Усяслаў Брачыславіч
Усясла́ў Брачысла́віч, Усяслаў Полацкі (~1029 — 14 (21) красавіка 1101) — князь полацкі, вялікі князь кіеўскі. Сын Брачыслава Ізяславіча, унук Рагнеды, праўнук Рагвалода. Самы легендарны князь Русі, сучаснікамі лічыўся амаль што вяшчуном і нават яго нарадженне прыпісвалася звышнатуральным сілам. Гады яго валадарання ў Полацкай зямлі з'яўляюцца часам яе найвялікшага ўздыму і тэрытарыяльнага пашырэння.
|
Мянушка «Чарадзей» [правіць]
Мянушка «Чарадзей», або падобная па сэнсе, не згадваецца ў крыніцах, з'яўляецца новатворам часоў беларускага Адраджэння (кан. 19 — пач. 20 ст.)
Жыццяпіс [правіць]
Пачатковы перыяд [правіць]
Час нараджэння Усяслава невядомы, але па акалічнасцях яго жыцця і згодна быліне аб Валхве Усяславічы прынята лічыць годам нараджэння 1029. Сеў на полацкі сталец верагодна пасля смерці бацькі Брачыслава Ізяславіча (1044). Пачатковая яго дзейнасць не асветлена ў крыніцах, але гледзячы па Слове пра паход Ігараў яна была бурнай і вядомай ўсёй Русі. Вядомы спявак Баян складаў пра яго песні. Пры ім у Полацку пабудаваны Сафійскі сабор (1055). Першы раз згадваееца ў крыніцах у 1060 годзе, калі разам з Яраславічамі ўдзельнічаў у паспяховым паходзе супраць торкаў. У гэты час відаць прытрымліваўся бацькавай палітыкі — саюза з Кіевам.
Вайна з Яраславічамі [правіць]
Аднак, у 1065 Усяслаў разарваўшы гэты саюз напаў на Пскоў, разбіў на раке Чарасе ідучага яму на дапамогу наўгародскага князя, а пасля захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Матывы дзеянняў Усяслава дасюль спрэчныя, некаторыя даследчыкі лічаць іх звычайным рабаўніцтвам, іншыя — адказам на тэрытарыяльныя спрэчкі. Магчыма, дзеянні Усяслава былі справакаваныя паходам Ізяслава на сакальцаў (стар.-руск. сосолы) — эстаў у Ніжнім Падзвінні і абкладанне іх данінай, а таксама іншымі падобнымі дзеяннямі Яраславічаў, якія не трапілі на старонкі крыніц[1].
У адказ на разрабаванне Ноўгарада, тры браты Яраславічы пайшлі супраць Усяслава, але чамусьці не на Полацк, а на Мінск — аб гэтым таксама існуе некалькі розных меркаванняў даследчыкаў. Усяслаў ці то выйшаў супраць іх да Мінска, ці то наадварот прарываўся аднекуль з поўдня да Полацка — войскі сышліся на рацэ Нямізе і тыдзень стаялі і ў глыбокім снезе адно супраць другога. Нарэшце Усяслаў пачаў атаку, адбылася бітва на Нямізе — адна з буйнейшых і крывавых міжусобных бітваў Русі, шмат воінаў загінула з абодвух бакоў. У выніку Усяслаў ці то быў разбіты і збег у Полацк, ці то здолеў прарвацца да Полацка скрозь войскі Яраславічаў, але апошнія не гналіся за ім, а пачалі рабаваць паўднёвую частку Полацкай зямлі.
Праз 4 месяцы пасля бітвы Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж на тым, што не зробяць яму благога. Усяслаў каля сутокі ракі Аршыцы, разам з двума сынамі ў чоўне пераплыў Дняпро, для перамоў з Яраславічамі, якія парушылі цалаванне крыжа — схапілі Усяслава з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму — «поруб».
Княжанне ў Кіеве [правіць]
Усяслаў прабыў у зняволенні больш за 14 месяцаў. Да часоў, калі на Кіеўскую зямлю напалі полаўцы, якія разбілі войска Яраславічаў. Кіяўляне патрабавалі ад Яраславічаў коней і зброю, каб самім ісці супраць полаўцаў, таксама кіяўляне абвінавачвалі ў паразе княскіх ваяводаў і патрабавалі каб вызвалілі Усяслава, які па іх меркаванню быў вельмі дасведчаны ў вайсковай справе і каб ён узначаліў іх у паходзе супраць полаўцаў. Яраславічы адмовілі кіяўлянам ва ўсім і нават паслалі забіць Усяслава, але кіяўляне ўзнялі мяцеж, выпусцілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім. Яраславічы збеглі.
На вялікакняскім стальцы Усяслаў прабыў 7 месяцаў, за гэты час ён разбіў полаўцаў. Аднак у хуткім часе з'явіўся збегшы з Кіева Ізяслаў Яраславіч з дапамогай cвaйгo плямeннікa, польскага князя Баляслава Cмeлaгa. Усяслаў з кіяўлянамі пайшоў яму насустрач, але па спрэчных дасюль прычынах збег уначы ад Белгарада ў Полацк.
Астатняе жыццё [правіць]
Неўзабаве кіеўскі князь Ізяслаў выгнаў з дапамогай палякаў Усяслава з Полацка. Невядома куды Усяслаў пайшоў з Полацка, але ў 1068 годзе ён на чале водскага войска з'явіўся пад Ноўгарадам, у баі важане былі разбіты наўгародцамі, а Усяслаў трапіў у палон, яго, праўда, чамусьці амаль адразу адпусцілі. У 1071 годзе Усяслаў нечакана з'явіўся каля Полацка і заняў горад. У тым жа годзе Усяслаў пайшоў супраць Яраполка да Менска, але быў разбіты ў Галацічаска. Яшчэ два разы ён хадзіў супраць Смаленска і Ноўгарада, а пасля гэтага не згадваецца крыніцамі да самай смерці 14 красавіка 1101 года.
Нашчадкі [правіць]
Усяслаў меў 6 сыноў — Рагвалода-Барыса, Глеба, Рамана, Давыда, Расціслава, Святаслава-Георгія. Старшынство і колькасць сыноў Усяслава дыскусійныя. Так, часам называецца не 6, а 7 сыноў і нават дачкі Усяслава. Звычайна, згадка 7 сыноў звязана меркаваннем асобных даследчыкаў пра асобнае існаванне Рагвалода і Барыса Усяславічаў, але ў сучаснай гістарыяграфіі сфарміравалася меракаванне пра іх тоеснасць[2]. Існаванне дачкі Усяслава звязана з неаглядным цытаваннем гістарычных нарысаў часоў беларускага Адраджэння (пач. XX ст.) у якіх яна з'явілася вынікам павярхоўнага вывучэння крыніц, а магчыма і наўмыснай фальсіфікацыі.
Таксама даволі абгрунтавана вызначаны княжанні Усяславічаў пасля смерці бацькі. Дакладна вядома, што Рагвалод-Барыс княжыў у Полацку, а Глеб у Мінску. Рэтраспектыўна месцам княжання Давыда вызначаецца Ізяслаўль, а Святаслава — Віцебск. Расціслаў трывала, праўда пазнейшымі крыніцамі, звязаны з Вільняй. Нічога невядома толькі аб княжанні Рамана, але гіпатэтычна ім можна лічыць Друцк.[3]
Зноскі
Літаратура [правіць]
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998, − 260 с.
- Заяц Ю. А. Полоцкий князь Всеслав и Ярославичи в 1065—1066 г.: от Пскова до Белгорода // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 4. Мінск, 1994. С. 91-93.
- Леонардов Д. С. Полоцкий князь Всеслав и его время. — Полоцко-Витеб. старина, издав. Витеб. Учен. архивной комис., 1912, вып. 2, с. 121—216; 1916, вып. 3, с. 85—180;
- Ліньнікава М. Новае пра Ўсяслава Чарадзея // Спадчына № 3. 1994. С. 69.
- Семянчук Г. Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэта) // Białoruskie zeszyty historyczne. 2002. № 28. (Гл. яго ж артыкул у ARCHE (2'2004) пад той жа назвай, але дапоўнены і перапрацаваны.)
| Папярэднік |
Князь полацкі 1044 – 1101 |
Наступнік |