З пляцоўкі Вікіпедыя.
Чаротніца (Gallinula chloropus) — невялікая, памерам з голуба, вадаплаўная птушка з сямейства пастушковых, шырока распаўсюджаная на ўсіх мацерыках, за выключэннем Аўстраліі і Антарктыды. Тыповы жыхар разнастайных вадаёмаў са стаялай або праточнай вадой і забалочанымі, зарослымі берагамі. Звычайна вядзе ўтойлівы лад жыцця - нягледзячы на вялікую распаўсюджанасць, гэтую птушку бывае цяжка ўбачыць у дзікай прыродзе. Тым не менш, у густанаселеных раёнах Еўропы птушкі часта прывыкаюць да прысутнасці чалавека. Навуковую назву птушкі можна перакласці з лацінскай як «зялёнаногая курачка», што паказвае на знешняе падабенства з хатнімі курамі.