Фабіян Абрантовіч

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Фабіян Абрантовіч
Фабіян Абрантовіч
экзарх Харбіна
3 мая 1928 — 1939
Царква: Расійская грэкакаталіцкая царква
Пераемнік: экзарх Андрэй Цікота
 
Нараджэнне: 14 верасня 1884(1884-09-14)
Смерць: 2 студзеня 1946(1946-01-02) (61 год)
Прыняцце свяшчэннага сану: 11 лістапада 1908

Фабіян Абрантовіч (псеўданім у друку Фабіч (Fabič); 14 верасня 1884, засценак Вераскоўшчына, Навагрудскі павет — 2 студзеня 1946, Масква) — каталіцкі манах-марыянін і святар усходняга абраду, прэлат Мінскай і Пінскай капітул, архімандрыт, місіянер, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, педагог. Доктар філасофіі (Каталіцкі ўніверсітэт у Лёвене), магістр тэалогіі. Паходзіў з мяшчанскай сям'і Яна і Юліі (дзявоч. Кашыц), жыхароў Навагрудка.

Жыў у Пецярбургу (да 1912 і з 1914), Лёвене (1912—1914), Мінску (з 1918), Польшчы (да 1929 і з лета 1939), Маньчжурыі (1929—1938). У канцы верасня 1939 быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі і больш за 5 гадоў правёў у зняволенні. Памёр ад катаванняў у Бутырскай турме. Месца пахавання невядомае.

Скончыў Навагрудскае гарадское вучылішча, потым Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу[1]; пасля яе заканчэння паступіў у Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1906). Працягваў вучобу ў Каталіцкім універсітэце ў г. Лёвен (1912—1914), дзе абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі.

Пасвячоны ў святары (9.11.1908). Быў камандзіраваны Адміністратарам Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Э. Ропам у Мінск[2] (30.4.1918).

З 1926 г. — у ордэне айцоў марыянаў у Друі. Узначальваў каталіцкую місію ўсходняга абраду ў Маньчжурыі i Кітаі (1929—1938). Удзельнічаў у пасяджэннях Генеральнай капітулы марыянаў у Рыме.

У беларускім руху[правіць | правіць зыходнік]

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу; уваходзіў у культурна-асветны гурток беларусаў-клерыкаў. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў (Мінск, 24—25.5.1917), дзе выступіў з рэфератам «Справа прасьветная». Член саюза ксяндзоў-беларусаў. Разам з Л. Хвецькам заснаваў Хрысціянскую дэмакратычную злучнасць, быў адным з яе кіраўнікоў у Мінску. Шырока выступаў у беларускіх перыядычных рэлігійных выданнях («Крыніца», 1917—1920, Петраград—Мінск—Вільня; «Хрысціянская думка», 1928—1929, Вільня).

Член Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску (з верасня 1919). Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19.9.1919 прыняў у Мінску Ю. Пілсудскі. Планавалася, што ў Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме.

У педагогіцы[правіць | правіць зыходнік]

Выкладаў Закон Божы ў пецярбургскіх навучальных установах (Імператарскае вучылішча правазнаўства, Імператарскае камерцыйнае вучылішча, Кадэцкі корпус імператара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). Законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле Св. Кацярыны ў Пецярбургу (з 9.12.1910). Прафесар духоўнай каталіцкай семінарыі ў Петраградзе (1.9.1914), дзе выкладаў філасофію, сацыялогію i спевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Петраградскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце. Пазней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградскай гімназіі.

Абраны рэктарам Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі[3], пасля яе эвакуацыі ў Навагрудак і пазней у Пінск — яе выкладчык.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX ст., тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва.[1]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Гарбінскі…
  2. «Для проведения духовных треб местным католикам».
  3. Пры падтрымцы біскупа C.Лазінскага, ініцыятара яе адкрыцця.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. — Мінск-Мюнхен, 1999.