Франсуа Клуэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Франсуа Клуэ (фр.: François Clouet; каля 1510, г. Тур, Францыя22 верасня 1572) — французскі жывапісец эпохі Адраджэння.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Сын і вучань Жана Клуэ Малодшага. Зазнаў уплывы Ганса Гольбейна Малодшага. 3 1540 прыдворны мастак Францыска I і яго пераемнікаў. Працаваў у Парыжы. Рабіў пераважна партрэты, таксама жанравыя кампазіцыі.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

«Жанчына купаецца» (партрэт Дыяны Пуацье), каля 1571

Творам уласцівы насычанасць каларыту, яскравасць характарыстык, якая спалучаецца з рэпрэзентатыўнасцю. Прайшоў значны шлях у распрацоўцы рэалістычнага псіхалагічнага партрэта. У яго творах можна ўбачыць уплывы работ Жана Клуэ, прыёмы пісьма італьянскіх мастакоў, асабліва тых, якія працавалі ў той час у Францыі. Але, нягледзячы на гэта, жывапісец захаваў свой індывідуальны почырк, выпрацаваў уласную манеру.

Аўтар партрэта аптэкара П. Кюта (1562), карціны «Жанчына купаецца» (каля 1571); яму прыпісваюць партрэты Генрыха II (1559), Карла IX (1561), карціну «Купанне Дыяны» (каля 1550—60) Лізаветы Аўстрыйскай (каля 1571) і іншыя партрэтныя малюнкі. У партрэтах Карла IX, Лізаветы Аўстрыйскай халаднаватая стрыманасць суседнічае з праўдзівай перадачай знешніх рыс мадэлі.

Франсуа Клуэ часта рабіў падрыхтоўчыя малюнкі для жывапісных работ. Па закончанасці і дакладнасці выяўлення натуры яны набылі цалкам самастойнае мастацкае значэнне. Увага майстра засяроджвалася на тонкай і цвярозай фіксацыі індывідуальных якасцей мадэлі. Малюнкі выконваліся алоўкам і падфарбоўваліся сангінай ці пастэллю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Клуэ // Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. Т. 8 / Рэдкал. Г.П.Пашкоў і нш. — Мн.: БелЭн, 1999. ISBN 985-11-0144-3
  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons