Уладзімір Дудзіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Дудзіцкі
Уладзімір Ермалаевіч Гуцька
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Уладзімір Дудзіцкі
Дата нараджэння 8 студзеня 1911(1911-01-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 1976
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці калумніст, перакладчык, пісьменнік, паэт
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у

Уладзімір Дудзіцкі, сапр. Уладзімір Ермалаевіч Гуцька (27 снежня 1910 (8 студзеня 1911), в. Дудзічы, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер у Пухавіцкім раёне, Мінская вобласць — пасля 1976) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і[1]. У 1927 годзе пераехаў у Мінск. Скончыў 22-ю мінскую сямігодку (1930), паступіў у МБПТ. Разам з С. Астрэйкам, Л. Калюгам, С. Русаковічам быў выключаны з «воўчым білетам» як «нацдэм». Пры дапамозе Л. Калюгі і У. Хадыкі ўладкаваўся на работу стыльрэдактарам у газету «Савецкая Беларусь». Пазней працаваў стыльрэдактарам у выдавецтве БелАН; адначасова займаўся на падрыхтоўчых курсах пры БДУ. Паступіў на літаратурна-лінгвістычны факультэт МВПІ. Арыштаваны ДПУ БССР 23 лютага 1933 года. Асуджаны 10 жніўня 1933 года як «член контр­рэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 3 гадоў ППК[2]. Пакаранне адбываў у Новасібірску, Марыінску, Казахстане, Узбекістане. Пасля дазволу вярнуцца ў Беларусь жыў у Віцебску. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры; экстэрнам здаў экзамены за курс педінстытута. У 1939 годзе звольнены з педагагічнай работы рашэннем Віцебскага абкама КП(б)Б. Вымушаны пакінуць Віцебск, а потым і Беларусь. Хаваўся ў Расіі. Напярэдадні вайны вярнуўся ў Беларусь.[3]

Падчас нямецкай акупацыі жыў у Мінску, Барысаве[3]. Займаўся культурнай дзейнасцю, працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы (1941—1942), пазней — кіраўнік Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы[4]. Увайшоў у склад БЦР, узначаліў аддзел прапаганды Беларускай Краёвай Абароны[4]. Падчас вайны маці У. Дудзіцкага забілі савецкія партызаны[1]. Летам 1944 года выехаў у Германію. Далучыўся да Камітэта вызвалення народаў Расіі генерала А. Уласава і ўзначаліў прапаганду фарміравання беларускіх аддзелаў пры арміі Уласава; скончыў курсы прапагандыстаў, працаваў у арганізацыі «Вінета»[4]. Служыў у Міністэрстве прапаганды[3].

Пасля капітуляцыі Германіі жыў у Зальцбургу (Аўстрыя)[4], у амерыканскай акупацыйнай зоне. Затым перасяліўся ў Венесуэлу, дзе заснаваў Беларускі камітэт[3][4]. Падтрымліваў сувязі з беларусамі, пісьменнікамі-эмігрантамі ў ЗША[5]. Вёў актыўную перапіску з Ю. Віцьбічам[5]. У 1950 — пачатку 1960-х гадах галоўны рэдактар беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. З 1961 года ў ЗША. Некаторы час жыў у Нью-Ёрку, пазней перабраўся ў Індыяну, дзе выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана. Неўзабаве вярнуўся ў Венесуэлу.

Сляды У. Дудзіцкага, не толькі цікавага і таленавітага чалавека, але і пітка ды лавеласа, губляюцца ў канцы 1970-х гадоў.[1] Паводле ўспамінаў яго жонкі Веры[3], магчыма, ён не вытрымаў цяжкай настальгіі, выехаў у 1972 годзе на Радзіму і знік у Савецкім Саюзе[5].[3] Яніна Каханоўская[Заўв. 1], лічыла, што паэт з Венесуэлы выехаў у Аргенціну, дзе было шмат прасавецкіх эмігрантаў, там напіўся і, нецвярозы, быў вывезены ў СССР[1]. Паводле меркавання Лявона Юрэвіча, У. Дудзіцкі мог кінуць жонку і дзяцей для чарговага кахання і чарговай краіны[1].

Рэабілітаваны па справе 1933 года (№ 14618-с, захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956 года.[2]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Першы складзены У. Дудзіцкім зборнік вершаў «Песні і думы» знік у 1933 годзе пасля яго арышту ДПУ і, мусіць, быў там спалены[1]. Дэбютаваў у друку ў 1937 годзе[3]. Другі зборнік паэзіі, «Напярэймы жаданням», быў складзены У. Дудзіцкім на пачатку 1940-х, але не быў выдадзены з-за вайны[1]. Актыўна выступаў з вершамі, паэмамі, артыкуламі ў друку на акупаванай тэрыторыі падчас 2-й сусветнай вайны[3]. У вайну склаў 2 зборнікі вершаў, але яны не выйшлі[1]. Затым вершы, паэмы, проза, пераклады У. Дудзіцкага друкаваліся ў многіх эміграцыйных выданнях[5]. У 1948 годзе ў лісце да Ю. Віцьбіча У. Дзудзіцкі паведамляў, што падрыхтаваў да друку зборнікі «Хвалі» і «Да блізкіх і далёкіх», а ў 1953 годзе пісаў пра зборнік «Журботныя струны», аднак і гэтыя зборнікі не выйшлі[1]. Толькі ў 1994 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку выдаў зборнік спадчыны У. Дудзіцкага «Напярэймы жаданням». У зборнік увайшлі вершы, паэмы («Клятва духу», «Звер двухногі», «Маіх уяў ружовых ранак», «Сцені»), пераклады, проза, публіцыстычныя артыкулы, успаміны[5].

Творчасць У. Дудзіцкага цалкам пабудавана на нацыянальнай тэматыцы, увасоблена ў традыцыйных і літаратурных вобразах. Асноўныя тэмы — лёс радзімы, яе гісторыя, прырода, мова, туга па родных людзях. Стыль твораў вылучаецца ўнутраным драматызмам, перажытасцю матэрыялу, афарыстычнасцю фразы. У. Дудзіцкі тонкі і глыбока-эмацыянальны лірык, яго паэзіі ўласціва трагедыйна-настальгічная афарбаванасць. Паэмы У. Дудзіцкага — новая, цікавая з'ява ў беларускай літаратуры XX ст., у іх па-новаму выяўлены суадносіны сацыяльных эмоцый і індывідуальных перажыванняў, зусім па-новаму раскрываецца паняцце нацыянальнага патрыятызму.[5]

У. Дзудзіцкі ведаў іспанскаую, англійскую, нямецкую мовы[5]. Займаўся перакладамі.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія беларускай эміграцыі. — Мн., 1992.
  • Напярэймы жаданьням = Striving toward desire: збор. — Нью-Ёрк, 1994. — XXIX, 312 с. (175 паэтычных, 5 празаічных твораў, 6 перакладаў)
  • У кн.: А часу больш, чым вечнасць: Літаратура беларускага замежжа. 1995. (26 вершаў і ўрывак з паэмы «Маіх уяў ружовых ранкі»).
  • У кн.: Архіўная кніга. — Нью-Ёрк, 1997.
  • У кн.: Краса і сіла. 2003.
  • У кн.: Эквівалент: зборнік эміграцыйнай гістарычнай прозы. 2005. (проза)
  • У кн.: кніга беларускіх мемуараў на эміграцыі; «Бібліятэка Бацькаўшчыны», 2005. (проза)
  • Творы / Укладанне, прадмова і бібліяграфічны каментарый Л. Юрэвіча. — Мн.: Лімарыус, 2010. (206 вершаваных, 10 прозаічных твораў, 6 перакладаў)

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Пляменніца Антона Луцкевіча, бабка Данчыка.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 6. — Мінск, 1998.
  • Літаратурны рух на эміграцыі. / Уклад. Юрэвіч Л.. — Мн.: БГА, 2002.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991: Энцыклапедычны даведнік. У 10 т. (15 кн.) / Уклад. Маракоў Л. У.. — Смаленск, 2003. — Т. 1. — ISBN 985-6374-04-9.
    • Сачанка Б. З малавядомага і забытага // ЛіМ. 1991, 28 чэрв.;
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991: Энцыклапедычны даведнік. У 10 т. (15 кн.) / Уклад. Маракоў Л. У.. — Мн, 2005. — Т. 3. — ISBN 985-6374-04-9.
  • Савік Л. Напярэймы жаданням // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. Мн., 2001.
  • Сідарэвіч А. Жыццё і ліра Уладзіміра Дудзіцкага: Рэцэнзія на кнігу «Напярэймы жаданням» // Рэцэнзіі: Наша ніва — Эл.рэсурс nashaniva.by. 11:43, 24 ліст. 2010.
  • Юрэвіч Л. Невыноснае дзіця беларускай эміграцыі [скарочаны тэкст прадмовы да выдання твораў Уладзіміра Дудзіцкага («Лімарыус», 2010)] // Новы Час online [Эл.рэсурс], 11.02.2019.