Фарнабаз II

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Фарнабаз II
Дата нараджэння: каля 435 да н.э. 
Дата смерці: пасля 373 да н.э.
Род дзейнасці: дзяржаўны і ваенны дзеяч Персідскай імперыі
Лагатып ВікіСховішча Фарнабаз II на Вікісховішчы

Фарнабаз ІI (каля 435 да н.э. — пасля 373 да н.э.) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Персідскай імперыі. З роду Фарнакідаў, адгалінавання каралеўскага роду Ахеменідаў, сын Фарнака II.

Сатрап Фрыгіі[правіць | правіць зыходнік]

Да зімы 413 да н.э./412 да н.э. змяніў бацьку на пасадзе сатрапа Фрыгіі. Больш дакладная дата невядома, бо ў 422 да н.э. яго бацька яшчэ быў сатрапам. У 413 да н.э./412 да н.э. удзельнічаў у перамовах паміж Персіяй і Спартай. У 404 да н.э. разам з Кірам Малодшым і Тысафернам захапіў грэчаскія гарады Малае Азіі. У 400 да н.э. не дазволіў грэчаскім наймітам спустошыць Фрыгію. У 399 да н.э. у Фрыгію ўварваліся спартанцы. Фаранабаз, аб'яднаўшыся з Тысафернам, разбіў грэкаў. У 397 да н.э. у Магнезіі было падпісана мірнае пагадненне, вынікам чаго было прызнанне Персіяй незалежнасці грэчаскіх гарадоў Іоніі.

Будаўніцтва Персіяй флоту стала прычынай новае вайны са Спартай. Падпісаўшы перамір'е з Тысафернам, спартанскі цар Агесілай II у 396 да н.э. напаў на Фрыгію. Каб адвабіць спартанцаў, Фарнабаз накіраваў родасца Тымакрата ў Грэцыю з мэтай узбудзіць грэкаў супраць Спарты. Нягледзячы на перашкоды і інтрыгі збоку Тысаферна і Тытраўста, які змяніў Тысаферна на пасадзе сатрапа Лідыі, Фарнабаз здолеў заключыць у 395 да н.э. дамову з афінянамі, а пасля нават захапіў усе грэчаскія гарада ў Малай Азіі апроч Абідаса і Сестаса. У 394 да н.э. спартанцы пакінулі Малую Азію, а ў 393 да н.э. Фаранабаз разам з афінскім флатаводцам Конанам захапілі абтокі Мілас і Кіферу. У 387 да н.э./386 да н.э. быў падпісаны мір са Спартай, паводле якое да Персіі адышлі грэчаскія гарады ў Малой Азіі.

Вайна з Егіптам[правіць | правіць зыходнік]

Сярэбраны статэр Фарнабаза, калі ён быў сатрапам Кілікіі

За свае дасягненні ў вайне з Грэцыяй Фарнабаз быў вельмі ўшанаваны. Ён ажаніўся з дачкой караля Артаксеркса II Апамэ, ад якой меў малодшага сына Артабаза. Пасля Фарнабаза і Тытраўста прызначалі кіраўнікамі арміі, што мусіла захапіць Егіпет, які адкалоўся ад Персіі. Сатрапам жа Фрыгіі стаў сын Фарнабаза Арыябарзан. Дзве першыя выправы на Егіпет у 385 да н.э. і 383 да н.э. не прынеслі поспехаў. У 379 да н.э. — 374 да н.э. быў сатрапам Кілікіі.

У 373 да н.э. Фарнабаз ужо як адзіны кіраўнік войска распачаў новую выправу на Егіпет, сабраўшы вялікі флот у горадзе Ака (Палесціна) і наняўшы грэчаскіх наймітаў на чале з Іфікратам. Аднак персідскае войска было спынена ля крэпасці Пелузій у дэльце Ніла і было вымушана шукаць іншае адгалінаванне Нілу, каб увайсці ў краіну. У гэты час распачаліся спрэчкі паміж Фарнабазам і Іфікратам адносна тактыкі дзеянняў. Скарыстаўшыся гэтым, егіпецкі фараон Нектанеб I здолеў умацаваць сталіцу Мемфіс. Усё гэта, а таксама разліў Нілу змусілі персаў пакінуць Егіпет. Пра далейшы лёс Фарнабаза нічога невядома.

Папярэднік:
Фарнак II Фрыгійскі
Сатрапы Фрыгіі
да 413 да н.э.387 да н.э.
Пераемнік:
Арыябарзан

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]