Украінскі шчыт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
     1. Украінскі шчыт      2. Ковельскі выступ      3. Валына-Падольская пліта      4. Карпацкая складкавая вобласць      5. Заходне-Еўрапейская платформа      6. Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна      7. Варонежскі крышталічны масіў      8. Данецкая складкавая вобласць      9. Прычарнаморская ўпадзіна      10. Скіфская пліта      11. Крымская складкавая вобласць

Украінскі шчыт, Украінскі крышталічны шчыт, Украінскі крышталічны масіў — выступ дакембрыйскага крышталічнага фундамента на паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы.

Цягнецца ўздоўж сярэдняга і ніжняга цячэння р. Дняпро ад р. Гарынь да Азоўскага мора. Займае цэнтральную частку Украіны, невялікія тэрыторыі Беларусі і Растоўскай вобласці Расіі. Даўжыня больш за 1000 км, найбольшая шырыня каля 250 км, плошча каля 200 тыс. км².

На паўночным захадзе і поўначы абмежаваны Дняпроўска-Данецкім і Прыпяцкім грабенамі, на захадзе і поўдні паката паніжаецца і перакрываецца платформавым чахлом з палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На шчыце маламагутнае перарывістае покрыва кайназойскіх асадкавых парод. Мерыдыянальнымі зонамі глыбінных разломаў (Арэхава-Паўлаградскай, Тальноўскай, Крыварожскай і інш.) разбіты на 5 буйных блокаў: Валына-Падольскі, Белацаркоўска-Уманскі, Кіраваградскі, Прыдняпроўскі і Прыазоўскі. Разломы паўночна-заходняга і паўночна-ўсходняга распасцірання падзяляюць іх на больш дробныя глыбы. Складзены пераважна з глыбокаметамарфізаваных архейскіх парод, прарваных рознаўзроставымі гранітамі. Да мерыдыянальных зон разломаў, якія закладзены ў познім археі і актыўна развіваліся ў пратэразоі, прымеркаваны ніжнепратэразойскія ўтварэнні (гнейсы, метамарфізаваныя вулканагенна-тэрыгенныя пароды), у т.л. жалезістыя кварцыты (джэспіліты). На захадзе Прыдняпроўскага блока размешчана Крыварожская зона (у т.л. Крыварожскі жалезарудны басейн, Крамянчугская магнітная анамалія). Вулканіты і кварцыты оўруцкай серыі (верхні пратэразой) перакрываюць граніты рапаківі, якія разам з габра-анартазітамі (пач. позняга пратэразою) утвараюць буйныя плутоны — Корасценьскі і Корсунь-Наваміргарадскі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]