Царква Святога Марка, Заграб

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Царква
Святога Марка
Crkva svetog Marka
St Marks Church Zagreb.jpg
Каардынаты: 45°48′58″ пн. ш. 15°58′26″ у. д. / 45.816111° пн. ш. 15.973889° у. д. (G) (O) (Я)45°48′58″ пн. ш. 15°58′26″ у. д. / 45.816111° пн. ш. 15.973889° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна Харватыя
Горад Заграб
Канфесія Каталіцызм
Архітэктурны стыль готыка

Царква Святога Марка (харв.: Crkva svetog Marka) — каталіцкая прыходская царква ў Заграбе, адна з найстарэйшых пабудоў горада, яркая сімвалічная славутасць сталіцы Харватыі. Царква знаходзіцца ў Верхнім горадзе, на плошчы Святога Марка, побач з будынкам парламента Харватыі.

Паўднёвы партал

Прыход святога Марка ўпершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у 1261 годзе. Прынята лічыць, што царква збудаваная ў XIII стагоддзі; пра гэта, у прыватнасці, сведчыць раманскае акно на паўднёвым фасадзе. З-за сярэднявечных пажараў і землятрусаў будынак неаднаразова перабудоўваўся, першапачатковы выгляд яго вызначыць цяпер цяжка. У сувязі са шматлікімі перабудовамі, царква, якая мае форму трохнефнай базілікі, спалучае раманскія, гатычныя і барочныя дэталі. Апошнюю сур'ёзную рэканструкцыю царквы праводзіў ў 1876-1882 гадах венскі рэстаўратар гатычных цэркваў Фрыдрых фон Шміт. Менавіта тады храм атрымаў новы дах, які даў яму непаўторнае і запамінальнае аблічча.

На высокім схіле даху каляровай дахоўкай выкладзены два велізарныя гербы - герб горада Заграба (белы замак на чырвоным фоне) і герб Трыадзінага каралеўства Харватыі, Далмацыі і Славоніі.

Царква святога Марка знакамітая таксама гатычным паўднёвым парталам XIV стагоддзя. Пятнаццаць драўляных скульптур працы пражскага майстра Івана Парлера размешчаны ў асобных нішах. У верхняй частцы партала - Багародзіца і Іосіф з немаўлём Ісусам, ніжэй - 12 апосталаў. Частка статуй аўтэнтычныя, іншыя больш познія, устаноўленыя наўзамен згубленым. На паўночна-заходняй сцяне царквы можна ўбачыць льва, які трымае старажытны герб Заграба, і дату - 1499 год. У інтэр'еры храма цікавыя фрэскі з выявамі членаў харвацкай каралеўскай сям'і.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]