Філістымляне
Філісты́мляне[1], філісцімляне[2] (ад стараж.-яўр. пеліштым[1] — прышэльцы, іншапляменнікі[2]) — старажытны народ, які насяляў паўднёвую частку ўсходняга ўзбярэжжа Міжземнага мора[1][2]. Мяркуюць, што філістымляне — выхадцы з Крыта або Малой Азіі[1].
Паводле Бібліі іх паходжанне выводзіцца ад нашчадкаў Хама, род якога засяляў Егіпет[2]. Упершыню згадваюцца ў егіпецкіх крыніцах 13 ст. да н. э.[1][2] у ліку плямён усходняга Міжземнамор'я, якія разбурылі Хецкае царства[2]. Яны ўварваліся ў Сірыю, Фінікію і Палесціну і ўтварылі тут рабаўладальніцкі племянны саюз умацаваных гарадоў-дзяржаў. Аселі на ўзбярэжжы сучаснай Палесціны (назва вобласці паходзіць ад назвы народу) і ўтварылі саюз рабаўладальніцкіх гарадоў-дзяржаваў[1], успрыняўшы хананейскую мову і рэлігію, філістымляне прынеслі ў гэты раён познемікенскую культуру жалеза і асіміляваліся з навакольным хананейска-ізраільскім насельніцтвам[2].
У 12—11 ст. да н. э. дамагліся гегемоніі ў Палесціне і панавалі там да ўзвышэння ў 10 ст. да н. э. Ізраільскага царства[1][2]. Часта непакоілі ізраільцян, ваявалі з імі і доўгі час прыгняталі іх, пакуль Самуіл не супакоіў іх, на працягу двух стагоддзяў філістымляне яшчэ імкнуліся вярнуць сабе пануючае становішча ў Палесціне, але сталага поспеху не мелі і неаднаразова станавіліся самі аб'ектам нападаў з боку суседніх дзяржаў[2], пакуль у 8 ст. да н.э. не былі заваяваны асірыйцамі[1][2], а ў канцы 6 ст. да н.э. — вавілонскім царом Навухаданосарам[2].
Асноўнымі іх заняткамі былі земляробства, вінаробства і жывёлагадоўля. Ад філістымлян паходзіць грэчаская назва краіны — Палесціна, у якой з часоў панавання рымскага імператара Канстанціна Вялікага (306—337) і да нашэсця арабаў (7 ст.) квітнела хрысціянская царква, а яе гарады служылі месцам знаходжання хрысціянскіх епіскапаў.[2]
Зноскі
Літаратура [правіць]
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.10. Сошна — Фут / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел.Сав.Эн., 1974. — 656 с.: іл., карты. С. 594;
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.143—144. ISBN 5-343-00151-3.