Урук

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Урук — старажытны горад-дзяржава ў Шумеры (шумерскае Унуг, біблейскае Эрэх, грэч. Архоя), на яго месцы сучасны пасёлак Варка (за 65 км на паўночны захад ад г. Насірыя ў Іраку).

У XXVIII ст. да н.э. вядомы паўлегендарны правіцель Урука Гільгамеш. Пад гегемоніяй Урука ў XXVIII — XXVII ст. да н.э. аб'яднаны гарады-дзяржавы Паўднёвага Двухрэчча. Пры цару Лугальзагісі ў XXIV ст. да н.э. Урук — сталіца Шумера. Заваяваны ў XXIV ст. да н.э. Сарганам Старажытным і ўвайшоў у склад яго дзяржавы. У канцы XXII ст. да н.э. яго цар Утухегаль стварыў у Двухрэччы аб'яднанае «царства Шумера і Акада». Урук заставаўся важным горадам да канца I тыс. да н.э. У VIII-II ст. да н.э. — аўтаномны храмавы горад у складзе вавілонскага, потым ахеменідскага і селеўкідскага царстваў. Разбураны Сасанідамі ў III ст. н.э.

3 пач. ХХ ст. вядуцца сістэматычныя раскопкі. Да першых вядомых культавых будынкаў адносіцца так званы Белы храм ва Уруку (кан. IV тыс. да н. э.), які захаваўся ў руінах. Ён складаўся з двух частак — гліняных тэрасы і платформы, дзе знаходзілася свяцілішча. На іх можна было ўзысці па лесвіцах, выкладзеных з пліт вапняку. Вонкавыя паверхні платформы і фасады свяцілішча аформлены плоскімі лапаткамі. Дзякуючы вялікім памерам, афарбоўцы сцен у белы колер храмавы комплекс вылучаўся сярод радавой гарадской забудовы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Урук // БЭ ў 18 т. Т. 16. — Мн.: БелЭн, 2003.
  • Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4