Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
| Уладзімір Караткевіч | |||
| Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч | |||
| Дата нараджэння: | |||
|---|---|---|---|
| Месца нараджэння: | |||
| Дата смерці: | |||
| Месца смерці: | |||
| Грамадзянства: | |||
| Род дзейнасці: | |||
| Гады творчасці: | |||
| Кірунак: |
гістарычная проза, паэзія, драматургія |
||
| Узнагароды: |
|
||
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (26 лістапада 1930, Орша Віцебскай вобласці — 25 ліпеня 1984) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Выяўляў асаблівую прыхільнасць да гістарычнай тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі.[1]
Змест |
Біяграфічныя звесткі [правіць]
Нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы ў сям'і інтэлегентаў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 вярнуўся ў Оршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949—1954 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954—1956), у Оршы (1956—1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве. З 1962 г. жыў у Мінску. Уваходзіў у Саюз пісьменнікаў СССР з 1957 г.
Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1983) за раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна) за раман «Чорны замак Альшанскі».
Творчасць [правіць]
Свае першыя вершы Уладзімір Караткевіч апублікаваў у 1951 (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955 верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).
У першы празаічны зборнік У. Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1961) увайшлі гістарычныя аповесці «Сівая легенда» (паводле якой ён стварыў лібрэта да оперы Дз. Смольскага) і «Цыганскі кароль». Аўтар зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Чазенія» (1970), «Вока тайфуна» (1974), «З вякоў мінулых» (1978), раманаў «Каласы пад сярпом тваім» (1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972), «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», 1982), «Чорны замак Альшанскі» (увайшлі аднайменны раман і аповесць «Зброя»), (1983), аповесці «У снягах драмае вясна» (1989). Для дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).
Для прозы Караткевіча характэрны вострая фабула, яркія характары, пастаноўка сацыяльна значных праблем. Распрацоўваў пераважна гістарычную тэматыку (паўстанне 1863-1864 і інш.). Многія героі яго твораў вабяць сваёй прыгажосцю і багаццем унутранага свету, маральнасцю, высакароднасцю ўчынкаў, самаахвярным служэннем Бацькаўшчыне. Паэзіі ўласціва яркая вобразнасць, асацыятыўнасць мыслення, глыбіня філасофскага роздуму.
Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (пастаўлена на тэлебачанні ў 1959), «Званы Віцебска» (1977, пастаўлена ў 1974), «Кастусь Каліноўскі» (1980, пастаўлена ў 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (апублікавана і пастаўлена ў 1982), «Маці ўрагану» (1985, пастаўлена ў 1988; аднайменны мастацкі фільм — рэжысёр Ю.Марухін, 1990). У 1988 г. выйшаў зборнік п'ес «Старыя беларускія хронікі». Напісаў сцэнарыі кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», з В.Бычковым, 1967), «Чырвоны агат» (1973), «Дзікае паляванне караля Стаха» (з В.Рубінчыкам, 1979), «Чорны замак Альшанскі» (з М.Пташуком, 1984). На тэлебачанні і радыё па яго творах пастаўлены шэраг спектаклей. Па лібрэта Караткевіча пастаўлена ў Беларускім тэатры оперы і балета опера «Сівая легенда» (кампазітар Д.Смольскі, 1978), а паводле яго аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» — аднайменная опера (кампазітар У.Солтан, 1989).
Уладзімір Караткевіч выступаў таксама як публіцыст і крытык. Напісаў нарыс «Зямля пад белымі крыламі» (1977, першае выданне — на ўкраінскай мове, Кіеў, 1972), эсэ «Мсціслаў — Мстиславль» (1985), эсэ, артыкулы пра Ф.Скарыну, Т.Шаўчэнку, Лесю Украінку, М.Агінскага, Я.Купалу, М.Багдановіча, М.Шолахава, Я.Брыля, У.Калесніка, М.Лужаніна, Р.Барадуліна, В.Зуёнка, А.Наўроцкага, Я.Сіпакова. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1980) і Збор твораў у 8 тамах (1987—1991).
Творчасці У. Караткевіча ўласцівы філасофскія роздумы пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на Зямлі, пра лёс беларускага народа ў яго трагічным і адначасова светлым, аптымістычным вымярэнні, вострая сацыяльная накіраванасць і грамадзянская страснасць, вернасць ідэалам гуманізму, дабра і справядлівасці, узнёслая рамантычнасць, паэтычнасць. У яго творчай спадчыне захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў.
Працаваў як перакладчык. На беларускую мову пераклаў драму М.Карэма «У ноч зацьмення Месяца» (пастаўлена ў 1972), аповесць Э.Гашпаравай «Цяжка быць мустангам» (1981), паасобныя творы Дж. Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, Я.Судрабкална, Б.Мацкявічуса і інш.
Па яго творах пастаўлены мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі. У Беларускім тэатры оперы і балета створаны оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1989, кампазітар У. Солтан).
Творы Уладзіміра Караткевіча перакладзены на многія мовы свету.
Грамадская дзейнасць [правіць]
Пісьменнік выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У 1970-я г. быў удзельнікам навуковых экспедыцый «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, вёў на Беларускім тэлебачанні праграму «Спадчына».
Па словах міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, У. Караткевіч даў беларусам разуменне таго, што беларускі народ мае багатую гісторыю, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай гісторыі[2].
Літаратура [правіць]
- Андраюк С. На рамантычнай хвалі // Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;
- Брыль Я. Наш Караткевіч // Брыль Я. На сцежцы — дзеці. Мн., 1988;
- Быкаў В. Рыцар чалавечага духу // ЛіМ. 1984. 27 ліп.;
- Быкаў В. Яркае і самабытнае дараванне // Зб.тв. Мн., 1994. Т. 6;
- Верабей А. Жывая повязь часоў. Мн., 1985;
- Верабей А. Абуджаная памяць: нарыс жыцця i творчасцi Уладзiмiра Караткевiча / А. Л. Верабей. — Мн., 1997. — 256 с.;
- Калеснік У. Братанне з Караткевічам; Неспакойны Пегас; Кантэкст несмяротнасці // Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
- Кісялёў Г. Пісьменнік і яго героі // Кісёлёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;
- Ліс А. Годна, з любасцю // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;
- Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950 — 1960-я гг. Мн., 1995;
- Мальдзіс А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: партрэт пісьменніка і чалавека / А. І. Мальдзіс. — Мн., 1990. — 230 с.;
- Марціновіч Д. «Донжуанскі спіс» Караткевіча: Літаратуразнаўчыя даследаванні і артыкулы. — Мн.: Выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2012. — 114 с. (Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Серыя «Мінскія маладыя галасы»).
- Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1997. Вып. 5;
- Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 2000. — Кн. 2. — С. 424—430.
- Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць / А. У. Русецкі. — Мн., 2000. −300 с.;
- Сямёнава А. Стагоддзяў срэбны звон // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
- Тычына М. Паглыбленне гістарызму ў сучаснай гістарычнай прозе // Жураўлёў В., Тычына М. Магчымасці рэалізму. Мн., 1982;
- Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв'ю, эсэ / уклад. Г. В. Шаблінскай. — Мн., 2005. — 518 с. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).
- Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы / Уклад.: А. Верабей, М. Мінзер, С. Панізнік. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2010.
- Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
- Штэйнер І. Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…: паэзія У. Караткевіча і класічныя традыцыі / І. Ф. Штэйнер. — Мн., 2008. — 120 с.
- Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4. Кадэты — Ляшчэня / Беларус Энцыкл.; Рэдкал.; Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 111—112.
- Яршоў І. Зямля Караткевіча / І. Яршоў, В. Сіднякова. — Орша, 1997. — 238 с.
Бібліяграфія [правіць]
Раманы [правіць]
- Леаніды ня вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) (1980—82, выдадзены ў 1982)
- Каласы пад сярпом тваім (1962—64, выдадзены ў 1965)
- Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1965—66, выдадзены на беларускай мове ў 1972)
- Чорны замак Альшанскі (1979)
Аповесці [правіць]
- Дзікае паляванне караля Стаха (1950, 1958, выдадзеная ў 1964)
- У снягах драмае вясна (1957, выдадзеная ў 1989)
- Цыганскі кароль (1958, выдадзеная ў 1961)
- Сівая легенда (1960, выдадзеная ў 1961)
- Зброя (1964, выдадзеная ў 1981)
- Ладдзя Роспачы (1964, выдадзеная на беларускай мове ў 1978)
- Чазенія (1966, выдадзеная ў 1967)
- Лісце каштанаў (1973)
- Крыж Аняліна (няскончаная, выдадзеная ў 1988)
Экранізацыі [правіць]
Мастацкія фільмы [правіць]
- Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1967)
- Дзікае паляванне караля Стаха (1979)
- Чорны замак Альшанскі (1984)
- Сівая легенда (1991)
Дакументальныя фільмы [правіць]
Ушанаванне памяці [правіць]
У Оршы, Кіеве[2] і Віцебску Уладзіміру Караткевічу пастаўлены помнікі. Яго імя прысвоена адной з школ у Оршы, у якой адкрыты літаратурны музей У.Караткевіча. У Мінску на доме, дзе жыў пісьменнік у апошнія гады, усталявана мемарыяльная дошка. Паводле плану, зацверджанага былым міністрам культуры Паўлам Латушкам, у Мінску на працягу 2010—2011 гадоў будзе ўзведзены помнік Караткевічу[3].
Зноскі
Спасылкі [правіць]
- Сайт «Быў. Ёсць. Буду.» Біяграфія, творы, фота, крытычныя артыкулы.
- Старонка Уладзімір Караткевіч на Facebook
- Кароткая біяграфія Беларускія пісьменнікі (1917—1990). Даведнік.
- Творчы шлях Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік.
- Выбраныя творы Уладзіміра Караткевіча на Беларускай Палічцы
- Творы Караткевіча на e-Reading (fb2, txt, html)
- У. Караткевіч. Малюнкі. Арыгіналы. 1960-я гады
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіту
- Нарадзіліся 26 лістапада
- Нарадзіліся ў 1930 годзе
- Памерлі 25 ліпеня
- Памерлі ў 1984 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў
- Нарадзіліся ў Оршы
- Крытыкі Беларусі
- Крытыкі паводле алфавіту
- Беларускамоўныя паэты
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Драматургі Беларусі
- Сцэнарысты Беларусі
- Паэты Беларусі
- Паэты СССР
- Перакладчыкі Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі СССР
- Публіцысты Беларусі
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска