Храм Гроба Гасподняга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Храм Труны Гасподняй)
Славутасць
Храм Гроба Гасподняга
грэч. Ναός της Αναστάσεως
Галоўны фасад Храма Гроба Гасподняга, Іерусалім
Галоўны фасад Храма Гроба Гасподняга, Іерусалім
31°46′42,40″ пн. ш. 35°13′47,10″ у. д.HGЯO
Краіна  Ізраіль
Горад Іерусалім
Канфесія выкарыстоўваецца 6 хрысціянскімі цэрквамі
Епархія Іерусалімская праваслаўная царква і Лацінскі патрыярхат Іерусаліма
Ордэнская прыналежнасць Brotherhood of the Holy Sepulchre[d] і Order of Friars Minor[d]
Архітэктурны стыль раманскі, барока
Заснавальнік Канстанцін I Вялікі і Святая Алена
Дата заснавання XIV стагоддзе
Будаўніцтва 335 год
Асноўныя даты

быў разбураны ў 614, 1009, 1244 гадах

адбудоўваўся ў 616—626
пач. ХІ стагоддзя
1130—1147 (перабудова)
1555 (аднаўленне)
1809—1810 (частковае аднаўленне)
Матэрыял горная парода
Сайт holysepulchre.custodia.org
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Храм Гроба Гаспо́дняга (лац.: Sanctum Sepulchrum), вядомы таксама (ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі) пад назваю Храм Уваскрэсення Хрыстовага (грэч. Ναός της Αναστάσεως, Naos tis Anastaseos; араб. كنيسة القيامة‎‎, Kanīsat al-Qiyāma; арм.: Սուրբ Հարություն, Surp Harutyun) — хрысціянская царква, на месцы якой, паводле хрысціянскае традыцыі, распялі і пахавалі Ісуса Хрыста, і дзе ён потым уваскрэс.

Храм з’яўляецца мемарыялам Хрыста, тут усё звязана з яго імем. Здаўна, прынамсі з IV стагоддзя, ён з’яўляецца месцам багамолля хрысціян, тут сыходзіць жыватворны агонь на Вялікдзень.

Храм Гроба Гасподняга з’яўляецца галоўным храмам патрыярхіі Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы, а сама ўнутранасць храма падзелена на асобныя прытворы, што належаць некалькім хрысціянскім цэрквам.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Структура Храма Гроба Гасподняга

Храм Гроба Гасподняга — вялікі рэлігійны і архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе Галгофу з месцам Распяцця, даволі вялікую ратонду з вялікім купалам, пад якім непасрэдна размешчаны Кувуклія, Кафалікон або саборны Храм, які з’яўляецца кафедральным для Патрыярхаў Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы, падземны храм Здабыцця Жыватворнага Крыжа, храм святой роўнаапостальнай Алены і некалькі прытвораў. У межах Храма Гроба Гасподняга таксама размешчана некалькі дзеючых манастыроў, ён уключае рад дапаможных пабудоў і галерэй.

Пры ўваходзе ў Храм знаходзіцца камень Памазання — даўгаватая нізкая пліта, абліцаваная мармурам. Згодна з паданнем, на гэту пліту палажылі цела Ісуса, знятае з крыжа, для націрання яго, згодна з іўдзейскім звычаем, араматычнымі алеямі перад пахаваннем і тут жа загарнулі яго ў плашчаніцу.

У цэнтры храмавай залы-ратонды месціцца невялікая капліца з ружовага мармуру, збудаваная ў 1910 годзе над пячораю Гроба Гасподняга (Кувуклія). У грабніцу вядзе вузкі праход. Грабніца асветлена лампадамі, у ёй размяшчаецца мармуровае надмагілле. Памер грабніцы — 2 х 1,5 м.

Перад капліцаю — кафалікон Іерусалімскай праваслаўнай царквы. У ім, сярод іншага, месцяцца мармуровая паўсфера «мезамфалас», якая сімвалізуе «цэнтр зямлі», размешчаны ў Іерусаліме (т. зв. «пуп Зямлі»), і трон патрыярха.

У заходняй частцы да Кувукліі прыбудавана капліца Главы, якая належыць Копцкай царкве.

Пры ўваходзе ў храм, недалёка ад каменя Памазання, двое сходцаў вядуць угору — да Галгофы, месца, дзе, паводле падання, стаяў крыж, на яком быў распяты Ісус Хрыстос. Каланада дзеліць гэту прастору на дзве часткі: адна належыць Іерусалімскай праваслаўнай царкве, другая — рымска-каталіцкай.

Адзін з роспісаў у Храме Гроба Гасподняга

У глыбіні грэчаскага прытвора — распяцце над адкрытым прастолам. У падлозе пад прастолам знаходзіцца сярэбраны дыск з вечкам, які пазначае месца, куды быў устаноўлены крыж, яшчэ двума чорнымі коламі абазначаны месцы крыжоў, на якіх адначасова з Хрыстом катавалі двух злачынцаў.

Каталіцкі прытвор упрыгожаны мазаічнымі карцінамі на біблейскія сюжэты. Тут размяшчаецца алтар «Прыгвазджэнне да крыжа». Каля аднае з калон, якія раздзяляюць прытворы, ёсць скульптурная выява Прасвятой Дзевы Марыі, аздобленая золатам і каштоўнымі камянямі — яна была падаравана партугальскаю каралеваю Марыяю Набожнаю у другой палавіне XVIII стагоддзя[1].

Ступаючы галерэяй уздоўж сцяны Храма і спусціўшыся на 30 прыступак, можна трапіць у грэчаскую праваслаўную царкву Святой Алены. Гэтая царква, у сваю чаргу, вядзе да пячоры Здабыцця Крыжа. Мармуровая пліта ў пячоры пазначае месца, дзе, паводле падання, быў знойдзен крыж, на якім распялі Ісуса.

Справа ад каменя Памазання, пад Галгофаю, знаходзіцца ўваход у капліцу праайца Адама, які, згодна з паданнямі, пасля выгнання з раю жыў у Іерусаліме. Адам, згодна з легендаю, прадрок, што як Хрыстос будзе распяты, каменны падмурак Галгофы расколецца. Праз шкляное акенца ў глыбіні капліцы паказваюць расколіну, якая, як мяркуюць, утварылася ад землетрасення ў час распяцця Хрыста.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне Храма, будаўніцтва імператара Канстанціна[правіць | правіць зыходнік]

Шанаваць месца распяцця, пахавання і ўваскрэсення Ісуса Хрыста пачалі яшчэ першыя хрысціяне. Тады яно было яшчэ за гарадскою мяжою Іерусаліма. Імаверна, памяць пра гэта месца не згубілася і пасля таго, як горад быў дашчэнту зруйнаваны імператарам Цітом у 70 годзе. Згодна з паведамленнем Еўсевія Кесарыйскага, у час будаўніцтва пад кіраўніцтвам імператара Адрыяна новага рымскага горада Элія Капіталіна (135 год) на месцы пячоры Гроба быў узведзены язычніцкі храм Венеры.

Першую ж хрысціянскую царкву на месцы Гроба Гасподняга заклала Святая Алена, і будавалася яна пад кіраўніцтвам Макарыя Іерусалімскага адначасова з часткова ўцалелым Храмам Раства Хрыстовага ў Віфлееме. Акрамя ўласна Гроба Гасподняга, у склад храмавага комплекса ўвайшлі месца Галгофы і месца знаходкі Жыватворнага Крыжа. У выніку быў збудаваны комплекс пабудоў, агульны выгляд якіх вырысоўваецца пры супастаўленні археалагічных даследаванняў сучаснага збудавання з апісаннямі раннехрысціянскіх аўтараў і выяваю на мазаічнай карце з Мадабы (сярэдзіна V ст.).

План Храма ў IV ст.

Храмавы комплекс складаўся з некалькіх частак, выцягнутых з захаду на ўсход: круглага ў плане храма-маўзалея, названага Анастасіс (ад грэчаскага «Уваскрэсенне»), унутры якога знаходзілася Труна Гасподня, пад шасцігранным шатровым навесам, далей размяшчалася базіліка — Вялікая царква, павернутая алтаром у бок Анастасіса. Унутры базілікі была ўладкавана крыпта, якая паказвала месца знаходкі Крыжа. Паміж Анастасісам і базілікаю, а таксама каля ўсходняга ўвахода ў храм было зроблена перыстыльнае падвор’е. Галоўны ўваход быў з усходняга боку, з аднае з асноўных вуліц, і з поўдня, з боку гарадскога форума. Збудаванне было багата аздоблена рознымі пародамі мармуру, мазаікамі і каштоўным ліццём.

Велічны комплекс храма Уваскрэсення быў урачыста асвечаны і адкрыты ў прысутнасці імператара Канстанціна Вялікага і прадстаўнікоў вышэйшага духавенства з розных краёў 13 верасня 335 года. Гэту падзею Праваслаўная царква і дагэтуль адзначае ў гэты дзень як свята Абнаўлення Храма.

Храм у час персідскіх і арабскіх заваяванняў[правіць | правіць зыходнік]

Храмавы комплекс існаваў без істотных змен да ўзяцця ў 614 годзе Іерусаліма персідскім царом Хасровам II. Будынкі комплекса былі моцна пашкоджаны, але пад кіраўніцтвам інака Мадэста (у будучыні патрыярха іерусалімскага) за кошт імператара Іраклія і жонкі Хасрова Марыі, хрысціянкі па веравызнанню, усё зруйнаванае было адноўлена на працягу 616—626 гадоў. Пасля захопу горада іншым халіфам Умарам у 637 годзе патрыярх Сафроній, баючыся паўтарэння кровапраліцця, як пры персідскай навале, прыказаў здаць горад і храм Труны, аднак асноўныя хрысціянскія святыні Іерусаліма не былі пашкоджаны.

У 1009 годзе халіф Аль-Хакім, пад уплывам чутак і паклёпаў на хрысціян, аднаасобна парушыў негалоснае пагадненне аб рэлігійным перамір’і, устаноўленае яшчэ ў часы Сафронія і халіфа Умара, і сваёю воляю санкцыянаваў масавыя забойствы і знішчэнне хрысціянскага насельніцтва Іерусаліма і руйнаванне хрысціянскіх храмаў у горадзе і яго ваколіцах. У выніку гэтых гвалтаў базіліка была страчана беззваротна. Імператар Канстанцін VIII вытаргаваў у сына Аль-Хакіма права на аднаўленне храма (у абмен на такія ўчынкі, як адкрыццё мячэці ў Канстанцінопалі). Будаўнічыя работы працягваліся і пры праўленні імператара Канстанціна Манамаха, але па размаху і велічы значна саступалі сваім папярэднікам антычнага часу. Было ўзведзена некалькі дадатковых пабудоў на ўзор капліц. Роля галоўнай царквы была аддадзена ратондзе Уваскрэсення, якая захавалася на той час лепш за іншыя збудаванні, і ў яе ўсходняй частцы зрабілі невялікую апсіду (т. зв. «Манамахас», 1020—1037 гады).

Храм у часы крыжовых паходаў і праўлення мамелюкаў[правіць | правіць зыходнік]

На малюнку храма ў кнізе «Ілюстраваная гісторыя свету», выданай у Стакгольме ў 1882 годзе, добра відаць раманскі стыль пабудовы

У сярэдзіне XII стагоддзя крыжаносцы з размахам адбудавалі храм у велічным раманскім стылі, надаўшы Храму аблічча, па якім, у асноўным, ён вядомы і да цяперашняга часу (пазней іменна на ўзор гэтага Храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме будавалі храмы ў некаторых хрысціянскіх краінах — Італіі, Расіі). Будаўніцтва, якое апісаў храніст Вільгельм Цірскі, было завершана ў час праўлення каралевы Мелісенды Іерусалімскай узвядзеннем званіцы. Пасля ўзяцця Іерусаліма мусульманамі Салах ад-Дзін дазволіў хрысціянскае паломніцтва да храма, а ў XIII стагоддзі храмам некаторы час валодаў адлучаны ад царквы імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрых II.

Адбудованы ў 1130—1147 гадах храм Уваскрэсення зноў аб’яднаў пад адным дахам усе святыні, звязаныя са смерцю і Уваскрэсеннем Ісуса Хрыста. Крыжаносцы не сталі істотна мяняць будову заходняй часткі збудавання, круглага Анастасіса, што захаваў планаванне і ў цэлым аздабленне, якія датуюцца яшчэ часам Канстанціна Вялікага. Гэтыя часткі, уласна, можна бачыць і зараз — гэта кальцавыя апоры ратонды, аформленыя як калоны карынфскага ордара на масіўных каменных тумбах, якія паводле мясцовай традыцыі называюцца дагэтуль «слупамі Алены».

Асноўнай справай крыжаносцаў стала ўзвядзенне новай Вялікай царквы (Кафалікона), які прымкнуў да ратонды з усходняга боку. Збудаванне мела «Т»-падобнае планаванне ў форме крыжа з мноствам прытвораў. Арыгінальна ў архітэктурных адносінах была вырашана ўсходняя частка збудавання — за галоўным алтаром быў зроблен своеасаблівы абход з групаю капел. Такі архітэктурны прыём (т. зв. Дэамбулаторый) пазней быў узяты за аснову пры будаўніцтве культавых кампазіцый у сярэдневяковай еўрапейскай архітэктуры. У стылістычным афармленні інтэр’ераў і вонкавага аздаблення храма заўважаюцца элементы ранняй готыкі. Заключным акордам усяго ансамбля стала ўзвядзенне пяціяруснай званіцы са стрэльчатым завяршэннем, здзейсненае ў канцы існавання хрысціянскага каралеўства ў Палесціне (1160—1180 гады).

У 1244 годзе храм, як і горад у цэлым, пацярпелі ад набегу цюркаў-харэзмійцаў, якія амаль поўнасцю вынішчылі хрысціянскае насельніцтва[2], але ўжо праз тры гады (1247 год) самі былі выгнаныя егіпцянамі. У перыяд з 1250 па 1517 год горадам кіравалі мамелюкі, гэта стала часам пастаянных сутычак паміж імі і крыжаносцамі, якія безнадзейна дабіваліся вяртання святога для хрысціян горада, і манголамі, якія пастаянна ажыццяўлялі набегі на Іерусалім. Таксама горад не раз цярпеў ад прыродных катаклізмаў (землетрасенняў) і мору. Храм Гроба Гасподняга ў гэты час занепадае.

Храм у часы асманскага праўлення[правіць | правіць зыходнік]

У 1517 годзе Іерусалім разам з ваколіцамі трапіў пад уладу Асманскай імперыі і заставаўся пад ёю фактычна да распаду імперыі ў 1917 годзе[3].

Горад перажывае сапраўдны ўздым будаўніцтва (аднаўлення) і адноснай рэлігійнай цярпімасці пры турэцкім султане Сулеймане Велічным (15201566). У гэты час павялічваецца прыток паломнікаў у Іерусалім. Аднак разбурэнні, выкліканыя землетрасеннем 1545 года, патрабавалі аднаўленчых работ (адным з вынікаў землятрусу таксама было зніжэнне званіцы да сучаснага ўзроўню). Так, у 1555 годзе храм пачалі адбудоўваць і пашыраць, гэтым займаўся ордэн манахаў-францысканцаў; пад іх наглядам таксама была аформлена Кувуклія.

Натоўп паломнікаў перад уваходам у храм, 1898 год
План храма пасля аднаўленчых работ у пачатку XIX стагоддзя

Пасля аднаўлення Храма Гроба Гасподняга ў 1555 годзе за кантроль над ім вядзецца пастаянна барацьба паміж тымі ж францысканцамі (і ўвогуле католікамі) і праваслаўнымі, перамога ў ёй даставалася то аднаму, то другому боку і залежала ад атрымання і пацвярджэння дазволу-фірмана ад Порты. Нарэшце, у 1767 годзе міжцаркоўныя спрэчкі прыводзяць да таго, што Порта выдае фірман на супольнае валоданне храмам цэрквамі-саперніцамі, што фактычна стала асноваю для сучаснага канфесійнага становішча ў кіраванні Храмам Гроба Гасподняга. Гэта ж становішча пацверджана іншым фірманам ад 1852 года, які ўжо канчаткова вызначыў status quo тэрытарыяльнага і адміністрацыйнага падзелу святыні паміж канфесіямі.

У 1808 годзе моцны пажар значна пашкодзіў храм і стаў прычынаю падзення купала ратонды. Іменна таму ў 1809—1810 гады група работнікаў пад кіраўніцтвам архітэктара Камінаса з Метылена праводзіла аднаўленчыя работы, якія закранулі скляпенні і купал Кафалікона, надаўшы ім рысы тагачаснага асманскага барока. Інтэр’ераў пажар не зачапіў, і, такім чынам, яны засталіся такімі ж, як і пасля работ у 1555 годзе. Шэраг перабудоў на працягу XIX стагоддзя, а іменна збудаванне ў 1860-х гадах паўсферычнага купала над ратондаю з металаканструкцый, які нагадвае сваёю формаю першапачатковае завяршэнне Анастасіса часоў Канстанціна Вялікага, вызначылі канчатковы выгляд Храма Гроба Гасподняга — ён застаецца нязменным прыблізна з 1870 года. У тым жа XIX стагоддзі, акрамя Усходняй праваслаўнай, Каталіцкай і Армянскай апостальскай цэркваў, свае правы на храм заявілі прадстаўнікі Сірыйскай і Эфіопскай праваслаўных цэркваў і копты.

Храм Гроба Гасподняга ў сучаснасці[правіць | правіць зыходнік]

Крыж на купале храма

Сучасны Храм Гроба Гасподняга падзелены паміж шасцю канфесіямі хрысціянскай царквы: Грэка-праваслаўнаю, Каталіцкаю, Армянскаю, Копцкаю, Сірыйскаю і Эфіопскаю, кожнай з якіх вызначаны свае межы і гадзіны (расклад) для малітвы. Так, царква францысканцаў і Алтар гваздоў належаць каталіцкай царкве, храм роўнаапостальнай Алены і прытвор «Тры Марыі» — Армянскай апостальскай царкве, магіла св. Іосіфа Арымафейскага, алтар на заходнім баку Кувукліі — Эфіопскай / Копцкай цэрквам. Галоўныя ж святыні Храма — Галгофа, Кувуклія, Кафалікон, як і агульнае кіраванне царкоўнымі службамі, належаць Іерусалімскай Праваслаўнай Царкве.

Сучасны від верхняй часткі Храма Гроба Гасподняга з купаламі

Нярэдка такі падзел прыводзіць да непаразуменняў і нават сутычак паміж прадстаўнікамі розных канфесій. Так, летам 2002 года падзел адведзенага месца на даху Храма стаў прычынай бойкі паміж коптамі і манахамі Эфіопскай праваслаўнай царквы[4], у 2004 годзе пад час святкавання Узвіжання Крыжа Гасподняга ўзнік канфлікт паміж католікамі і праваслаўнымі[5]. Нярэдка падобныя сітуацыі ўзнікаюць пры вялікім сцячэнні народу, асабліва ў час свят, найперш Велікодных, — бойка між армянамі і грэкамі на Вербную нядзелю 2008 года[6], або ўнутрыканфесійных — пад час падрыхтоўкі ў пачатку лістапада 2008 года прадстаўнікамі Армянскай праваслаўнай царквы штогадовай святочнай цырымоніі ў гонар знаходкі ў IV стагоддзі крыжа, на якім, як яны лічаць, быў распяты Ісус, таксама адбыліся сутычкі з грэкамі-хрысціянамі[7].

У сярэдзіне XX стагоддзя планавалася істотная перабудова храма пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара Антоніа Барлуццы, аднак яе здзяйсненню перашкодзіла Другая сусветная вайна. Шырокія аднаўленчыя работы праводзіліся ў 1959 годзе. Апошняя вялікая рэстаўрацыя, у тым ліку і купала асноўнага храма, праводзілася ў перыяд 1994—1997 гадоў.

Храм Гроба Гасподняга з’яўляецца адною з самых наведваемых святынь хрысціянства і належыць да агульначалавечай спадчыны.

Цікавыя факты пра Храм Гроба Гасподняга[правіць | правіць зыходнік]

Эфіопскі манах на даху Храма, 2008 год

За сваю больш чым паўтаратысячагадовую гісторыю Храм Гроба Гасподняга «аброс» некаторымі цікавымі фактамі, у праўдзівасць якіх іншы раз нават цяжка паверыць.

  • У Велікодную Суботу ў Кувукліі Храма Гроба Гасподняга адбываецца цуд сыходжання Жыватворнага агню[8].
  • Як вядома, ні адна з канфесій, якія правяць службы ў самім храме, не кантралюе галоўнага ўваходу ў Храм. Яшчэ ў далёкім 1192 годзе Саладзін усклаў адказнасць за яго на два мусульманскія роды. Прадстаўнікам роду Джудэхаў давераны ключы ад Храма, а роду Нусейбехаў, члены якога ахоўвалі Храм з часоў праўлення Умара ў 637 годзе, — храмавыя дзверы. Цікава, што гэта традыцыя непарыўна захоўваецца і да цяперашняга часу. Двойчы на дзень член роду Джудэхаў прыносіць ключы ад дзвярэй, якія адчыняе і зачыняе член сям’і Нусейбехаў.
  • Яшчэ ў часы да пачатку дзеяння статусу кво між канфесіямі не раз бывалі сітуацыі, калі члены аднае з іх не пускалі прадстаўнікоў іншых у сярэдзіну храма, таму звычайнаю справаю было выкарыстанне разнастайных сходцаў і вяровачных лесвіц. Лічыцца, што нехта яшчэ да 1852 года прыставіў да аднаго з акон Храма драўляныя драбіны, якія захаваліся дагэтуль у тым самым становішчы, як і тады. Выявы гэтай лесвіцы можна бачыць як на зарысоўках і гравюрах стагадовай даўнасці, так і на сучасных фотаздымках.
  • Манахі Эфіопскай праваслаўнай царквы і копты, акрамя прытвора ўнутры Храма, размяшчаюцца на яго даху, уладкаваўшы там штось падобнае да пасялення.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы, спасылкі і літаратура[правіць | правіць зыходнік]