Фрыстайл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фрыстайл

Фрыста́йл (англ.: Freestyle skiing) — від лыжнага спорту. У склад фрыстайла ўваходзяць лыжная акрабатыка, скі-крос, могул і ньюскул скіінг. Лыжны балет — адна з дысцыплін фрыстайла, якая існавала да 1999 года, была выключаная з праграм афіцыйных спаборніцтваў. Балет складаўся са спуску па пакатым схіле пад музычнае суправаджэнне з дэманстрацыяй элементаў слізгацення, крокаў, кручэнняў, скачкоў.

Лыжная акрабатыка[правіць | правіць зыходнік]

Лыжная акрабатыка

У лыжнай акрабатыцы спартсмены з адмыслова спрафіляванага трампліна здзяйсняюць серыю з двух розных па складанасці скачкоў. Трампліны бываюць 3 відаў: вялікі (патройны) (вышыня 4,05 м, ухіл 70°); сярэдні (падвойны) (3,5 м, 65°); малы (сальтавы) (2,1 м, 55°). Гара прызямлення павінна быць пакрытая друзлым снегам. Ачкі налічаюцца за тэхніку адрыву ад трампліна, траекторыю палёту, фігуру і прызямленне. 5 суддзяў ацэньваюць фігуру (з 7 балаў), 2 суддзі ацэньваюць прызямленне (з 3 балаў). Найбольшую і найменшую адзнаку за палёт адкідаюць, пакінутыя 3 адзнакі сумуюць. З адзнакаў за прызямленне выводзяць сярэднюю адзнаку і памнажаюць яе на 3. Атрыманыя сумы за палёт (максімум — 21 бал) і прызямленне (максімум — 9 балаў), складаюць і памнажаюць на каэфіцыент складанасці элементу. Па найбольшым ліку балаў вызначаецца пераможца. На дадзены момант, неафіцыйным рэкордам з'яўляецца сума балаў — 268.7 (PETERSON Jeret (ЗША) 11.01.2007).

Могул[правіць | правіць зыходнік]

Могул — гэта спуск па грудкаватым, куп'істым схіле. Лавіруючы паміж грудамі, спартсмен увесь час паварочвае ногі з лыжамі то ў адзін, то ў іншы бок. Траса спуску ўключае два трампліны, на якіх лыжнік дэманструе скачкі. Выступ ацэньваецца па наступных крытэрах: тэхніка заваротаў, складанасць скачкоў і якасць іх выканання, а таксама час спуску.

Скі-крос[правіць | правіць зыходнік]

Скі-крос — гонка па адмысловай горналыжнай трасе, якая ўключае ў сябе снежныя перашкоды ў відзе розных трамплінаў, хваляў, і віражоў. Спаборніцтвы па скі-кросе праходзяць у два этапы. На першым этапе, у кваліфікацыі, спартсмены праходзяць трасу на час па адным. Па выніках кваліфікацыі спартсмены размяркоўваюцца па групах у чатыры чалавекі для ўдзелу ў фіналах. Фінальныя заезды праходзяць па алімпійскай схеме, з выбываннем. Перамагае той, хто прыходзіць да фінішу першым..

Слоўпстайл[правіць | правіць зыходнік]

Слоўпстайл — выкананне серыі акрабатычных скачкоў на трамплінах, пірамідах, контр- ухілах, парэнчах, размешчаных паслядоўна на працягу ўсёй трасы. Дысцыпліна ўключаная ў праграму Алімпіяды-2014 рашэннем Выканкаму МАК на паседжанні ў Дурбане (ПАР) 4 чэрвеня 2011.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]