Уладзімір Ільіч Ленін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Уладзімір Ільіч Ульянаў (Ленін)
Уладзімір Ільіч Ульянаў (Ленін)
У. І. Ульянаў (Ленін).
Фота М. С. Напельбаўм, студзень 1918 года.[1]
сцяг
1-ы старшыня Савета народных камісараў СССР
сцяг
6 ліпеня 1923 — 21 студзеня 1924
Папярэднік: пасада заснавана
Пераемнік: Аляксей Іванавіч Рыкаў
сцяг
1-ы старшыня Савета Народных Камісараў РСФСР
сцяг
8 лістапада 1917 — 21 студзеня 1924
Папярэднік: пасада заснавана; Аляксандр Фёдаравіч Керанскі як Міністр-старшыня Часовага ўрада
Пераемнік: Аляксей Іванавіч Рыкаў
 
Партыя: РСДРПРКП(б)ВКП(б)
Адукацыя: Казанскі ўніверсітэт, Пецярбургскі ўніверсітэт
Прафесія: Юрыст
Веравызнанне: Атэіст
Нараджэнне: 22 красавіка 1870({{padleft:1870|4|0}}-{{padleft:4|2|0}}-{{padleft:22|2|0}})
Сімбірск, Расійская імперыя
Смерць: 21 студзеня 1924({{padleft:1924|4|0}}-{{padleft:1|2|0}}-{{padleft:21|2|0}}) (53 гадоў)
сядзіба Горкі, Суханаўская воласць, Падольскі павет, Маскоўская губерня, РСФСР, СССР
Пахаваны: Маўзалей Леніна, Масква
Бацька: Ілья Мікалаевіч Ульянаў
Маці: Марыя Аляксандраўна Ульянава
Жонка: Надзея Канстанцінаўна Крупская
 
Аўтограф: Аўтограф
 
Узнагароды:
Ордэн працы Харэзмскай НСР

Уладзі́мір Ільі́ч Улья́наў, больш вядомы пад псеўданімам Ле́нін (руск.: Владимир Ильич Ленин; 22 красавіка 1870 — 21 студзеня 1924) — расійскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Ульянаў нарадзіўся ў Сімбірску ў сям'і работніка сферы адукацыі. Паводле этнічнага паходжання Ульянаў меў рускія, калмыцкія, нямецкія, шведскія, яўрэйскія карані. Быў пахрышчаны ў праваслаўе.

У раннім узросце Ульянаў перажыў дзве вялікія трагедыі. Першай была смерць бацькі ў 1886 годзе.

У маі 1887 года брат Уладзіміра Ульянава — Аляксандр быў павешаны за ўдзел у арганізацыі замаху на цара Аляксандра III. Яго сястра трапіла пад дамашні арышт у маёнтку Ульянавых у вёсцы Какушкіна за 40 км ад Казані. Усё гэта радыкалізавала Леніна ад самых маладых гадоў. У савецкай ідэалагічнай міфалогіі гэты эпізод прадстаўляўся як вызначальны для будучай дзейнасці Леніна.

Уладзімір Ульянаў таксама ўцягваўся ў актыўнасць марксісцкіх груповак. За ўдзел у пратэстах ён быў выключаны з Казанскага ўніверсітэта і працягнуў навучанне самастойна, у 1891 годзе атрымаўшы ліцэнзію на адвакацкую дзейнасць. За гэты час ён вывучыў некалькі замежных моў, пераклаў на рускую мову Маніфест Камуністычнай партыі. Таксама Ленін стаў аўтарам некалькіх тэарэтычных прац па філасофіі марксізму.

арыштанцкі фотаздымак Леніна

Пэўны час Ульянаў працаваў у Самары. У 1893 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе ўсё больш і больш актыўна займаўся рэвалюцыйнай прапагандай і тэарэтызаваннямі на марксысцкія тэмы. 7 снежня 1895 года У. Ульянаў быў арыштаваны і зняволены на 14 месяцаў, пасля чаго сасланы ў вёску Шушанскае ў Сібіры.

У ліпені 1898 года У. Ульянаў ажаніўся з Н. Крупскай, таксама сацыялісткай. У красавіку 1899 года ён апублікаваў сваю кнігу «Развіццё капіталізму ў Расіі». У 1900 годзе тэрмін ссылкі скончыўся і У. Ульянаў пачаў шмат вандраваць па Расіі і замежжы. Пэўны час ён жыў у Цюрыху, Жэневе, Мюнхене, Празе, Вене, Манчэстэры і Лондане. Ульянаў актыўна займаўся публіцыстыкай, прыкладна ў гэты час ён упершыню выкарыстаў псеўданім «Ленін».

Ленін быў актыўным сябрам Расійскай Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). У 1903 годзе пасля расколу партыі, які быў часткова інспіраваны ленінавым памфлетам «Што рабіць?», ён узначаліў фракцыю бальшавікоў.

У 1906 годзе Ленін абраны ў прэзідыум РСДРП. У 1907 годзе ён для бяспекі пераехаў у Фінляндыю, працягваў шмат вандраваць і ўдзельнічаць у агульнаеўрапейскіх сходках «левых».

1914—1917 гг.[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Першай Сусветнай вайны адбыўся раскол еўрапейскіх левых з-за таго, што некаторыя марксісцкія партыі (у прыватнасці, у Германіі) актыўна падтрымалі свае ўрады ў вайне.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі і адрачэння ад прастола цара Мікалая II, Леніну, які ў той час знаходзіўся ў ізаляванай вайною Швейцарыі, было трэба тэрмінова вярнуцца ў Расію. Зацікаўлены ў дэстабілізацыі свайго ворага — Расіі, нямецкі ўрад дазволіў Леніну на цягніку праехаць праз усю Германію, а пасля караблём пераехаць у Швецыю, а адтуль пры дапамозе шведскіх камуністаў — у Петраград.

16 красавіка 1917 года Ленін прыбыў у сталіцу Расіі і ўзначаліў бальшавіцкія сілы апублікаваўшы свае Красавіцкія тэзы, дзе заклікаў да бязлітаснай барацьбы супраць расійскага часовага ўрада. Часовы ўрад абвясціў Леніна агентам Германіі.

Ленін на трыбуне. З фотаздымку была выразаная частка, на якой быў бачны Леў Троцкі

Пасля паразы бальшавіцкага паўстання ў ліпені, Ленін зноў збег у Фінляндыю, дзе выдаў сваю працу «Дзяржава і рэвалюцыя», у якой на базе цытат і ўласных інтэрпрэтацый прац Маркса і Энгельса заклікаў да стварэння формы кіравання грамадствам на аснове рабочых і сялянскіх рад («саветаў»).

У кастрычніку Ленін вярнуўся ў Петраград і ўзначаліў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Падзенне Зімовага палаца ў ноч з 7 на 8 лістапада адзначыла сабой пачатак больш як 70-гадовага савецкага рэжыму ў Расіі.

На чале савецкай дзяржавы[правіць | правіць зыходнік]

8 лістапада 1917 года Ленін быў абраны старшынёй Савета народных дэпутатаў. Бальшавіцкі ўрад абвясціў планы па электрыфікацыі Расіі, пераадоленню дыскрымінацыі жанчын і масавай непісьменнасці.

Адной з першых задач савецкага ўрада было сканчэнне вайны. Пэўная частка бальшавіцкіх кіраўнікоў (Бухарын) выступала за працяг вайны супраць Германіі, хтосьці (Троцкі) выступаў за канцэпцыю «ані міра, ані вайны»: спыненне баявых дзеянняў і вяртанне ўсіх захопленых тэрыторый. Аднак, Ленін настаяў на падпісанні Брэсцкай мірнага дагавору, паводле якой Расія выходзіла з вайны і губляла буйныя тэрыторыі на Захадзе. Падпісанне гэтага міру дадала аргументаў тым, хто абвінавачваў бальшавікоў у прадстаўленні нямецкіх інтарэсаў.

На выбарах ва Устаноўчы сход Расіі большасць атрымалі правыя эсэры і цэнтрысты, неўзабаве Устаноўчы сход быў разагнаны, гэтым пачалося актыўнае гвалтоўнае выцісканне альтэрнатыўных бальшавікам сіл з палітычнай арэны.

Бальшавікі сфарміравалі кааліцыйны ўрад з Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Аднак, урад распаўся пасля таго, як эсэры не падтрымалі Брэсцкі мірны дагавор і далучыліся да апазіцыі бальшавікам. Бальшавікі распачалі масавыя рэпрэсіі, для чаго, у прыватнасці, была створана ЧК.

Уладзімір Ленін і Іосіф Сталін у 1919 годзе.

Замах[правіць | правіць зыходнік]

14 студзеня 1918 года пасля публічнага выступу на Леніна быў здзейснены першы замах. 30 жніўня 1918 года Фані Каплан, член партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, зрабіла другі замах на Леніна, цяжка яго параніла. Ленін аправіўся пасля ранаў, але яго здароўе было моцна падарвана.

Грамадзянская вайна ў Расіі[правіць | правіць зыходнік]

Па ўсёй Расіі пачалі разгортвацца актыўныя баявыя дзеянні паміж бальшавіцкай Чырвонай арміяй і Белай арміяй, што складалася з усіх праціўнікаў бальшавікоў ад эсэраў да манархістаў.

У адказ на масавую антыбальшавіцкую барацьбу, «чырвоныя» пачалі серыю масавых рэпрэсій, вядомую як Чырвоны тэрор. Дзясяткі тысяч сапраўдных ці імаверных ворагаў бальшавіцкага рэжыму былі расстраляныя альбо адпраўленыя ў канцэнтрацыйныя лагеры. Акрамя таго, у сельскіх рэгіёнах пачала разгортвацца палітыка Ваеннага камунізму, пры якой у сялян гвалтоўна канфіскоўвалася харчаванне, быдла, пры чым людзі часта пакідаліся на галодную смерць. Ленін быў галоўным інспіратарам тэрарыстычнай палітыкі чырвонага ўрада.

Не гледзячы на падтрымку белага руху з замежжа, «чырвоным» удалося перамагчы ў крывавай грамадзянскай вайне.

Ленінская знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 1919 года Ленін стаў ініцыятарам стварэння так званага Камуністычнага інтэрнацыяналу, праз заснаванне якога бальшавікі і іх прыхільнікі ў замежжы адмежаваліся ад агульнага сацыялістычнага руху.

Поспехі Чырвонай арміі ў барацьбе супраць белых натхнілі Леніна на абвяшчэнне канчатковай мэтай бальшавікоў «экспарт рэвалюцыі» і ўсталяванне сусветнага камуністычнага панавання. Найперш бальшавікі вырашылі ўсталяваць кантроль над Польшчаай, якая здолела аднавіць незалежнасць, каб злучыцца з сваімі прыхільнікамі ў Германіі.

Ленін дэклараваў сваю прыхільнасць да нацыянальнай аўтаноміі і абвяшчаў канец нацыянальнага прыгнёту і наданне нацыянальнай незалежнасці прыгнечаным нацыям. На самой справе, гэта не перашкодзіла бальшавікам захапіць і далучыць да сябе беларускую, украінскую і многія іншыя дзяржавы.

Апошні фотаздымак Леніна

НЭП[правіць | правіць зыходнік]

Голад, благое эканамічнае становішча і масавая незадаволенасць, выкліканыя бальшавіцкай палітыкай «Ваеннага камунізму» і грамадзянскай вайной, прымусіла ленінскі ўрад у 1921 годзе да пераходу да «Новае эканамічнай палітыкі», пры якой дазваляліся пэўныя элементы рыначнай эканомікі. НЭП насіла хутчэй тактычны характар вымушанага адходу ад сацыялістычных прынцыпаў і была неўзабаве згорнутая Сталіным.

Канец жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Здароўе Леніна было моцна падарвана рэвалюцыяй і замахамі на яго жыццё. Медыцынскія тэхналогіі таго часу не дазвалялі выцягнуць кулю з яго шыі. У маі 1922 года Ленін меў першы ўдар, ён стаў напалову паралізаваны і не змог больш выконваць свае абавязкі па кіраванні краінай. У снежні 1922 года адбыўся другі ўдар, і Ленін цалкам адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Трэці ўдар Ленін меў у сакавіку 1923 года, пасля чаго да канца жыцця застаўся нямым і цалкам паралізаваным.

Пасля першага ўдару Ленін паспеў надыктаваць сваёй жонцы палітычны тастамент, у якім сярод іншага жорстка крытыкаваў кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, у тым ліку Сталіна, які займаў пасаду генеральнага сакратара ВКП з красавіку 1922 года. Ідэі Леніна былі зачытаныя на з'ездзе ВКП, але крытыкаванае кіраўніцтва заявіла пра неадэкватнасць Леніна.

Ленін памёр 21 студзеня 1924 года. Неўзабаве пасля смерці з'явілася версія пра сіфіліс як адну з прычын яго дрэннага здароўя. Версія знайшла пацвярджэнне пасля падзення камуністычнага рэжыму.

Пасля смерці[правіць | правіць зыходнік]

Hammer and sickle.svg

Праз тры дні пасля смерці Леніна, горад Петраград быў перайменаваны ў яго гонар у Ленінград. З цела Уладзіміра Ульянава былі выняты вантробы, яно было забальзамавана і выстаўлена на сталы паказ у пабудаваным на Чырвонай плошчы маўзалеі, дзе знаходзіцца і сёння.

стылізаваная выява Леніна

Культ Леніна стаў цэнтрам камуністычнай міфалогіі. За гады камуністычнага рэжыму імем Леніна былі названы дзясяткі гарадоў, вуліц, прадпрыемстваў па ўсім СССР і краінах сацыялістычнага блоку. Амаль у кожным населеным пункце СССР быў помнік Леніну, цэнтральная вуліца і плошча былі названыя ў гонар Леніна. Плынь марксізму, заснаваная Ленінам, атрымала найменне «Марксізм-ленінізм», існавалі цэлыя інстытуты вывучэння ленінскай ідэалогіі, пры тым, што самі працы Леніна жорстка цэнзураваліся.

Пасля падзення камунізму, ва Усходняй Еўропе большасць помнікаў Леніну былі знішчаны, вуліцы перайменаваны. Аднак, на постсавецкай прасторы дагэтуль шмат ленінскіх помнікаў і назваў. Ленінград быў у 1991 годзе перайменаваны назад у Санкт-Пецярбург, аднак Ленінградская вобласць і горад Ульянаўск (колішні Сімбірск) захавалі свае савецкія назвы.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Збор твораў у 12 т. / Пад. рэд. П. В. Горына і інш. (1929—1934).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антонович, И. И. От февраля к октябрю и дальше [Текст] : (к 90-летию Февральской революции в России) / И. И. Антонович // Социология : научно-теоретический журнал. — 2007. — № 2. — С. 3-7. ББК 63.3(2)535
  • Белявцев В. И., В. И. Ленин и Белоруссия. — Мн.: «БЕЛАРУСЬ», 1978. ББК 66.69(4Беи)
  • Костягина В. М. Жизнь Владимира Ильича Ленина: Вопросы и ответы. — Ульяновск: изд-во "Корпорация технологий продвижения, 2012 ISBN 978-5-94655-193-9
  • Краус Т. Ленин. Социально-теоретическая реконструкция. — М.: Наука, 2011. ISBN 978-5-02-037559-8
  • Сопельняк Б. Н. Три покушения на Ленина. — М.: Молодая гвардия, 2005. ISBN 5-235-02852-X

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]



  1. Леў Левінсон Вехі і лёсы фатографа і яго герояў Да 140-годдзя з дня нараджэння М. С. Напельбаўма