Хасэ Артэга-і-Гасет

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Хасэ Артэга-і-Гасет

Хасэ АРТЭГА-І-ГАСЕТ (9 мая 1883, Мадрыд — 8 кастрычніка 1955) — іспанскі філосаф, культуролаг; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Мадрыдскі ўніверсітэт са ступенню доктара філасофіі (1904), вучыўся ва ўніверсітэтах Лейпцыга, Берліна і Марбурга. У 1910-36 узначальваў кафедру метафізікі Мадрыдскага ўніверсітэта. У 1931-33 дэпутат рэспубліканскіх картэсаў, адзін з арганізатараў «Саюза абароны рэспублікі». 3 1936 у эміграцыі. У 1948 заснаваў у Мадрыдзе Інстытут гуманітарных навук.

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Х. Артэга-і-Гасета, працэс жыцця — гэта своеасаблівая энергія космасу, сканцэнтраваная ў пэўных рэчах і ў чалавеку ў выглядзе аўтаномнага «ідэальнага праекта»; кожны чалавек займае пэўнае месца ў гістарычнай «перспектыве», якая залежыць ад вынікаў творчай актыўнасці людзей і ў той жа час сама вызначае розныя тыпы іх светапоглядаў, ідэалаў і перакананняў («Ідэі і вераванні», 1934; «Гісторыя як сістэма», 1941). Упершыню ў заходняй філасофіі абгрунтаваў асноўныя прынцыпы канцэпцыі масавага грамадства. У такім грамадстве, на яго думку, гаспадаром жыцця становіцца «чалавек натоўпу», у культуры, мастацтве, палітыцы пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення, парушаюцца асновы законнасці, адкрываецца прамы шлях да аўтарытарызму і ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Выхад з «тупіка» масавага грамадства бачыў у захаванні такіх найважнейшых каштоўнасцей цывілізацыі, як лібералізм, палітычная дэмакратыя, парламентарызм, свабода асобы і інш., у перадачы ўлады «абранай меншасці» — духоўнай эліце, якая творыць і захоўвае культуру («Паўстанне мас», 1929-30). У эстэтычных творах («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925; «У пошуках Гётэ», 1932) сцвярджаў, што «новае мастацтва» пач. ХХ ст. вызначаецца няўхільным выцясненнем чалавечых элементаў і захаваннем толькі чыста мастацкай матэрыі, яно звяртаецца да выяўлення свету ідэй, суб'ектыўных схем, стварэння ідэальных вобразаў і даступнае толькі выбраным мастацкім натурам. Пры гэтым Х. Артэга-і-Гасет заклікаў абараняць яе ад масы, ад рэвалюцыйнага пачатку, што нясе з сабой канфлікт паміж «розумам мас» і «духам эліты».

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя творы пераклалі Сяргей Вераціла[1][2] і Анатоль Прасаловіч[3].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Obras completas, Editorial Alianza/ Revista de Occidente, Madrid. 12 volúmenes. 1946—1983. Edición de Paulino Garagorri.
  • Obras completas, Editorial Taurus, Madrid, 10 volúmenes (Santillana Ediciones Generales/Fundación José Ortega y Gasset, en coedición). El proceso de publicación ha terminado (2004—2010).

Зноскі

  1. Калі няма радасці; Ярасць; Санча Панса і Фіхтэ; Бачу Бога!: (Эсэ) // Крыніца № 9, 1990. — С. 30-32.
  2. Ад Мадрыда да Астурыі, або Два краявіды: Геаметрыя Месэты, Вясковасць: (Эсэ) // Крыніца № 3(63), 2001. — С. 156—159.
  3. Артэга-і-Гасэт Х. Дзецям Іспаніі; Касмапалітызм; Пра трамвай і эстэтыку [Эсэ] / Пер. з іспанск. А. Прасаловіч // Крыніца, № 3 (63), 2001. — С. 139—156.