Уладзімір Сымонавіч Базан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Сымонавіч Базан
Дата нараджэння 7 красавіка 1956(1956-04-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 3 сакавіка 1997(1997-03-03) (40 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці мастак
Альма-матар

Уладзімір Сымонавіч Базан (7 красавіка 1956, Мінск — 3 сакавіка 1997, Брэст) — дзеяч беларускага адраджэнскага руху, мастак творчай суполкі «Пагоня», калекцыянер, выдавец і палітык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Базан нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Атрымаў адукацыю мастака-жывапісца і педагога. Па размеркаванні прыехаў на працу ў Брэст, дзе жыў да сваёй заўчаснай смерці. Як мастак выканаў на Берасцейшчыне шэраг манументальна-дэкаратыўных прац у тэхніцы мазаіка, роспіс, зграфіта і інш., тэма якіх — адраджэнне нацыянальна-гістарычнай спадчыны беларускага народа.

Калі ў Беларусі пачаўся адраджэнскі рух, яшчэ падчас вучобы ў Мінску належаў да беларускіх моладзевых суполак, у Брэсце адным з першых уступіў у брэсцкую грамадска-культурную сябрыну «Край», якая ў канцы 1980-х праводзіла актыўную нацыянальна-асветніцкую дзейнасць у горадзе.

Быў удзельнікам Устаноўчага З’езду БНФ «Адраджэнне» ад Брэста, стаў адным з стваральнікаў структур БНФ у Брэсце і вобласці. Ад 1991 да 1997 гадоў (да моманту сваёй смерці) быў нязменным кіраўніком (старшынёй) Брэсцкай абласной Рады БНФ і членам Сойма БНФ. Балатаваўся ў беларускі парламант і мясцовыя органы ўлады.

У 1989 разам з аднадумцамі наладзіў выпуск (тады яшчэ паўлегальна) незалежнай беларускай газеты «Шлях» Берасцейшчыны. Пасля яе афіцыйнай рэгістрацыі з’яўляўся выдаўцом (дырэктарам) выдавецтва «Шлях».

Уладзімір Базан з’яўляўся вядомым у Беларусі калекцыянерам, спецыялістам па бонах і краязнаўцам, намаганнямі якога быў прыняты сучасны герб Брэста. Шэраг яго навуковых публікацый па дапаможных гістарычных дысцыплінах — па баністыцы змешчаны ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6-ці т.).

Як грамадска-актыўны чалавек стаў заснавальнікам шэрагу беларускіх грамадскіх арганізацый: ГА «Стары горад» у Брэсце, Рэспубліканскі Фонд падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Л. Сапегі, творчай суполкі мастакоў «Пагоня» і інш.

Уладзімір Базан стаў заснавальнікам грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце, спрычыніўся да выпуску ў Брэсце грэка-каталіцкай газеты «Царква».

Раптоўна захварэў адразу пасля канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года і заўчасна памёр у Брэсце ва ўзросце 40 гадоў 3 сакавіка 1997 года. Пахаваны на радзіме продкаў на Случчыне ў в. Вярхуціна Старадарожскага раёна.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]