Франкскі меч з Полацка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Франкскі меч з Полацка — меч X ст. з каралінгскай майстэрні, выпадкова знойдзены ў 1956 г. у Полацку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Створаны ў X ст.каралінгскай майстэрняй у сярэднім цячэнні Рэйна.

Выпадкова знойдзены ў 1956 г. у Полацку за 2,5 км на усход ад Верхняга замка і за 100—200 м ад ракі Заходняй Дзвіны, на яе правым беразе, на глыбіне 3,5 м падчас будаўніцтва швейнай фабрыкі.

У 1965 г. меч даследаваў навуковы супрацоўнік Ленінградскага аддзялення ІА АН СССР, кандыдат гістарычных навук А. Н. Кірпічнікаў, які выканаў прарысоўку надпісу і рамеснага знака.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Створаны з жалеза і сталі з выкарыстаннем тэхнік коўкі, кузнечнай зваркі і інкрустацыі.

Даўжыня мяча складае 97,0 см. Меч з Полацка складаецца з клінка (паласы) і дзяржання, якое заканчваецца навершам і аддзяляецца ад клінка крыжавінай. Даўжыня клінка — 79,7 см; даўжыня дзяржання — 17,3 см; агульная даўжыня — 97,0 см; шырыня клінка каля перакрыжавання — 5,5 см; шырыня ў 3,0 см ад канца — 3,2 см; шырыня перакрыжавання — 10,8 см, таўшчыня — 2,0 см; шырыня стрыжня дзяржання — 1,8 см; шырыня наверша — 5,6 см.

Надпіс Ulfberht і рамесны знак на мячы з Полацка

Полацкі меч у адпаведнасці з міжнароднай класіфікацыяй Я. Петэрсана адносіцца да тыпу «V» і з’яўляецца 14-м са знойдзеных на тэрыторыі былога СССР і 5-м з надпісам Ulfberht. Надпіс выкананы замаскіраваным дротам лацінскімі літарамі на лязе мяча ў верхняй трэці дола клінка ў тэхніцы інкрустацыі. На адваротным баку ляза — рамесны знак з перакрыжаваных металічных пласцін — імянное каралінгскае кляймо.

Ульфберт (Ulfberht) — імя майстра каралінгскай майстэрні. Ёсць меркаванне, што дадзенае слова толькі першапачаткова азначала імя майстра, які праславіўся якасцю сваёй працы. Магчыма, гэты майстар быў родапачынальнікам і арганізатарам вытворчасці мячоў, і тады яго імя магло стаць сямейнай маркай і замацавацца за групай збройнікаў ці майстэрняй.

Гэтая знаходка паходзіць з месца, дзе ў сярэднявеччы, верагодна, размяшчаўся адзін з курганных могільнікаў старажытнага Полацка. Меч знойдзены на рачным шляху раннедзяржаўнага цэнтра і з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі ваеннай тэхнікі краю, а таксама сведчаннем дзяржаваўтваральных працэсаў у рэгіёне.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мн.: «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 424—425.
  • Гурин М. Ф. Кузнечное ремесло Полоцкой земли. — Мн.: Наука и техника, 1987. — С. 76-77.
  • Дробоглав Д. А. Загадки латинских клейм на мечах ІХ-XIV вв. (классификация, датировка и чтение надписей). — М.: изд. МГУ, 1984.
  • Кирпичников А. Н. Древнерусское оружие. Вып. 1. Мечи и сабли. IX—XIII вв. — М.-Л.: Наука, 1966.
  • Плавінскі М. А. Клінковая зброя Х-ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі. — Мн.: ІГ НАН Беларусі, 2006. — С. 8-12.
  • Тарасаў С. В. Полацк ІХ-XVІІ стст. Гісторыя і тапаграфія. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — С. 11.
  • Штыхов Г. В. Древний Полоцк (ІХ-ХІІІ вв.). — Мн.: Наука и техника, 1975. — С. 31.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]