Хасэ Рэнэ Ігуіта Сапата
Хасэ Рэнэ Ігуіта Сапата (ісп.: José René Higuita Zapata) — калумбійскі футбаліст, брамнік. Гулец нацыянальнай зборнай (1987—1999). Выканаўца штрафных і пенальці ў клубах і зборнай. Вынаходнік «удару скарпіёна». Забіў за кар'еру 44 мячы (37 з пенальці, 7 пры выкананні штрафных удараў).
Змест |
Ранняя біяграфія [правіць]
Рэнэ Ігуіта нарадзіўся 27 жніўня 1966 года ў бедным квартале горада Медэльін. Свайго бацькі ён ніколі не бачыў, маці неўзабаве пасля нараджэння памерла, а маленькага Хасэ выхоўвала бабуля Ганна Феліс. Матэрыяльнае становішча было настолькі цяжкім, што будучы брамнік быў вымушаны займацца продажам гародніны, паперы і іншага, каб хоць як-небудзь звадзіць канцы з канцамі.
Талент брамніка выявіўся выпадкова. Звычайна Рэнэ гуляў у сваёй школьнай камандзе на месцы форварда. У дзень, калі на юных футбалістаў прыехаў паглядзець селекцыянер каманды «Індэпэнд'ентэ» (Мэдэльін), Ігуіта заняў месца ў варотах, замяніўшы траўміраванага галкіпера. Гульня Рэнэ ўразіла спецыяліста, і з таго самага дня ен перакваліфікаваўся ў вартавога брамы.
Кар'ера [правіць]
Прафесійную спартыўную кар'еру Ігуіта пачаў у футбольным клубе «Атлетыко Нас'ёналь». Брамнік Рэнэ Ігуіта праславіўся дзякуючы выкананню штрафных удараў і пенальці. На працягу сваёй футбольнай кар'еры ён забіў 44 галы (37 з пенальці, 7 пры выкананні штрафных удараў), у 68 матчах за нацыянальную зборную Калумбіі забіў 8 мячоў. Найбольшую вядомасць Хасэ прынёс вынайдзены ім «удар скарпіёна», які ён прадэманстраваў у таварыскім матчы зборных Англіі і Калумбіі 6 верасня 1995 г. на стадыёне Уэмблі. Пасля ўдару Джэймі Рэднарпа, мяч паляцеў у вароты. Удар быў не вельмі моцным, і мяч ляцеў брамніку ў рукі. Замест таго, каб спакойна забраць яго, Ігуіта ў акрабатычным скачку адбіў яго пяткамі ног. У 2002 годзе брытанскі тэлевізійны канал 4 (Channel 4) правёў апытанне на тэму 100 Вялікіх спартыўных дасягненняў. «Удар скарпіёна» ў ім заняў 94 месца.
На полі Ігуіта вядомы сваім эксцэнтрычным стылем гульні, выхадамі за рамкі штрафной. Такія паводзіны неаднаразова падвяргалі каманду да рызыкі. Вядомы эпізод адбыўся ў 1990 годзе на чэмпіянаце свету ў Італіі ў матчы 1 / 8 фіналу супраць зборнай Камеруна. У дадатковы час пры ліку 0:1 на карысць Камеруна Ігуіта выйшаў за межы сваёй штрафной плошчы і паспрабаваў абвесці форварда афрыканцаў Ражэ Мілу. Міла адабраў мяч у брамніка і забіў гол у пустую браму, а Камерун у выніку перамог 2:1 і стаў першай у гісторыі афрыканскай камандай, якая выйшла ў 1/4 фінала чэмпіянату свету. У выніку такіх паводзін на футбольным полі СМІ і фанаты празвалі яго «El Loco» (вар'ят).
Ігуіта сябруе з Дыега Марадонай[[, гуляў у яго развітальным матчы 10 лістапада 2010 года на сустрэчы паміж зборнай Аргенціны і зборнай ўсіх зорак.
26 студзеня 2010 г адбыўся развітальны матч Рэнэ Ігуіта ў яго родным горадзе Медэльін.
Дасягненні [правіць]
Асабістыя [правіць]
- Лепшы футбаліст Паўднёвай Амерыкі: 1990
- Трэці футбаліст Паўднёвай Амерыкі па версіі «El País»: 1989, 1990
- 8-е месца ў спісе лепшых брамнікаў Паўднёвай Амерыкі XX стагоддзя па версіі IFFHS
- 3-е месца сярод брамнікаў па выніковасці — 44 галы.
Камандныя [правіць]
- Прызёр Кубка Амерыкі: 1987, 1993, 1995
- Уладальнік Кубка Лібертадорэс: 1989
- Уладальнік Міжкантынентальнага кубка: 1989
- Фіналіст Кубка Лібертадорэс: 1995
- Чэмпіён Калумбіі: 1991, 1994, 1995
Скандалы [правіць]
Ігуіта меў дачыненне да серыі скандалаў падчас сваёй спартыўнай кар'еры. У 1991 годзе ён наведаў у турме Пабла Эскабара, якога лічаць хросным бацькам Медэльінскай картэлі наркамафіі.
4 чэрвеня 1993 года ён быў арыштаваны падчас перадачы выкупу для вызвалення выкрадзенай дачкі аднаго з сяброў Пабла Эскабара. Любое дачыненне да выкрадання людзей з мэтай выкупу забаронена заканадаўствам Калумбіі, і таму Ігуіта быў прысуджаны да шасці месяцаў турмы. Гэты выпадак прымусіў яго прапусціць футбольны Кубак Амерыкі і чэмпіяната свету па футболе ў 1994годзе. «Я дзейнічаў, зыходзячы з гуманістычных меркаванняў», заявіў Ігуіта, "калі б мне калі-небудзь неабходна было яшчэ раз дапамагчы вызваліць каго-небудзь, я б зрабіў гэта без ваганняў. Я футбаліст, і нічога не ведаў пра «кіднепінг»[1].
23 лістапада 2004 г., выступаючы ў нацыянальным чэмпіянаце Эквадора, допінг-кантроль даў станоўчы вынік на наяўнасць наркотыкаў у арганізме, і футбольная федэрацыя Эквадора адхіліла Хасэ Ігуіта ад удзелу ў гульнях на 6 месяцаў.
Зноскі
У Сеціве [правіць]
- Спадчына Рэнэ Ігуіта (англ.)
- Шалёны Ігі (руск.)
- Рэнэ Ігуіта, вынаходнік удару скарпіёна (руск.)
