Фёдар Андрэевіч Апацёнак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фёдар Андрэевіч Апацёнак
Дата нараджэння 1902
Месца нараджэння
Дата смерці 7 лютага 1943(1943-02-07)
Месца смерці
Род дзейнасці педагог
Месца працы
Альма-матар
Член у

Фёдар (Тодар) Андрэевіч Апацёнак (1902, Мінск — 1943) — педагог, актывіст беларускага моладзевага руху.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З сям’і рабочага. Скончыў беларускія настаўніцкія курсы (1921). У час масавых арыштаў у ССРБ ў сярэдзіне лютага 1921 г. Тодар Апацёнак быў схоплены ў студэнцкім інтэрнаце за «антысавецкую прапаганду сярод слухачоў Менскіх беларускіх педагагічных курсаў»[1]. Скончыў БДУ.

На пачатку навучальнага года, у верасні 1922 года гарадскі аддзел адукацыі накіраваў на працу ў 2-й Менскую савецкую школу 2-й ступені (былую мужчынскую казённую гімназію) ў якасці настаўнікаў малодшых класаў Я. Кіпеля і Т. Апацёнка. Сваю педагагічную чыннасць яны пачалі з пераводу выкладання школьных прадметаў на беларускую мову. У хуткім часе дырэкцыя школы, дзе заселі зацятыя русіфікатары — Уладзімір Клімантовіч, былы дырэктар гімназіі, і яго намеснік, выкладчык гісторыі Мікалай Маслаковец, — самавольна адмянілі «гэтую беларусізацыю». Настаўнікі, са свайго боку, праігнаравалі загад дырэкцыі і надалей працягвалі выкладаць па-беларуску. Адказам на гэта было іхнае звальненне. Маладыя беларускія педагогі доўгі час дамагаліся свайго аднаўлення на ранейшых пасадах. Розгалас гэтага «моўнага супрацьстаяння» дайшоў і да кіраўніцтва КП(б)Б, пасля чаго інцыдэнт быў разгледжаны на паседжанні Цэнтральнага Бюро кампартыі Беларусі. Папярэдне планавалася ўсіх удзельнікаў канфлікту выслаць за межы Рэспублікі. Але дзякуючы заступніцтву наркама асветы Усевалада Ігнатоўскага і яго намесніка Антона Баліцкага настаўнікаў ўдалося адстаяць, праўда, без права аднаўлення на ранейшым месцы працы[1].

Выкладаў на вышэйшых курсах беларусазнаўства, Менскім політэхнічным тэхнікуме, Беларускім педагагічным тэхнікуме.

Сябра Краязнаўчага таварыства БДУ, драматычнага гуртка пры «Беларускай хатцы». Адзін з кіраўнікоў Менскага маладзёвага гуртка «Беларуская хатка»[1].

Арыштаваны 25.7.1930 у Менску па справе «Саюза вызвалення Беларусі» па адрасе: вул. Стараслабадская, д. 36/2, кв. 3. Падчас пяротрусу былі знойдзены беларускі герб 1919 года і карта Беларусі 1919 гады. Гэтыя рэчдоказы былі прад’яўленыя ў якасці абвінавачвання ў нацыянальна дэмакратычнай дзейнасці. У матэрыялах справы сустракаюцца такія абвінавачванні: «Чытаў вучням вершы Я. Коласа і Я. Купалы, Далучыўся да нацдэмаўскаму руху „Беларуская хата“, стварыў контррэвалюцыйную арганізацыю „Бюро прапагандыстаў“».

Асу­джаны 25.4.1931 паводле пастановы калегіі АДПУ СССР за «антысавецкую дзейнасць» да 3 гадоў ППК. Этапаваны ў Салавецкі лагер НКУС Карэль­скай АССР, але пакаранне, хутчэй за ўсё, адбываў у Беламорска-Балтыйскім лагеры (Кем[удакладніць]).

Вярнуўся ў Беларусь. У 1938 і быў прызначаны метадыстам Упраўлення пачатковых школ, у 39-м спачатку пераведзены ў 23-ю сярэднюю школу Мінска ў якасці выкладчыка рускай мовы і літаратуры 8-10 класаў, затым прызначаны дырэктарам і старэйшым выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. 25 чэрвеня 1941 быў вызвалены па эвакуацыі з Мінска. 14 чэрвеня 1941 прызначаны дырэктарам Куйбышаўскай СШ і выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. У 1942 годзе мабілізаваны ў войска. Загінуў 7 лютага 1943 года ў баях з немцамі, пахаваны на воiнскiх могiлках у весцы Дземяхі (цяпер Бельскі раён Цвярской вобласці РФ).

Рэ­абілітаваны пракуратурай Мінскай вобласці 28.12.1989. Асабовая справа Ф. Апацёнка № 29933-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Быў жанаты, гадаваў чатырох дзяцей.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • [0 1] // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). / Укладальнік Л. У. Маракоў.
  • НАРБ, ІКР.
  • [2 3] // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). / Укладальнік Л. У. Маракоў.
  • архіў КДБ Беларусі справа № 29933-с