Цыганы на Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Колькасць цыганоў у раёнах і буйных гарадах паводле перапісу 2009 года.

Цыганы на Беларусі — адна з традыцыйных этнакультурных груп насельніцтва на тэрыторыі Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя звесткі аб цыганах зафіксаваны ў прывілеі Аляксандра Ягелончыка 1501 года[1]. У ВКЛ цэнтрамі цыганскай культуры былі Мір, Смаргонь і Эйшышкес[1]; існавала таксама некалькі цыганскіх вёсак[2]. У гэтых паселішчах міжэтнічныя кантакты былі асабліва інтэнсіўнымі, што часам прыводзіла да павелічэння сацыяльнай напружанасці[1]. Хаця ў ВКЛ цыганы ніколі не пераследваліся так, як у Заходняй Еўропе, Статуты ВКЛ забаранялі цыганам займаць дзяржаўныя пасады[3]. У 1586 годзе вальны сойм забараніў неаселым цыганам жыць на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, аднак рэальных наступстваў для цыганаў гэтая пастанова не мела — цыганы ўсё роўна заставаліся на адным месцы только падчас зімы[2]. Традыцыйным месцам пасялення цыганаў былі ўскраіны гарадоў і мястэчак, дзе яны займаліся звычайнымі заняткамі[2]. У Міры цыганы заснавалі шэраг мануфактур[2].

У 1927 годзе ў Віцебскім раёне быў створаны першы ў СССР цыганскі калгас «Новае жыццё», а ў Жлобінскім раёне неўзабаве быў створаны другі[2]. У 1930-я гады ў Віцебску дзейнічала цыганская школа-сямігодка[2]. У гэтай школе, якая знаходзілася на вул. Камсамольскай, 116, навучаліся дзеці з розных мясцовасцей Беларусі і Расіі; навучанне вялося на цыганскай мове, меліся цыганамоўныя падручнікі[4]. Падчас Вялікай Айчыннай вайны цыганы Беларусі жорстка знішчаліся нацыстамі[2]. Пасля прыняцця закона 1956 года «Аб далучэнні да працы цыганоў, якія займаюцца бадзяжніцтвам» цыганоў сілком далучалі да аселага ладу жыцця, але ж цыганы імкнуліся жыць разам. У выніку з’явіліся некалькі кампактных цыганскіх паселішчаў — Паўночны пасёлак у Мінску, Калодзішчы і Ратамка пад Мінскам, Цітаўка ў Бабруйску[2].

Паводле перапісу 2009 года ў Беларусі налічвалася 7079 цыганоў, што, хутчэй за ўсё, з’яўляецца заніжанай лічбай. Цыганы ў Беларусі жывуць часцей за ўсё адасоблена, шмат хто з іх не мае дакумантаў. Яны самі лічаць, што павінны жыць паводле сваіх правілаў і законаў. З мясцовай уладай не супрацоўнічаюць або слаба супрацоўнічаюць, у выбарах, перапісах насельніцтва і іншых агульнадзяржаўных мерапрыемствах, як правіла, не ўдзельнічаюць. Жыццём цыганоў кіруюць т.зв. цыганскія бароны. Дзейнічае грамадскае аб’яднанне «Беларуская дыяспара цыганоў» (старшыня Алег Казлоўскі)[5].

Адной з найбольшых праблемаў цыганоў у Беларусі з’яўляецца ксенафобія з боку суседзяў. Паводле ўкаранёных стэрэатыпаў, цыган — неахайны, малаадукаваны і крыміналізаваны. Насамрэч, нягледзячы на цяжкі побыт, цыганы стараюцца даглядаць свае хаты, а сярод іх ёсць людзі з вышэйшай адукацыяй і навуковымі ступенямі. Сярод цыганоў лічыцца ганебным, калі нехта з сям’і знаходзіцца ў турме. Аднак здараецца, што жыццёвыя цяжкасці штурхаюць цыганоў да выбару крымінальных шляхоў заробку, напрыклад, да гандлю наркотыкамі. Тым не менш, гэткі свой «бізнэс» цыганы хаваюць ад сваіх супляменнікаў, бо цыганскі барон мае ўладу забараніць займацца такім заробкам, і ягонае слова будзе законам для цыгана[крыніца?].

З ксенафобіяй часткова звязаная праблема непісьменнасці сярод цыганоў, асабліва дзяцей. Справа ў тым, што большасць цыганоў выхоўваюць сваіх дзяцей на нацыянальнай мове, а рускую і беларускую мовы малы цыган часцяком чуе ўпершыню толькі ў школе. Адпаведна з першага класу пачынаецца адставанне ад іншых вучняў. Настаўнікі, кіруючыся стэрэатыпам («гэта ж цыганёнак, яму выпадае кепска вучыцца»), не звяртаюць своечасова на праблему ўвагі, што толькі паглыбляе адставанне. У выніку шмат хто з цыганскіх дзяцей так і не сканчае нават базавую сярэднюю школу[крыніца?].

Сітуацыю маглі б змяніць да лепшага цыганамоўныя класы, хаця б у пачатковай школе. Гэткі тэзіс вылучаўся на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе кандыдатам ад БНФ у Мінскім раёне, дзе ў Калодзішчах і Ратамцы кампактна пражывае вялікая колькасць цыганоў. У выніку кандыдат здабыў масавую падтрымку цыганоў, што было нечакана для мясцовых уладаў — упершыню за шмат год цыганы пайшлі на выбары. Аднак на гэтым усё і скончылася — рэальных механізмаў стварэння цыганамоўнай асветы цыганы так і не атрымалі. У ходзе выбараў 2004 года сярод цыганоў распаўсюджваліся агітацыйныя матэрыялы на цыганскай мове — упершыню за дзесяцігоддзі[крыніца?].

Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі ў 2017 годзе зазначыў, што цыганы падвяргаюцца дыскрымінацыі ў сферы працаўладкавання, як у прыватным, так і ў дзяржаўным сектары, што значная частка дзяцей цыганоў не наведвае школу. Апрача таго Камітэт выказаў заклапочанасць непрапарцыйна высокай колькасцю цыганоў у месцах пазбаўлення волі[6].

Каля 100 цыганоў былі затрыманы ў Магілёве 16 траўня 2019 года пасля гібелі міліцыянера Я. Патаповіча, многіх з іх пратрымалі за кратамі да 19 траўня. Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў, што затрыманні ў Магілёве адбываліся выключна па нацыянальнай прыкмеце, і, па шматлікіх сведчаннях відавочцаў і ахвяраў, гэта суправаджалася выкарыстаннем фізічнай сілы, абразамі і запалохваннямі[7]. Пераслед цыганоў адбываўся і ў іншых рэгіёнах Беларусі, так, у Гомелі была затрымана кіраўніца ўстановы па адаптацыі цыганоў «Рамано дром» («Цыганская дарога») Вольга Нячаева[8]. Тады ж старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская дыяспара цыганоў» Алег Казлоўскі заявіў, што грамадзян цыганскай нацыянальнасці рэгулярна затрымліваюць для праверак, аглядаюць, абшукваюць без аніякіх падставаў[9].

23 мая па даручэнні галавы дзяржавы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў Магілёве сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовай цыганскай дыяспары. Падставай для размовы сталі скаргі, агучаныя ў сродках масавай інфармацыі, на парушэнні ў ходзе праверачных мерапрыемстваў па факце гібелі Я. Патаповіча. За сітуацыю, што здарылася, прадстаўнікам мясцовай дыяспары яна прынесла прабачэнні, «калі сапраўды ў час расследавання абставін справы мелі месца факты некарэктных дзеянняў». Таксама яна акцэнтавала ўвагу, што па ўсіх скаргах і зваротах будуць праведзены разборы, і асабліва адзначыла, што міжэтнічны мір і згода ў Беларусі з’яўляюцца безумоўным прыярытэтам[10].

Колькасць[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць цыганоў паводле перапісаў

Выбітныя цыганы Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Захаркевич, С. А. Социальный статус этнических меньшинств Беларуси в XIV—XVIII вв. Архівавана 5 сакавіка 2016. // Працы гістарычнага факультэта: навук. зб. Вып. 1 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2006. — С. 169
  2. а б в г д е ё ж Цыганы // Этнічны склад насельніцтва Беларусі Архівавана 19 верасня 2008. (Архив Архівавана 24 верасня 2015.)
  3. Захаркевич, С. А. Социальный статус этнических меньшинств Беларуси в XIV—XVIII вв. Архівавана 5 сакавіка 2016. // Працы гістарычнага факультэта: навук. зб. Вып. 1 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск: БДУ, 2006. — С. 170
  4. http://belisrael.info/?p=13241
  5. svaboda.org
  6. svaboda.org
  7. spring96.org
  8. svaboda.org
  9. svaboda.org
  10. blr.belta.by

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Баранников, А. П. Цыганы СССР. Краткий историко-этнографический очерк / А. П. Баранников. М., 1931.
  • Герман, А. В. Цыгане вчера и сегодня / А. В. Герман. М., 1931.
  • Данилович, И. Цыгане / И. Данилович // Северный архив. 1826. № 1—6.
  • Даўгяла, З. І. Цыганы на Беларусі (Гіст. нарыс) / З. I. Даўгяла
  • Друц, Е. Цыгане : очерки / Е. Друц, А. Гесслер. М., 1990.