Урачыстасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Урачыстасць (лац.: Solemnitas) — найвышэйшая ступень царкоўнага свята ў заходніх літургічных абрадах Каталіцкай царквы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Слова «solemnitas» заўсёды выкарыстоўвалася на Захадзе для абазначэння вялікага царкоўнага свята, аднак да сярэдзіны ХХ стагоддзя не з'яўлялася літургічным тэрмінам[1]. У 1969 годзе пасля Другога Ватыканскага сабору літургічная рэформа змяніла складаную сістэму святаў, якая існавала ў лацінскім абрадзе з канца XVI стагоддзя, на сістэму, дзе ўсе дні літургічнага года мелі адну з чатырох катэгорый:

  • Будні дзень (feria). У гэты дзень не ўшаноўваюцца святыя альбо падзеі з жыцця Ісуса Хрыста, але ў паасобных краінах могуць адзначацца ўспаміны святых, што шануюцца тым ці іншым народам ці групай вернікаў.
  • Успамін (memoria). Падчас набажэнства ўзгадваецца постаць таго ці іншага святога. Успамін можа быць абавязковы (memoria obligatoris) і неабавязковы, факультатыўны (memoria ad libitum).
  • Свята (festum). У дні святаў узгадваюцца найбольш істотныя постаці хрысціянскай веры і важныя падзеі з жыцця Ісуса Хрыста і святых, а набажэнства мае асаблівыя элементы.
  • Урачыстасць (solemnitas). Найбольш значныя святы літургічнага году.

Асаблівасці святкавання[правіць | правіць зыходнік]

Святкаванне ўрачыстасці мае шэраг адрозненняў у парадку правядзення набажэнстваў. У адрозненне ад іншых літургічных дзён, святкаванне ўрачыстасці пачынаецца не з поўначы, а з вечара папярэдняга дня. Яно адкрываецца нешпарамі, некаторыя ўрачыстасці маюць таксама паслядоўнасці вігілійных імшаў, якія служацца вечарам напярэдадні асноўнага дня свята[2]. Імша з урачыстасці мае тры біблійныя чытанні, спеў гімна Gloria, а таксама сімвал веры. Калі ўрачыстасць прыпадае на пятніцу, гэты дзень не з'яўляецца днём пакаяння і посту[3]. Дзве найвялікшыя ўрачыстасці літургічнага году, Нараджэнне Пана і Вялікдзень, святкуюцца з актавай, гэта значыць на працягу васьмі дзён пасля дня свята. Галоўнае свята Каталіцкай царквы, Пасха, завецца ўрачыстасцю ўрачыстасцяў.

У цяперашні час лічба ўрачыстасцяў у агульным рымскім календары складае 17. Акрамя таго, Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў асобнай краіны ці ўлада манаскага закону мае права дадаткова надаць статус урачыстасці дню ўспаміну асабліва шанаванага ў краіне святога. Таксама статус урачыстасці ў кожнай святыні атрымлівае гадавіна яе пасвячэння і тытулярнае свята дадзенай святыні[1].

Спіс урачыстасцяў агульнага календара[правіць | правіць зыходнік]

Дзень Свята
1 студзеня Святой Багародзіцы Марыі
6 студзеня Аб'яўленне Пана
19 сакавіка Св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі
25 сакавіка Звеставанне Пана
Сакавік—красавік Вялікдзень
40-ы дзень пасля Вялікадня Унебаўшэсце Пана
50-ы дзень пасля Вялікадня Пяцідзесятніца
Нядзеля пасля Пяцідзесятніцы Найсвяцейшай Тройцы
Чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Езуса Хрыста
Пятніца на 8 дзень пасля ўрачыстасці Цела і Крыві Пана Найсвяцейшага Сэрца Езуса
24 чэрвеня Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля
29 чэрвеня Св. Пятра і Паўла, апосталаў
15 жніўня Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
1 лістапада Усіх святых
Апошняя нядзеля звычайнага перыяду Хрыста, Валадара Сусвету
8 снежня Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі
25 снежня Нараджэнне Пана

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Торжество» // Католическая энциклопедия. Т.4. Изд. францисканцев, М.2011. Ст. 1411—1412