Курапаты
Мемарыяльны парк Курапа́ты — урочышча, лясны масіў пад Мінскам, на поўнач - паўночны захад ад мікрараёна "Зялёны Луг", ля знешняга боку Мінскай кальцавой аўтадарогі, на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна.
Курапаты — месца масавых расстрэлаў у 1937-41 гг.
У красавіку-маі 1988 у лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасці З. Пазняка і грамадскай арганізаці «Мартыралог Беларусі». У чэрвені 1988 створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах. У працэсе расследавання, як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсіраванных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га размешчана 510 пахаванняў, з якіх у ходзе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзенне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых. У ходзе расследавання правяралася інфармацыя Мінскага гарадскога клуба гістарычных ведаў аб тым, што ў Курапатах ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду, у тым ліку яўрэі, дэпартаваныя з краін Заходняй Еўропы, аднак гэтыя звесткі не былі пацверджаныя.
Вядома, што ў Курапатах пахавана прыкладна ад 7 (Алег Бажэлка) да 30 (Тарнаўскі) тысяч чалавек (асобныя палітыкі і гісторыкі гавораць аб 100 і нават 250 тысячах чалавек).
Ва ўшанаванне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мемарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі. З 1993 ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Літаратура[правіць]
- Курапаты // ЭГБ, Т. 4. - Мн.: БелЭН, 1997. - С. 313.
- Курапаты — Kurapaty. Арт., навук. справаздача, фотаздымкі. - Мн., 1994.
- Курапаты. - Нью-Ёрк, 1993.
- Пазьняк З. Сапраўднае аблічча. - Мн., 1992.
У Сеціве[правіць]
- Курапаты — месца масавых расстрэлаў у 1937-1941 гг.
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Курапаты