Уладзімір Георгіевіч Мулявін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Георгіевіч Мулявін
Уладзімір Мулявін — заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага фальклорнага гурта «Песняры».
Уладзімір Мулявін — заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага фальклорнага гурта «Песняры».
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 12 студзеня 1941(1941-01-12)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 студзеня 2003(2003-01-26) (62 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Жонка Святлана Аляксандраўна Пенкіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі спявак, гітарыст, кампазітар, акцёр, музыкант
Пеўчы голас тэнар
Інструменты гітара і вакал[d]
Жанры фолк-рок
Калектыў Песняры
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
ордэн Францыска Скарыны медаль Францыска Скарыны
народны артыст СССР Народны артыст Беларускай ССР Заслужаны артыст Беларускай ССР Заслужаны дзеяч культуры Польшчы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзі́мір Гео́ргіевіч Муля́він (12 студзеня 1941, Свярдлоўск — 26 студзеня 2003, Масква) — беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст Беларусі (1979), Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1980), народны артыст СССР (1990), заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 12 студзеня 1941 года ў Свярдлоўску. Маці — Акуліна Сяргееўна Палычава, бацька — Георгій Арсенцьевіч Мулявін, абодва працавалі на заводзе «Уралмаш». Бацька пакінуў сям’ю, калі Уладзіміру было 3 гады. У дзіцячым узросце пачаў захапляцца музыкай і 12-гадовым пачаў граць на гітары.

У 1956 годзе — пасля школы паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча, на аддзяленне струнных народных інструментаў. Быў выключаны з вучылішча за захапленне джазам, неўзабаве прыняты назад, але кінуў па ўласным жаданні. У 1959 годзе пазнаёміўся і ў 1960 годзе ажаніўся з Л. Крамальскай. У 1957—1963 гадах працаваў музыкантам у розных абласных філармоніях Урала і Сібіры.

У 1963 годзе прыехаў на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію разам з Л. Крамальскай. У 1964—1967 гадах служыў у 2-ой (музычнай) роце 34 палка 120-й дывізіі ва Уруччы (паблізу Мінска), потым — у Ансамблі Беларускай ваеннай акругі. У музычнай роце ў складзе інструментальнага ансамбля акампаніраваў вакальнаму квартэту, створанаму у вайсковай часці Валерыем Яшкіным, і ўпершыню заспяваў у ім.

Пасля сканчэння службы ў войску вярнуўся ў Беларускую дзяржаўную філармонію, пры якой у 1968 годзе стварыў вакальна-інструментальны ансамбль «Лявоны». У 1970 годзе ансамбль пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна змяніў назву на «Песняры» і пад ёю перамог на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве.

У 1976 ансамбль «Песняры» пад кіраўніцтвам У. Мулявіна гастраляваў у ЗША разам з амерыканскай кантры-групай «Нью Крысці Мінстрэлс».

За значны ўнёсак у развіццё беларускага эстраднага мастацтва ў 2001 годзе ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

14 мая 2002 года Уладзімір Мулявін трапіў у аўтакатастрофу. Праз 8 месяцаў, 26 студзеня 2003 года, памёр у Маскве ў шпіталі імя Бурдэнкі.

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У яго творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак беларускіх народных песень, якія вызначылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вакальны цыкл «Я не паэта…» (1981) і песенна-інструментальная кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я. Купалы, музычны спектакль «На ўвесь голас» на словы У. Маякоўскага (1988), песенна-інструментальныя кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я. Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы беларускіх і расійскіх паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М. Багдановіча (1991), вакальная кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю. Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драматычных спектакляў і кінафільмаў.

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

У 1960 годзе ажаніўся з Лідзіяй Кармальскай (працавала на сцэне ў жанры мастацкага свісту). У 1961 годзе ў іх нарадзілася дачка Марына, а ў 1975 годзе — сын Уладзімір (памёр у 2006 годзе), у 1975 годзе шлюб з Л. Кармальскай быў скасаваны.

Другі раз ажаніўся са Святланай Канстанцінаўнай Слізскай. У 1976 годзе ў іх нарадзілася дачка Вольга.

У 1981 годзе развёўся са С. Слізскай і ажаніўся з актрысай Святланай Пенкінай. У 1982 годзе ў іх нарадзіўся сын Валерый.

Старэйшы брат Уладзіміра Мулявіна — Валерый — загінуў на гастролях у Ялце ў 1973 годзе, малодшая сястра Наталля памерла ў Мінску ў 1998 годзе.

Узнагароды і прэміі[правіць | правіць зыходнік]

  • Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1970)
  • Лаўрэат фестывалю песні «Залаты леў» (Лейпцыг, 1973)
  • Лаўрэат 2-га фестывалю палітычнай песні (Хельсінкі, 1978)
  • Галоўны прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982)
  • Медаль Францыска Скарыны (1994).
  • Ордэн Францыска Скарыны (2001).
  • 21 студзеня 2001 года ў Маскве на Алеі зорак закладзеная зорка ў гонар Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры».

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У гонар Уладзіміра Мулявіна ў Мінску названы бульвар, там сама ўсталяваны яму помнік (скульптар А. Каструкоў, архітэктар С. Федчанка).

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Віталь Артыст, франтмен гурта «Без Билета», у 2011 годзе назваў Мулявіна «касманаўтам №1 у беларускай музыцы»[1].

Зноскі

  1. Климов, Олег. Притяжение Земли (руск.). СБ. Беларусь сегодня (12 красавіка 2011). Архівавана з першакрыніцы 17 сакавіка 2020. Праверана 17 сакавіка 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Загародні Г. М. Муля́він Уладзімір Георгіевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 24. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
  • Галоўка С. Спрадвечны напеў Песняра // Беларуская думка. № 1. 2016.
  • Мулявина М., Брилон О. Владимир Мулявин и Лидия Кармальская. Недосказанное… — Мн.: Альтиора-Форте, 2016. — 456 с.
  • Мулявин Владимир Георгиевич // Современное искусство Республики Беларусь: справочник персоналий / Сост. В. П. Прокопцова, Л. А. Густова-Рунцо, Т. Н. Бабич и др. — Мн.: БГУКИ, 2018. — С. 270. — 452 с. — 50 экз. — ISBN 978-985-522-195-2. (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]