Уранаметрыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тытульны ліст «Уранаметрыі». З Бібліятэкі Ваенна-марской абсерваторыі ЗША

«Уранаметрыя» (лац.: Uranometria) — атлас зорнага неба, складзены Іаганам Баерам. Быў упершыню апублікаваны ў Аўгсбургу (Германія) ў 1603 годзе з поўнай назвай Uranometria: omnium asterismorum continens schemata, nova methodo delineata, aereis laminis expressa (прыкладна, бел.: Уранаметрыя, укладзеная з схемамі ўсіх сузор’яў, нарысаваных паводле новага метаду і выяўленых гравіроўкай на медзяных пласцінах). Само слова «Уранаметрыя» паходзіла ад Ураніі, музы астраноміі, а таксама грэчаскага слова uranos oυρανός, якое азначала неба або нябёсы. Літаральна «Уранаметрыя» перакладаецца як «вымярэнне неба» (параўнайце з «геаметрыяй» — «вымярэнне зямлі»).

Уранаметрыя была першым атласам, які апісваў усю нябесную сферу. Арыгінальнае выданне ўтрымлівала 51 старонку: яны былі выкананыя гравіроўкай на медзяных пласцінах. На першых 48 старонках былі выяўленыя 48 сузор'яў Пталемея, на 49-й — 12 новых сузор'яў на далёкім поўдні, пра якія Пталемей не мог ведаць. Апошнія дзве старонкі змяшчалі планісферы пад загалоўкамі лац.: Synopsis coeli superioris borea і Synopsis coeli inferioris austrina («Агляд паўночнага паўшар'я» і «Агляд паўднёвага паўшар'я»).

Ва «Уранаметрыі» ўпершыню былі прынятыя абазначэнні паводле літар грэчаскага алфавіту. Гэтыя абазначэнні, вядомыя як абазначэнні Баера, выкарыстоўваюцца і сёння. Баерам былі прапанаваныя і новыя сузор'і, якія ўваходзяць у склад 88 сучасных сузор'яў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]