Зміцер Жылуновіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ц. Гартны)
Зміцер Жылуновіч
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Авадзень; Авадзён; Аглядальнік; В.Аса; Беларус; Беларус-Камуніст; Бэйгар; Вар; П.Вартавы; Паўлюк Вартавы; Васа; Сымон Гляк; Габрусь Друк; Сымон Друк; Зета; Зміжыла; Зміцер; Знаёмы; Змітро Капылянін; Янка Кліч; Коммунист Беларус; Мешчанін; Мінчанін; Цішка Г.; Мужык; С.Смык; Я.Смык; Стары С-Д; Твой сын Змітро; Чырвонь; Язэп Чырвонь; Шулятнік; А.; Ц. Г.; Д. Ж.; З. Ж.; У. Ж.; Ул. Ж.; Д.Ж-ч; З.Ж-ч; Я.К-іч і інш.
Дата нараджэння 23 кастрычніка (4 лістапада) 1887
Месца нараджэння
Дата смерці 11 красавіка 1937(1937-04-11) (49 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Жонка Надзея Сцяпанаўна
Дзеці Галіна
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, драматург, паэт, палітык, журналіст
Мова твораў беларуская
Дэбют у газеце «Наша ніва» (1908); першая кніга — «Pieśni» (1913)
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цішка Гартны, сапр.: Зміцер (Змітро) Хведаравіч Жылуновіч (23 кастрычніка 1887, м. Капыль, Слуцкага павета Мінскай губерні, цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці — 11 красавіка 1937, Магілёў, псіхлячэбніца) — беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928)[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіць з сялян. У 1905 годзе скончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне.

Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907[1], з 1906 член Капыльскай арганізацыі РСДРП[1]. Ствараў рукапісныя часопісы.

У траўні 1913 года пачаў працу на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод «Айваз». Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі «Знание».

«Статут аб выбарах у Устаноўны Збор». 1917

З лютага па снежань 1918 — сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята[1]. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца». З кастрычніка 1918 прыняты ў РКП(б). Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня Часовага ўрада яе.

У 1919—1920 — сакратар газеты «Красная звезда» (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым — літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронтуСмаленску). З 1920 года — сакратар і адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь».

З 1921 жыве ў Мінску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі[1].

У сакавіку 1922 наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. За два месяцы было надрукавана 10 назваў агульным накладам 138 500 экзэмпляраў (у тым ліку кніга паэзіі «Песьні працы і змаганьня» і першая частка рамана «Сокі цаліны» Гартнага). У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва «Адраджэнне», якое выпусціла за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва было абвінавачана ў «нацыянал-шавінізме» і было перайменавана ў выдавецтва «Савецкая Беларусь». У снежні выдавецтва выпусціла № 1 часопіса «Полымя», рэдактарам якога стаў Жылуновіч[2]. У гэтым жа годзе разам з часткай іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі «Вір». Статут «Віру» зацверджаны не быў.

У 1925 зноў ездзіў да Берліну з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы[3].

Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя»[4]. Член ЦВК БССР у 1920—1931. Акадэмік БелАН з 1928. Удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. У 1934—1936 працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН.

Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны 15.11.1936, пераведзены (7.4.1937) у Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках — скончыў жыццё самагубствам)[5].

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка — Жылуновіч Надзея Сцяпанаўна (народжаная ў верасні 1894 г. у Ленінгpадзе ў сям’і рабочага). 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» і «саўдзел у антысавецкай дзейнасці» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баpовічы Ленін­гpад­скай вобл. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 17.6.1966 Вярхоўным судом БССР.

Дачка Галіна нарадзілася 21.2.1917 у Ленінгpадзе. Член ВЛКСМ, паступіла ў Мін­скі медыцынскі інстытут. 25.8.1937 у Мінску арыштавана, 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД разам з маці асу­джана за «неданясенне» да 5 гадоў ссылкі і этапавана ў Баpовічы Ленінгpадскай вобл. Пасля вызвалення жыла ў Беларусі. Рэабілітавана 17.6.1966 Вярхоўным судом БССР.[6] Беларускі мовазнавец (беларуская, руская мовы), кандыдат філалагічных навук, складальнік зборніка ўспамінаў пра Цішку Гартнага.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Ц. Гартны. Раман «Бацькава воля». Ч. 1. Аўтограф. 1921 г.
Ц. Гартны. Раман «Бацькава воля». Ч. 1. Аўтограф. 1921 г.

Друкавацца пачаў з 1908 — верш «Бяздольны» ў газеце «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, крытык.

«Pieśni». 1913

У 1912 газета «Правда» змяшчае некалькі вершаў і нарыс, прысвечаны працаўнікам. Першая кніга «Pieśni» (Песні) выйшла ў 1913[1].

Цішка Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—1929) паказаў шляхі фарміравання характару рэвалюцыйнага змагара, узняў некранутыя пласты народнага жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зборніках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй беларуская вёска. У творах Цішкі Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадзянскай вайны да рэалістычнага паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі[7]. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зборніку «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, А. Гурло.

Ц. Гартны пераклаў на беларускую мову першую кнігу рамана А. Фадзеева «Апошні з удэге» (Мн.. 1932), пачаў перакладаць «Мёртвыя душы  (руск.)» М. Гогаля[8].

Крытыка і прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Цішку Гартнаму ў Капылі
Бюст Цішкі Гартнага працы Заіра Азгура ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі

Вось як адзначыў творчасць Цішкі Гартнага Янка Купала:

" Цішка не «майструе вершаў», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях.
Агляд кніг (1913)
"

Цішка Гартны мог стаць першым Народным паэтам Беларусі — у 1923 пленум ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму такое званне. З невядомых прычын пастанова не была зведзена ў жыццё[5].

Творы Гартнага перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы[1].

Мемарыяльныя дошкі Панцеляймону Панамарэнку, Змітру Жылуновічу (справа ўверсе) і Кірылу Мазураву на доме па вул. Карла Маркса, 30 у Мінску

У 2000 годзе ў Капылі перад Капыльскім раённым краязнаўчым музеем устаноўлены помнік Цішку Гартнаму (скульптар Уладзімір Бандарэнка)[9].

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прыжыццёвыя кнігі[правіць | правіць зыходнік]
  • Песьні (1913)
  • Хвалі жыцьця (1918) — п’есы
  • Песьні працы і змаганьня (1922)
  • Сокі цаліны (1922)
  • Трэскі на хвалях (1924) — апавяданні
  • Сацыялістка (1924) — п’есы
  • Урачыстасьць (1925)
  • Дзьве сілы (1927) — п’есы
  • Прысады (1927) — п’есы, апавяданні
  • Узгоркі і нізіны (1928) — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў
  • На новым месцы (1930) — зборнік аповесцяў
  • Гаспадар (1930)
  • Зялёны шум (1931)
  • Гоман зарніц (1932)
  • Наступ на горны (1932) — вершы, апавяданні
  • Збор твораў у 4 тамах (19291932)
Пасмяротныя выданні[правіць | правіць зыходнік]
  • Вершы. Мн., 1967;
  • Зб. тв: У 4 т. Мн., 1987—1989. т. 1-3;
  • Насустрач сонцу: Выбр. апавяданні. Мн., 1978.
  • Выбраныя творы / уклад. прадм. і камент. Серафіма Андраюка. — Мінск: Беларус. навука, 2012. — 604 с. (Беларускі кнігазбор, том 60). ISBN 978-985-08-1411-1.

Зноскі

  1. а б в г д е ё Гартный Тишка // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 139-140. — 737 с.
  2. М. В. Нікалаеў і інш. Гісторыя беларускай кнігі. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011. — Т. 2. Кніжнасць новай Беларусі. — С. 195-199. — 436 с. — 5 800 экз. — ISBN 978-985-11-0599-7.
  3. Янка Купала. Поўны збор твораў у 9 тамах // . — Мінск: Мастацкая літаратура, 2002. — Т. 8. — С. 110. — 462 с. — 5 800 экз. — ISBN 985-02-0551-2.
  4. Статут арганізацыі быў зацверджаны ў 1928 годзе.
  5. а б Янка Купала. Поўны збор твораў у 9 тамах // Каментарная частка / Аўтары каментароў: С. В. Забродская, Э. А. Золава, Т. Р. Строева, А. І. Шамякіна. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. — Т. 9, кніга 1. — С. 616. — 686 с. — 5 800 экз. — ISBN 985-02-0552-0.
  6. ГАРТНЫ Цішка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2021. Праверана 7 лістапада 2017.
  7. БЭ ў 18 т. Т. 5
  8. Збор твораў. У 4 т. / Аўт. прадм. С. Александровіч. — Мн.: Маст. літ., 1987. — Т. 1: Вершы, 1909-1935. Апавяданні 1909-1927. — С. 28. — 438 с. 3 л. іл., 1 л. партр. с.
  9. «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2019. Праверана 26 студзеня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]