Хімічная формула

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Хімічная формула – скарочанае пазначэнне складу рэчыва з дапамогай сімвалаў хімічных элементаў і лікаў (пераважна цэлых, але ў выпадку нестэхіяметрычных злучэнняў яны могуць быць і дробнымі), якімі пазначаюць колькасныя суадносіны гэтых элементаў у дадзеным злучэнні. Лікі запісваюцца зправа ўнізе ад знаку элемента і пазначаюць колькасць ягоных атамаў. Напрыклад, вада: H2O.

Х.ф. паказвае склад адной малекулы і колькасць атамаў кожнага элемента ў адным молі рэчыва. Калі простае рэчыва мае атамную ці металічную структуру, ягоная Х.ф. мае выгляд хімічнага знака элемента (напрыклад, Cu, Fe, S). Х.ф. складанага рэчыва з атамнай ці металічнай структурай адлюстроўвае толькі суадносіны паміж элементамі (напрыклад, CuS).

У Х.ф. ужываюцца круглыя дужкі, якія абмяжоўваюць групоўкі атамаўіёны ці радыкалы, часам для іх ужываюцца адмысловыя пазначэнні (напрыклад, Ph для C6H5). Квадратныя дужкі ўжываюцца ў Х.ф. для пазначэння каардынацыйнай сферы ў камплексных злучэннях (напрыклад, K3[Fe(CN)6]). З дапамогаю квадратных дужак таксама пазначаюць хімічны склад элементарнай ячэйкі крышталічнай рашоткі. Тлустаю кропкаю пазначаюць сувязь паміж малекуламі ў крышталегідратах і ім падобных злучэннях (напрыклад, CuSO4•5H2O – лік перад формулай вады пазначае колькасць малекулаў).

Для больш падрабязнага адлюстравання будовы рэчыва ўжываюць структурныя Х.ф. У іх атамы, пазначаныя знакамі элементаў злучаць рыскамі, што пазначаюць хімічную сувязь. Для пазначэння характару хімічнай сувязі ўжываюцца розныя тыпы рысак. У структурнай Х.ф. могуць прысутнічаць дадатковыя пазначэнні электрычнага зараду атамаў, кірунку змяшчэння электроннай шчыльнасці і г. д. (глядзі таксама “Хімічная сувязь”). Акрамя таго, структурныя Х.ф. могуць утрымліваць інфармацыю пра спрасторавае размеркаванне груповак атамаў (глядзі таксама “Ізамерыя”). Найбольшае застасаванне структурныя Х.ф. знайшлі ў арганічнай хіміі.

У вузкіх галінах хіміі (напрыклад, біяхімія, хімія сілікатаў) ў Х.ф. ужываюцца дадатковыя спецыфічныя пазначэнні.