Цынь Шыхуан-дзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Цынь Шы Хуан Дзі)
Цынь Шыхуан-дзі
кіт.: 趙政
кітайскі імператар[d] (Qin dynasty[d])
221 да н.э. — 10 верасня 210 да н.э.
Пераемнік Qin Er Shi[d]
ван[d] (Царства Цынь)
7 мая 247 да н.э. — 221 да н.э.
Папярэднік King Zhuangxiang of Qin[d]

Нараджэнне не раней за 27 студзеня 259 да н.э. і не пазней за 24 лютага 259 да н.э.
Смерць не раней за 10 ліпеня 210 да н.э. і не пазней за 10 жніўня 210 да н.э.
Месца пахавання
Род Qin dynasty[d]
Бацька King Zhuangxiang of Qin[d]
Маці Queen Dowager Zhao[d]
Дзеці Prince Jianglü[d], Prince Gao[d], Ziying[d][1], Qin Er Shi[d] і Fusu[d]
Дзейнасць палітык, імператар, кіраўнік, манарх
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цынь Шыхуан-дзі (па-кітайску: 秦始皇; 259—210 да н.э.) — правіцель царства Цынь (з 246 да н.э.), які паклаў канец перыяду Ваюючых царстваў (Чжаньго). К 221 да н.э. ён усталяваў аднаасобнае панаванне на ўсёй тэрыторыі Унутранага Кітая і ўвайшоў у гісторыю як уладар цэнтралізаванай кітайскай дзяржавы. Заснаваная ім дынастыя Цынь, якая планавала правіць Кітаем на працягу 10 тысяч пакаленняў, была звергнута праз некалькі год пасля яго смерці.

Цынь Шыхуан-дзі правёў грандыёзную кампанію па аб'яднанню Паднябеснай. Была створаная агульнакітайская сетка дарог, знесеныя абарончыя сцены паміж царствамі і дабудаваныя паўночныя ўчасткі (тым самым створана Вялікая кітайская сцяна), уніфікавана іерагліфічнае пісьмо, грашовая сістэма, сістэма мер, краіна падзелена на ваенныя акругі. Імператар праводзіў рэгулярныя інспекцыі розных частак краіны, ён першым з кітайскіх правіцеляў выйшаў на марскі бераг, паклаў пачатак традыцыі манаршых узыходжанняў на гару Тайшань.

Праўленне Цынь Шыхуан-дзі было заснавана на прынцыпах легізму, выкладзеных у трактаце «Хань Фэй-цзы». Між тым усе пісьмовыя сведчанні аб яго асобе былі прапушчаны скрозь прызму канфуцыянскага светапогляду ханьскіх гісторыкаў, перш за ўсё Сыма Цяня. Верагодна, што прыпісаныя Цынь Шыхуан-дзі жорсткія ганенні на канфуцыянцаў — частка канфуцыянскай антыцыньскай і антылегісцкай прапаганды. Яго вобраз як жудаснага тырана тэндэнцыйна перабольшаны. Усе наступныя дзяржавы Кітая, пачынаючы з Заходняй Хань, наследавалі тую адміністрацыйна-бюракратычную сістэму дзяржаўнага кіравання, якая была створана пры першым імператары.

Магутнасць Цынь Шыхуан-дзі яскрава ілюструецца пахавальным комплексам, пабудаваным яшчэ пры жыцці імператара недалёка ад Сіяня. Адным з выдатных элементаў маўзалея з'яўляецца сусветна вядомая тэракотавая армія — 8 тысяч скульптур кітайскіх воінаў і коней у поўны рост.

Імя і тытул першага імператара[правіць | правіць зыходнік]

Тытул першага імператара, напісаны шрыфтам цыньскай эпохі

Уласнае імя Ін Чжэн было дадзена будучаму імператару па назве месяца нараджэння (正), першага ў календары, дзіця атрымала імя Чжэн (政). У складанай сістэме імён і тытулаў старажытнасці імя і прозвішча не пісаліся побач, як гэта мае месца ў сучасным Кітаі, таму ўласна імя Цынь Шыхуана вельмі абмежавана ва ўжыванні.

Небывалая магутнасць уладара імперскай эры патрабавала ўвядзення новай тытулатуры. Цынь Шыхуандзі літаральна азначае «імператар-заснавальнік [дынастыі] Цынь». Старое найменне ван, якое перакладаецца як «манарх, князь, цар», было ўжо непрымальнае: з аслабленнем Чжоу тытул вана абясцэніўся. Першапачаткова тэрміны Хуан («валадар, найсвятлейшы») і Дзі («імператар») ўжываліся паасобку (гл. тры ўладары і пяць імператараў). Іх аб'яднанне павінна было падкрэсліць адзінаўладдзе кіраўніка новага тыпу.

Створаны такім чынам імператарскі тытул праіснаваў да Сіньхайскай рэвалюцыі 1912 года, да самага канца імперскай эры. Яго ўжывалі як тыя дынастыі, чыя ўлада распаўсюджвалася на ўсю Паднябесную, так і тыя, што толькі імкнуліся да ўз'яднання яе частак пад сваім кіраваннем.

Раннія гады (Ван царства Цынь)[правіць | правіць зыходнік]

Нараджэнне і здабыццё прастола 258—246 да н. э.[правіць | правіць зыходнік]

Ін Чжэн нарадзіўся ў 259 годзе да нашай эры, у Ханьдані (сталіцы княства Чжао), дзе яго бацька Чжуансян-ван быў заложнікам. Імя Чжэн, дадзенае яму пры нараджэнні, азначае «першы», па месяцы нараджэння. Яго бацька быў унукам вана ад наложніцы нізкага рангу і не меў шанцаў на прастол. Ён сустрэўся з багатым купцом Люй Бувэем, які абяцаў яго падняць.

Ін Чжэн быў сынам наложніцы Чжао, падоранай Чжуансян-вану Люй Бувэем, якая (паводле Сыма Цяня) ужо была цяжарная. Гэтая версія, ганебная для першага цыньскага імператара, доўгі час распаўсюджвалася варожа настроенымі да яго канфуцыянскімі гісторыкамі. Па іншых звестках, маці Ін Чжэна ў рэчаіснасці паходзіла з магутнага чжаоскага роду. Гэта выратавала ёй і яе сыну жыццё, калі ў пачатку чарговай вайны з цыньцамі кіраўнік Чжао пажадаў быў пакараць смерцю цыньскіх заложнікаў і іх сем'і. Тады маці Ін Чжэна змагла схавацца сярод сваякоў, а Чжуансян-ван збег у размяшчэнне цыньскіх войскаў, падкупіўшы варту грашыма, прадастаўленымі яму Люй Бувэем.

Дзякуючы складаным інтрыгам Люй Бувэя пасля смерці старога вана і кароткага праўлення прастолапераемніка Аньго Чжуансян-ван узышоў на трон, але змог кіраваць краінай менш трох гадоў, пасля чаго Ін Чжэн уступіў на трон. Па чутках (якія падтрымаў Сыма Цянь) Люй Бувэй — сапраўдны бацька Чжэна[2].

Хоць версія Сыма Цяня дамінавала на працягу 2000 гадоў, даследаванні прафесараў Джона Кноблока і Джэфры Рыгеля пры перакладзе хронік Люйшы Чунцю паказалі неадпаведнасць даты пачатку цяжарнасці і нараджэння дзіцяці (год), што дазволіла ім прыйсці да вываду аб фальсіфікацыі версіі аб бацькоўстве Люй Бувэя, мэтай якой было паставіць пад сумненне паходжанне імператара[3].

Рэгенцтва Люй Бувэя 246—237 да н. э.[правіць | правіць зыходнік]

Ірыгацыйныя каналы Чжэн Го

Ін Чжэн нечакана атрымаў трон цыньскага вана ў 246 годзе да нашай эры ў 13-гадовым узросце. У гэты час царства Цынь ўжо было самым магутным у Паднябеснай. Прэм'ер-міністр Люй Бувэй стаў таксама яго апекуном. Люй Бувэй цаніў навукоўцаў, запрасіў на ўтрыманне з усіх царстваў каля тысячы вучоных мужоў, якія вялі спрэчкі і пісалі кнігі. Дзякуючы яго дзейнасці ўдалося сабраць знакамітую энцыклапедыю «Люйшы Чуньцю»[4].

У 246 годзе інжынер Чжэн Го з царства Хань пачаў будаўніцтва вялікага ірыгацыйнага канала даўжынёй 150 км у сучаснай правінцыі Шэньсі. Канал злучаў рэкі Цзінхэ і Лохэ. Канал будаваўся дзесяць гадоў і арасіў 40,000 цін (264,4 тысячы гектараў) ворнай зямлі, што прывяло да значнага эканамічнага пад'ёму Цынь. Завяршыўшы толькі палавіну работ, інжынер Чжэн Го быў абвінавачаны ў шпіянажы на Хань, аднак ён растлумачыў вану выгаду будаўніцтва, быў памілаван і давёў да канца грандыёзны праект[5].

Пасля смерці бацькі Ін Чжэна, Чжуансян-вана, Люй Бувэй стаў адкрыта жыць з яго маці Чжао. Ёй быў падораны еўнух Лао Ай, які па версіі Сыма Цяня, быў зусім не еўнухам, а сужыцелем маці, і што дакументы аб кастрацыі былі падробленыя за хабар[6].

Лао Ай засяродзіў у сваіх руках вялікую ўладу, і Ін Чжэн быў незадаволены сваім становішчам дзіцяці, з якім не лічацца. У 238 годзе ён дасягнуў паўналецця і ўзяў уладу ў свае рукі. У 238 годзе яму данеслі аб сужыцці яго маці і Лао Ая, а таксама што яна нарадзіла таемна двух дзяцей, адзін з якіх рыхтуецца стаць яго пераемнікам. Ван загадаў чыноўнікам правесці расследаванне, якое пацвердзіла ўсе падазрэнні[6]. За гэты час Лао Ай падрабіў дзяржаўную пячаць і стаў збіраць войскі для нападзення на дварэц. Ін Чжэн даручыў саветнікам тэрмінова сабраць войскі і накіраваць супраць Лао Ая. Адбыўся бой каля Сяньяна, у якім было забіта некалькі соцень чалавек. Лао Ай, яго сваякі і паплечнікі былі пакараныя смерцю, вінаватыя з ліку прыдворных былі жорстка пакараныя[7].

У 237 годзе Люй Бувэй за яго сувязі з Лао Аем быў зняты і адпраўлены ў ссылку ў царства Шу (Сычуань), але па дарозе пакончыў сабой. У ссылку была адпраўлена таксама маці Ін Чжэна Чжао, якую пасля ўгавораў дарадцаў вярнулі ў палац[7].

Праўленне з прэм'ер-міністрам Лі Сы 237—230 да н. э.[правіць | правіць зыходнік]

Пасля адхілення Люй Бувэя прэм'ер-міністрам стаў легіст Лі Сы, вучань Сюнь-цзы.

Не давяраючы сваім дарадчыкам, Ін Чжэн аддаў загад выслаць з краіны ўсіх не-цыньскіх чыноўнікаў. Лі Сы напісаў яму дакладную, у якой абгрунтаваў, што такая мера прывядзе толькі да ўзмацнення варожых царстваў, і ўказ быў адменены.

Лі Сы аказваў вялікі ўплыў на маладога кіраўніка, таму некаторыя спецыялісты не без падставы лічаць, што іменна яго, а не Ін Чжэна трэба лічыць сапраўдным стваральнікам імперыі Цынь. Мяркуючы па наяўных дадзеных, Лі Сы быў рашучы і жорсткі. Ён абгаварыў свайго таленавітага савучня Хань Фэя, бліскучага тэарэтыка позняга легізму, і тым самым давёў яго да гібелі (пасля прачытаўшы сачыненні Ханя, Ін Чжэн шкадаваў, што пасадзіў яго ў турму, дзе той, паводле падання, прыняў яд, атрыманы ад Лі Сы).

Ін Чжэн і Лі Сы працягнулі паспяховыя вайны з праціўнікамі на ўсходзе. Пры гэтым імператар не грэбаваў ніякімі метадамі — ні стварэннем сеткі шпіёнаў, ні хабарамі, ні дапамогай мудрых дарадцаў, першае месца сярод якіх заняў Лі Сы.

Аб'яднанне Кітая 230—221 да н. э.[правіць | правіць зыходнік]

Ваюючыя царствы ў 260 годзе да н. э.

Усё ішло да аб'яднання Кітая на чале з дынастыяй Цынь. Дзяржавы Сярэдняга Кітая глядзелі на Шэньсі (горная паўночная краіна, якая служыла ядром цыньских уладанняў) як на варварскую ўскраіну. Дзяржаўны лад мацнеючага царства адрозніваўся магутнай ваеннай машынай і шматлікай бюракратый.

У 32 гады ён авалодаў тым княствам, у якім нарадзіўся, тады ж памерла яго маці. Пры гэтым Ін Чжэн даказаў усім, што ў яго вельмі добрая памяць: пасля захопу Ханьданя ён прыбыў у горад і асабіста кіраваў знішчэннем даўніх ворагаў яго сям'і, якія трыццаць гадоў назад ў час заложніцтва яго бацькі прыніжалі і абражалі сям'ю яго маці.[8] У наступным годзе Цзін Кэ, забойца, падасланы Янь Данем, няўдала зрабіў замах на Ін Чжэна. Цыньскі ўладар быў на валасок ад гібелі, але сам адбіўся сваім царскім мячом ад забойцы, нанёсшы яму 8 ран. На яго быў здзейснены яшчэ два замахі, якія таксама закончыліся няўдачай. Ін Чжэн захапіў адну за адной усе шэсць няцыньскіх дзяржаў, на якія ў той час дзяліўся Кітай: у 230 г. да н. э. было знішчана царства Хань, у 225 г. — Вэй, у 223 г. — Чу, у 222 г. — Чжао і Янь, а ў 221 — Ці. У 39 гадоў Чжэн упершыню ў гісторыі аб'яднаў ўвесь Кітай і ў 221 годзе да нашай эры прыняў троннае імя Цынь Шыхуан, заснаваўшы новую імператарскую дынастыю Цынь і назваў сябе першым яе кіраўніком. Тым самым ён паставіў кропку на перыядзе Чжаньго з яго саперніцтвам царстваў і кровапралітнымі войнамі.

Праўленне аб'яднаным Кітаем (221—210 да н. э.)[правіць | правіць зыходнік]

Рэарганізацыя праўлення[правіць | правіць зыходнік]

Адміністрацыйны падзел Цыньскай імперыі

Велізарная кампанія па аб'яднанню Паднябеснай была завершана ў 221 г., пасля чаго новы імператар правёў рад рэформ для замацавання заваяванага адзінства.

Сталіцай імперыі быў абраны Сяньян у спрадвечных цыньскіх уладаннях, недалёка ад сучаснага Сіаня. Туды былі пераведзеныя саноўнікі і вяльможы ўсіх заваяваных дзяржаў, усяго 120 тысяч сямей. Гэтая мера дазволіла цыньскаму імператару ўзяць эліту заваяваных царстваў пад надзейны паліцэйскі кантроль.

Па настойлівай парадзе Лі Сы імператар, каб пазбегнуць распаду дзяржавы, не стаў прызначаць сваякоў і прыбліжаных князямі новых зямель.

З тым, каб задушыць цэнтрабежныя тэндэнцыі на месцах, імперыю падзялілі на 36 ваенных акруг Цзюнь (кіт. трад. , піньінь jùn), на чале якіх прызначаліся кіраўнікі і чыноўнікі.

Ваенныя акругі далей падзяляліся на вобласці (縣), паветы (鄉), сельскія воласці з 100 сямей (里).[9][10] У адрозненне ад папярэдніх адміністрацыйных сістэм, структура была строга цэнтралізавана.[11]

Зброя, адабраная ў пераможаных князёў, была сабрана ў Сяньяне і пераплаўлена на велізарныя званы. Са збройнага металу было выплаўлена таксама 12 бронзавых калосаў, якія былі пастаўлены ў сталіцы.[9]

Была праведзена рэформа пад лозунгам «усе калясніцы з воссю адной даўжыні, усе іерогліфы — стандартнага напісання» была створана адзіная сетка дарог, скасаваныя разрозненыя сістэмы іерогліфікі заваяваных царстваў, уведзена адзіная грашовая сістэма, а таксама сістэма мер і вагаў[9]. Гэтыя меры леглі ў аснову культурнага і эканамічнага адзінства Кітая і на тысячагоддзя перажылі недаўгавечную імперыю Цынь. У прыватнасці, сучасная кітайская іерагліфічная пісьменнасць узыходзіць іменна да цыньскага пісьма.

Вялікія будоўлі[правіць | правіць зыходнік]

Імператар Цынь Шыхуандзі выкарыстоўваў працу соцень тысяч і мільёнаў людзей для грандыёзных будаўніцтваў. Адразу пасля абвяшчэння сябе імператарам ён стаў будаваць сваю грабніцу (гл. тэракотавая армія). Ён пабудаваў па ўсёй краіне сетку дарог з трыма палосамі (цэнтральная паласа — для калясніцы імператара). Будаўніцтва было цяжкім прыгнётам для насельніцтва.

Вялікая кітайская сцяна[правіць | правіць зыходнік]

Вялікая кітайская сцяна часоў Цынь Шыхуандзі

У знак яднання былі знесены абарончыя сцены, якія падзялялі ранейшыя царствы. Толькі паўночная частка гэтых сцен была захавана, яе асобныя адрэзкі былі ўмацаваны і злучаны паміж сабой: такім чынам новаўтвораная Вялікая кітайская сцяна аддзяліла Сярэдзінную Дзяржаву ад варвараў-качэўнікаў.[12] Па ацэнках, на будаўніцтва сцяны было сагнана некалькі соцень тысяч (калі не мільён) чалавек.[13]

Канал Лінцюй[правіць | правіць зыходнік]

Канал Лінцюй

Канал Лінцюй (кіт. трад. 靈渠, спр. 灵渠, піньінь Líng Qú) даўжынёй 36 км быў пабудаваны на тэрыторыі сучаснага раёна Гуансі каля горада Гуйлінь. Канал злучае прыток Янцзы, раку Сянцзян, з ракой Лі, якая ўпадае ў Гуйцзян басейна Сіцзян, дазваляючы ахапіць рачным транспартам велізарныя тэрыторыі паўднёвага Кітая. Будаўніцтва было пачата ў 214 годзе да н. э.[14]

Палац Эпан[правіць | правіць зыходнік]

Імператар не пажадаў жыць у цэнтральным сталічным палацы Сяньянe (咸陽宮), а пачаў будаваць велізарны палац Эпан (阿房宫) на поўдзень ад ракі Вэйхэ. Эпан — імя каханай наложніцы імператара.[15] Палац стаў будавацца ў 212 годзе, на будаўніцтва было прыгнана некалькі соцень тысяч чалавек, у палацы захоўваліся незлічоныя каштоўнасці, і там размяшчалася мноства наложніц. Але палац Эпан так і не быў дабудаваны. Неўзабаве пасля смерці Цынь Шыхуандзі па ўсёй захопленай Цынь тэрыторыі ўспыхнулі паўстанні, і цыньская імперыя распалася. Сян Юй (項羽) змог нанесці цыньским войскам цяжкія паражэнні. У канцы 207 да н. э. будучы Ханьскі імператар Лю Бан (тады Пэй-гун), саюзнік Сян Юя, заняў цыньскую сталіцу Сяньян, але не адважыўся зацвердзіцца і праз месяц упусціў у Сяньян Сян Юя, які ў студзені 206 да н. э., уражаны неймавернай раскошай, загадаў спаліць палац, а яго войскі разрабавалі Сяньян і перабілі жыхароў цыньскай сталіцы.[16]

Аб'езды краіны[правіць | правіць зыходнік]

Імператарская павозка
Маршруты аб'ездаў Цынь Шыхуандзі

У апошнія дзесяць гадоў свайго жыцця імператар рэдка бываў у сваёй сталіцы. Ён увесь час інспектаваў розныя куткі сваёй дзяржавы, прыносячы ахвяры ў мясцовых храмах, паведамляючы мясцовым божаствам аб сваіх дасягненнях і узводзячы стэлы з самаўсхваленнямі. Аб'ездамі сваіх уладанняў імператар пачаў традыцыю манархавых ўзыходжанняў на гару Тайшань. Ён жа першым з кітайскіх кіраўнікоў выйшаў на марскі бераг.

Паездкі суправаджаліся інтэнсіўным дарожным будаўніцтвам, будаўніцтвам палацаў і храмаў для ахвярапрынашэнняў.

Пачынаючы з 220 года да н. э. імператар пачаў пяць буйных інспекцыйных паездак скрозь усю краіну, на адлегласці тысячы кіламетраў. Яго суправаджала некалькі соцень салдат і мноства слуг. Каб дэзарыентаваць нядобразычліўцаў, ён пасылаў па краіне некалькі розных павозак, а сам хаваўся за фіранкай, і нават салдаты не ведалі, едзе з імі імператар ці не. Як правіла, мэтай паездак было Ціхаакіянскае ўзбярэжжа, да якога імператар першы раз прыехаў у 219 годзе да н. э.

Пошукі бессмяротнасці[правіць | правіць зыходнік]

Экспедыцыі Сюй Фу ў пошуках бессмяротнасці

Як можна зразумець з «Шы Цзі» ханьскага гісторыка Сыма Цяня, больш за ўсё імператара турбавалі думкі аб будучай смерці. У сваіх падарожжах ён знаёміўся з чараўнікамі і знахарамі, спадзеючыся выведаць у іх таямніцу эліксіра бессмяротнасці. У 219 г. ён накіраваў на яго пошукі экспедыцыю да астравоў Усходняга Мора (магчыма, у Японію). Найбольш вядомыя экспедыцыі 219 і 210 гадоў да вострава Чжыфу (Шаньдун), прадпрынятыя Сюй Фу.

У 210 годзе імператару сказалі, што да цудоўных астравоў бессмяротных цяжка дабрацца, бо іх ахоўваюць велізарныя рыбы. Імператар сам выйшаў у мора і з лука забіў велізарную рыбу. Але яму стала дрэнна, і ён быў вымушаны вярнуцца на мацярык. Акрыяць ад хваробы імператар так і не змог і праз некаторы час памёр.

«Спаленне кніг і пахаванне кніжнікаў»[правіць | правіць зыходнік]

Канфуцыянскія навукоўцы бачылі ў пошуках бессмяротнасці пустыя забабоны, за што жорстка паплаціліся: як гаворыць паданне, імператар загадаў закапаць 460 з іх жывымі ў зямлю.

У 213 г. Лі Сы пераканаў імператара спаліць усе кнігі, за выключэннем тых, што трактавалі аб сельскай гаспадарцы, медыцыне і варожбах. Акрамя таго, былі памілаваныя кнігі з імператарскага збору і хронікі цыньскіх правіцеляў.

Рост незадаволенасці праўленнем[правіць | правіць зыходнік]

У апошнія гады жыцця, расчараваўшыся ў перспектыве здабыцця бессмяротнасці, Цынь Шыхуан усё радзей аб'язджаў граніцы сваёй дзяржавы, адгарадзіўся ад свету ў сваім велізарным палацавым комплексе. Пазбягаючы зносін са смяротнымі, імператар чакаў, што ў ім будуць бачыць бажаство. Замест гэтага таталітарнае праўленне першага імператара спараджала з кожным годам усё большую колькасць незадаволеных. Раскрыўшы тры змовы, імператар не меў падстаў давяраць нікому са сваіх прыбліжаных.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Памёр ён у 210 годзе да н. э. у час чарговага аб'езду сваіх уладанняў, пасля хваробы падчас марской экспедыцыі да вострава Чжыфу.

Датай смерці прынята лічыць 10 верасні 210 года да н. э. ў палацы ў Шацю ў двух месяцах язды ад сталіцы.[17][18] Ён памёр пасля ўжывання пілюль эліксіра бессмяротнасці, якія ўтрымлівалі ртуць.[19]

Смерць Цынь Шыхуана наступіла у час паездкі па краіне, у якой спадчыннік Ху Хай яго суправаджаў разам з начальнікам канцылярыі еўнухам Чжао Гао і галоўным дарадцам Лі Сы.

Перад смерцю Цынь Шыхуан паслаў пісьмо свайму старэйшаму сыну Фу Су з завяшчаннем, пакідаючы яму імперыю, і указаннем сустракаць жалобны картэж. Чжао Гао, як начальнік канцылярыі, павінен быў паставіць на пасланне пячаць і адправіць. Ён затрымаў адпраўку пісьма, і яно так і не дайшло да адрасата.

Калі Цынь Шыхуан раптоўна памёр, Чжао Гао і Лі Сы каля двух месяцаў хавалі яго смерць. Яны паставілі труну з целам імператара на павозку, насілі ежу і прымалі пісьмы імператару, адказваючы на іх ад яго імені. Калі з-за вялікай спёкі цела стала раскладацца, яны аблажылі павозку салёнай рыбай, каб перабіць смурод. Яны ж падрабілі завяшчанне імператара, прызначыўшы спадчыннікам малодшага сына Ху Хая, настаўнікам якога быў Лі Сы. Яны паслалі ад імені Цынь Шыхуана старэйшаму сыну Фу Су і генералу Мэн Цяну загад ганарова пакончыць з сабой. Генерал Мэн Цян быў старэйшым братам Мэн І і ахоўваў краіну ад хунну на паўночнай мяжы, у яго была вельмі добрая рэпутацыя. Мэн І быў таксама забіты.

Прыхільнікі ранейшых дынастый тут жа кінуліся ў барацьбу за дзяльбу імператарскай спадчыны, і ў 206 годзе ўсё яго сямейства было знішчана.

Грабніца[правіць | правіць зыходнік]

Бронзавая калясніца з грабніцы Цынь Шыхуандзі

Нішто не ілюструе магутнасць Цынь Шыхуандзі лепш, чым памеры пахавальнага комплексу, які быў пабудаваны яшчэ пры жыцці імператара. Будаўніцтва грабніцы пачалося адразу пасля ўтварэння імперыі недалёка ад цяперашняга Сіяня. Па сведчанні Сыма Цяня, да стварэння маўзалея было прыцягнута 700 тысяч рабочых і рамеснікаў. Перыметр знешняй сцены пахавання быў роўны 6 км.

Курган з пахаваннем першага імператара быў ідэнтыфікаваны археолагамі толькі ў 1974 годзе. Яго даследаванне працягваецца да гэтага часу, прычым месца пахавання імператара яшчэ чакае адкрыцця. Курган вянчала нейкае пірамідальнай памяшканне, па якім, па адной з версій, душа нябожчыка павінна была падняцца на неба[20].

Для суправаджэння імператара ў тым свеце было вылеплена незлічонае тэракотавае войска. Твары воінаў індывідуалізаваныя, іх целы раней былі ярка афарбаваныя. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў — напрыклад, валадароў дзяржавы Шан (каля 1300—1027 гг. да н. э.) — імператар адмовіўся ад масавых чалавечых ахвярапрынашэнняў.

Комплекс грабніцы Цынь Шыхуана першым з кітайскіх аб'ектаў быў уключаны ЮНЕСКА ў Рэестр аб'ектаў сусветнай культурнай спадчыны.

Рэпутацыя[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Цынь Шыхуану каля кургана з яго грабніцай

Праўленне Цынь Шыхуана было заснавана на прынцыпах легізму, выкладзеных у трактаце «Хань Фэй-цзы». Усе захаваныя пісьмовыя сведчанні аб Цынь Шыхуане прапушчаны скрозь прызму канфуцыянскага светапогляду Ханьскай гістарыяграфіі, перш за ўсё Сыма Цяня. Вельмі верагодна, што ў прыведзеных імі звестках аб спальванні ўсіх кніг, забароне на канфуцыянства і пахаванні жыўцом паслядоўнікаў Канфуцыя адбілася канфуцыянскага антыцыньская прапаганда, накіраваная супраць легістаў[21].

Традыцыйнае адлюстраванне Цынь Шыхуана ў вобразе жахлівага тырана тэндэнцыйна перабольшана. Можна лічыць устаноўленым, што ўсе наступныя дзяржавы Кітая, пачынаючы з, як лічыцца, памяркоўнай дынастыі Заходняй Хань, перанялі і захавалі тую адміністрацыйна-бюракратычную сістэму кіравання дзяржавай, якая была створана пры першым імператару[21].

Вобраз у мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

  • У 1962 годзе быў зняты японскі фільм «The Great Wall» (у арыгінале яп.: 秦·始皇帝, Shin shikōtei — «Цынь Шыхуандзі» ў японскім вымаўленні). Ролю імператара сыграў Сінтара Кацу.
  • У 1986 годзе на ганконскім тэлеканале ATV быў зняты і паказаны 63-серыйны серыял Emperor Qin Shi Huang/Rise of the Great Wall (адзін з найбуйнейшых праектаў канала) пра маладосць Ін Чжэна (будучага імператара Цынь Шыхуана) з Тоні Лю  (англ.) у галоўнай ролі.
  • У 1996 годзе ў Ганконгу Чжоу Сяовэнем /Zhou Xiaowen/ быў зняты фільм «Цень імператара» з удзелам Гэ Ю.
  • Па матывах гісторыі аб'яднання Кітая Чэнь Кайгэ ў 1999 годзе зняў фільм «Імператар і забойца», які даволі дакладна прытрымліваецца канвы «Шы цзі».
  • У 2002 годзе Чжан Імоў зняў на гэтую тэму самы дарагі фільм у гісторыі кітайскага кіно — «Герой».
  • У 2006 годзе на сцэне Метрапалітэн-оперы (Нью-Ёрк) адбылася прэм'ера оперы «Першы імператар» (кампазітар — Тань Дунь, рэжысёр — Чжан Імоў). Партыю імператара праспяваў Пласіда Дамінга.
  • У 2008 годзе ролю Цынь Шыхуана ў галівудскім блокбастары «Мумія: Грабніца імператара драконаў» сыграў Джэт Лі.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Цянь С. Records of the Grand Historian, Vol.15 — Т. 015.
  2. Сыма Цянь. Исторические записки. Т.7, глава 85, стр. 296—297.
  3. The Annals of Lü Buwei. Knoblock, John and Riegel, Jeffrey Trans. Stanford University Press. 2001. ISBN 978-0-8047-3354-0.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: іншае (link) p. 9
  4. Сыма Цянь. Исторические записки. Т.7, глава 85, стр. 298.
  5. Zheng Bai Qu Архівавана 8 красавіка 2007.
  6. а б Сыма Цянь. Исторические записки. Т.7, глава 85, стр. 298—300.
  7. а б Сыма Цянь. Исторические записки. Т.2, глава 6, стр. 55-56.
  8. Сыма Цянь. Исторические записки. Ши цзи. Глава 6.
  9. а б в Сыма Цянь. Исторические записки. Т.2, глава 64-65.
  10. Chang, Chun-shu Chang. (2007). The Rise of the Chinese Empire: Nation, State, and Imperialism in Early China, CA. 1600BC — 8AD. University of Michigan Press. ISBN 0-472-11533-2, ISBN 978-0-472-11533-4. p 43-44
  11. Veeck, Gregory. Pannell, Clifton W. (2007). China's Geography: Globalization and the Dynamics of Political, Economic, and Social Change. Rowman & Littlefield publishing. ISBN 0-7425-5402-3, ISBN 978-0-7425-5402-3. p57-58.
  12. Slavicek, Louise Chipley; Mitchell, George J.; Matray, James I. (2005). The Great Wall of China. Infobase Publishing. p. 35. ISBN 0-7910-8019-6.
  13. Evans, Thammy (2006). Great Wall of China: Beijing & Northern China. Bradt Travel Guide. Bradt Travel Guides. p. 3. ISBN 1-84162-158-7.
  14. The first contour transport canal. UNESCO Courier. Архівавана з арыгінала 12 Jul 2012. Праверана 23 May 2012. {{cite book}}: Невядомы параметр |deadlink= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка); Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка) Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 12 ліпеня 2012. Праверана 3 сакавіка 2015.
  15. Chang, Kwang-chih. Xu, Pingfang. Lu, Liancheng. Allan, Sarah. (2005). The Formation of Chinese Civilization: An Archaeological Perspective. Yale University Press. ISBN 0-300-09382-9, ISBN 978-0-300-09382-7. pg 258.
  16. Traditional Architecture of China Архівавана 9 лістапада 2012..
  17. O'Hagan Muqian Luo, Paul. (2006). 讀名人小傳學英文: famous people. 寂天文化. publishing. ISBN 986-184-045-1, ISBN 978-986-184-045-1. p16.
  18. Xinhuanet.com. «Xinhuanet.com中國考古簡訊:秦始皇去世地沙丘平臺遺跡尚存. Retrieved on 2009-01-28.
  19. Wright, David Curtis (2001). The History of China. Greenwood Publishing Group. p. 49. ISBN 0-313-30940-X.
  20. ЖИЗНЬ: Найдена дорога на небо
  21. а б Shihuangdi (emperor of Qin dynasty) :: Emperor of China (англ.). — артыкул з Encyclopædia Britannica Online.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сыма Цянь. Исторические записки. Перевод Р. В. Вяткина. т. 2 (гл. 6 «Основные записи [о деяниях] Цинь Ши-хуана»)
  • Сыма Цянь. Исторические записки. Перевод Р. В. Вяткина. т. 7 (гл. 85 «Жизнеописание Люй Бувэя»)
  • Сыма Цянь. Исторические записки. Перевод Р. В. Вяткина. т. 8 (гл.86 «Жизнеописания мстителей: жизнеописание Цзін Кэ»)
  • Сыма Цянь. Исторические записки. Перевод Р. В. Вяткина. т. 8 (гл. 87 «Жизнеописание Лі Сы»)
  • Переломов Л. С. Империя Цинь — первое централизованное государство в Китае (221—202 гг. до н. э.) // Академия наук СССР. Институт народов Азии. — М.:
  • Ульянов, М. Ю. Цинь Шихуан и его армия — Восточная коллекция, 2007, с. 20-38.