Хуан Эва Маралес
| Эва Маралес Juan Evo Morales Ayma |
||||
|
||||
|---|---|---|---|---|
| з 22 студзеня 2006 | ||||
| Папярэднік: | Эдуарда Радрыгес | |||
| Партыя: | «Рух да сацыялізму» | |||
| Веравызнанне: | каталіцызм | |||
| Нараджэнне: | 26 кастрычніка 1959 (53 года) |
|||
| Бацька: | Дыянісіа Маралес Чоке | |||
| Маці: | Марыя Мамані | |||
| Жонка: | Не жанаты | |||
Хуан Эва Маралес Айма (ісп.: Juan Evo Morales Ayma; нар. 26 кастрычніка 1959, г. Арынока, Арура) — прэзідэнт Балівіі. Першы прадстаўнік карэннага насельніцтва Амерыкі (аймара), які кіруе Балівіяй, за больш як 500 год з часу іспанскай каланізацыі.
Прытрымліваецца левых палітычных поглядаў, з'яўляецца лідарам партыі «Рух да сацыялізму» (ісп. Movimiento al Socialismo) і ўзначальвае рух балівійскіх какалера (вырошчвальнікаў кокі), якія супрацьстаяць намеру ўрада ЗША знішчыць гэтую сельскагаспадарчую культуру ў правінцыі Чапарэ ў паўднёва-ўсходняй Балівіі.
На прэзідэнцкіх выбарах 2002 заняў другое месца, што стала нечаканасцю для традыцыйных балівійскіх партый, а ў спалучэнні з яго індзейскім паходжаннем гэта зрабіла Маралеса знакамітым ва ўсёй Лацінскай Амерыцы. Перамог на выбарах 22 снежня 2005 пасля шэрагу агульнанацыянальных крызісаў наконт газавай прамысловасці і выкрыцця карумпіраванасці прафесійных балівійскіх палітыкаў. У выбарах удзельнічала 98,7% выбаршчыкаў, Маралес атрымаў 53,9% галасоў і больш як на 15% апярэдзіў свайго саперніка, былога прэзідэнта, кансерватара Хорхе Кіроху (Jorge Quiroga).
Праз месяц пасля перамогі, 21 студзеня 2006, Маралес наведаў індзейскую духоўную цырымонію на месцы археалагічнага помніка дакалумбавай эпохі і ў сучасным рэлігійным цэнтры Тыўанаку, дзе ён быў каранаваны як вярхоўны лідар аймара, туземнай групы, да якой ён належыць. Маралес абвясціў, што ўпершыню пасля Тупака Амару карэнны амерыканец атрымаў уладу ў Балівіі.
22 студзеня 2006 адбылася інаўгурацыя Маралеса ў Ла-Пас, дзе прысутнічалі прэзідэнт Аргентыны Кіршнер, Нестар, прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес і чылійскі прэзідэнт Рыкарда Лагас. Прыватная сустрэча прэзідэнтаў Балівіі і Чылі (краін, якія некалі ваявалі за выхад да Ціхага акіяна) павінна была паказаць, што прэзідэнцтва Маралеса адкрывае новую эру і заканчвае 500-гадовы каланіяльны перыяд.
Маралес лічыць найгоршым ворагам чалавецтва амерыканскі капіталізм, супрацьстаіць імперыялізму і неалібералізму. Амерыканскую зону свабоднага гандлю (FTAA) называе «пагадненнем для легалізацыі каланізацыі Амерык». На міжнароднай арэне выказвае сімпатыі да левых палітыкаў: Фідэля Кастра, Уга Чавеса, Рыгаберты Менчу.
Ва ўнутранай палітыцы імкнецца правесці ў краіне масштабныя пераўтварэнні і намерваецца склікаць канстытуцыйную асамблею. Падтрымлівае нацыяналізацыю газанафтавай індустрыі (пачалася ў 2006). У сакавіку 2006 абвясціў аб павышэнні мінімальнай зарплаты на 50% з 440 балівіяна (45 еўра) да 660 балівіяна (67 еўра).
Вядзе дыскусію з урадам ЗША па праблеме кокі, сцвярджае, што няўхільна прытрымліваецца антынаркатычнай пазіцыі («не будзе какаіну, але будзе кока»). Абараняе права карэнных народаў Балівіі вырошчваць гэтую традыцыйную культуру, маўляў, адсутнасць кокі азначала б адсутнасць кечуа і аймара. Сапраўды, наркатычны эфект лісця кокі меншы, чым у кафеіна, які ўтрымліваецца ў каве, і для многіх бедных балівійцаў жаванне лістоў кокі з'яўляецца натуральным сродкам вытрымаць доўгі працоўны дзень (да пятнаццаці і нават васямнаццаці гадзін у дзень) і не прыводзіць да наркатычных праблем у грамадстве.
Нежанаты, пратакольныя функцыі першай лэдзі выконвае яго сястра. Маралес моцна адрозніваецца ад традыцыйных лацінаамерыканскіх палітыкаў сваім спакойным стаўленнем да ўмоўнасцей. У студзені 2006 ён скараціў сваю зарплату на 57% да 1875 USD/месяц. Да выбараў ён дзяліў кватэру з іншымі функцыянерамі сваёй партыі. Паняцце «дрэс-код» для яго таксама ўмоўнасць. Вялікі прыхільнік футбола.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хуан Эва Маралес- Афіцыйны сайт Эва Маралеса
- Сайт «Руху да сацыялізму» (ісп.)
- Evo Morales y Bolivia: el analisis de «La Patria Grande» de Caracas(ісп.)
| Папярэднік: Эдуарда Радрыгес |
Прэзідэнт Балівіі 2006— |
Пераемнік: — |