Фехтаванне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фехтавальны паядынак на Алімпійскіх гульнях у Афінах, 2004

Фехтаванне (ад ням. fechten — фехтаваць, змагацца) — від спорту, які аб'ядноўвае адзінаборствы з выкарыстаннем халоднай спартыўнай зброі (рапіра, шабля, шпага).

Мэта паядынку — нанясенне суперніку найбольшай колькасці ўколаў (удараў) за фіксаваны час. Паядынкі адбываюцца на спецыяльнай дарожцы 14 х 1,5—2 м. Праграмы афіцыйных спаборніцтваў уключаюць асабістыя і камандныя турніры мужчын і жанчын.

Як від адзінаборстваў узнікла ў Старажытным Егіпце (каля 3000 да н.э.). Утылітарнае фехтаванне вядома ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. 3 пач. XV ст. найбольш пашырылася ў Іспаніі, з XVII ст. у Італіі і з XVII ст. у Францыі. У нацыянальных відах фехтавання, напр., нанайскім, у якасці зброі выкарыстоўваюць шост, у грузінскім — меч са шчытом і інш.

Спартыўнае фехтаванне сфарміравалася да канца XVII ст. У 2-й пал. XIX ст. вызначаны асноўныя правілы і праграмы афіцыйных спаборніцтваў, стандарты спартыўнай зброі і ахоўнага рыштунку. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1896 (жанчыны з 1924). Чэмпіянаты Еўропы адбываюцца з 1906, свету — з 1937. Фехтаванне на шпагах уваходзіць у склад сучаснага пяцібор'я. Міжнародная федэрацыя фехтавання заснавана ў 1913 (Парыж).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Конюхава А. Фехтаванне // БЭ ў 18 т. Т. 16. Мн., 2003.