Фёдар Данілавіч Клімчук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фёдар Данілавіч Клімчук
Дата нараджэння 27 лютага 1935(1935-02-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 22 кастрычніка 2018(2018-10-22) (83 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці дыялектолаг, гісторык, навуковы супрацоўнік, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера дыялекталогія і гісторыя
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук (1973)
Навуковае званне
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь

Фё́дар Дані́лавіч Клімчу́к (27 лютага 1935, в. Сіманавічы, цяпер Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць — 22 кастрычніка 2018, Мінск[1]) — беларускі мовазнаўца-дыялектолаг, гісторык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 27 лютага 1935 года ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага павета Палескага ваяводства Польскай Рэспублікі (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці Беларусі) у сялянскай сям’і. З першага па трэці клас навучаўся ў Сіманавіцкай школе, чацвёрты клас наведваў у сяле Вулька Сіманавіцкая, з пятага па дзясяты клас навучаўся ў школах Драгічына. У 1952 годзе скончыў Драгічынскую сярэднюю школу № 2[2].

У тым жа годзе паступіў на гістарычны факультэт Пінскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута, які закончыў у 1954 годзе. Па заканчэнні інстытута працаваў настаўнікам у вёсцы Відзібор Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1955—1968 гадах працаваў настаўнікам у школах Драгічынскага раёна[2].

З 1964 па 1967 год завочна навучаўся на гістарычным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1957 годзе пачаў навуковую працу: збіраў дыялектны, фальклорны і этнаграфічны матэрыял. У 1962 годзе пазнаёміўся і пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам Мікітам Талстым (праўнукам Льва Талстога)[2].

У 1968 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, якую скончыў у 1971 годзе, як малодшы навуковы супрацоўнік пачаў працаваць у сектары дыялекталогіі гэтага ж інстытута. З 1981 года старшы навуковы супрацоўнік. У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся»[2].

Памёр 22 кастрычніка 2018 года на 84-м годзе жыцця пасля хваробы[1]. Пахаваны 24 кастрычніка на Заходніх могілках Мінска[3]. На надмагільным помніку з тыльнага боку змешчана выява Клімчука маладым і ягоны верш, напісаны на родным дыялекце[4].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Працуючы ў школе, пачаў запісваць дыялекты і песні родных мясцін.

Аўтар больш як 200 навуковых прац. Асноўныя кірункі навуковае дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, глотагенез, этнагенез, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Быў старшынёй грамадскага аб’яднання «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства „Загароддзе“». Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескі дыялект[5].

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У 2000 годзе ў складзе аўтарскага калектыву атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне гуманітарных і сацыяльных навук за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя працы[A][правіць | правіць зыходнік]

  • Клімчук Ф. Д. Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся: Фанетыка 4-х палесскіх гаворак: Дыс.на атрыманне вучонай ступені канд. філ. навук. — Мінск: Б.в., 1973. — 193 с.: табл.
  • Клімчук Ф. Д. Гаворкі Заходняга Палесся: Фанетычны нарыс / АН Беларус. ССР.Ін-т мовазнаўства імя Я.Коласа. — Мінск : Навука і тэхніка, 1983. — 128 с.
  • Традыцыйнае вяселле вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. — Мінск : Мэджык, 2011. — 84 с. — ISBN 978-985-6473-39-8.

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Пераклады з твораў Л. М. Талстога на гаворкі Палесся / Грамадскае аб'яднанне "Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства "Загароддзе". Мінск : Мэджык, 2011. — 310 с. — ISBN 978-985-6473-61-9.
  • Пераклады на заходнепалескую гаворку: (вёска Сіманавічы Драгічынскага раёна Берасцейскай вобласці). — Мінск : Мэджык, 2012. — 182 с. — ISBN 978-985-6473-74-9.
  • Новый Завіт: Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста / пераклад на заходнепалескую гаворку Фёдара Клімчука. — Мінск : Медысонт, 2021. — 319 с. — ISBN 978-985-7261-64-2.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Памёр Фёдар Клімчук. Наша Ніва (23 кастрычніка 2018). Праверана 23 кастрычніка 2018.
  2. а б в г Климчук Фёдор Данилович. Председатель общества «Загородье» (руск.). zagorodde.na.by (web.archive.org) (архіўная копія ад 23 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2013. Праверана 1 лістапада 2018.
  3. Фёдар Данілавіч Клімчук(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2020. Праверана 11 снежня 2020.
  4. Зірніце, які помнік паставілі на магіле мовазнаўца Хведара Клімчука
  5. «Арыентаваўся на мову дзеда». Навошта навуковец пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялект. Радыё Свабода (7 снежня 2017). Праверана 23 кастрычніка 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антропов Н.П. К юбилею Ф.Д. Климчука. Фёдор Данилович Климчук - патриот и исследователь Полесья // Живая старина. — Государственный республиканский центр русского фольклора, 2005. — В. 3. — С. 47-48. — ISSN 0204-3432.
  • Кунцэвіч Л. П. Фёдар Данілавіч Клімчук (Да 60-годдзя з дня нараджэння) // Беларуская лінгвістыка. — Навука і тэхніка, 1996. — В. 45. — С. 74.
  • Трухан Т. М. Фёдар Данілавіч Клімчук (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Беларуская лінгвістыка. — Беларуская навука, 2005. — В. 55. — С. 111-113.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]