сучасным свеце ўжо мае даволі вялікі ўплыў. Асабіста мне нават цікава, чым гэта працягнецца.

На гэтым прыпынюся, але паўтару, што пытанням і цікавасцям у гэтым напрамку я буду рада, так што не саромейцеся далучыцца да размовы.

  1. Дзякуй вялікі паважанаму ўдзельніку Da voli за дапамогу ў падрыхтоўцы і апублікаванні.