Чартарыйскія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чартарыйскія

Краіна паходжання Вялікае Княства Літоўскае
Тытул князі
Прызнаныя ў Вялікае Княства Літоўскае
Першы з роду Васіль Чартарыйскі

Чартарыйскія, Чартарыскія — княжацкі род герба «Пагоня». Асаблівае значэнне ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай мелі ў XVIII стагоддзі, калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — «фамілію», якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. XVIII стагоддзя спрабавала правесці рэформы дзяржаўнага і эканамічнага ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расійскую імперыю, а пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Прозвішча атрымалі ў XV стагоддзі ад свайго маёнтку Чартарыйск на рацэ Стыр на Палессі (Луцкі павет Валынскага ваяводства). Спярша вызнавалі праваслаўе, у канцы XVI стагоддзя перайшлі ў каталіцтва[1]. Галоўная рэзідэнцыя — у горадзе Пулавы (Люблінскае ваяводства).

Паводле генеалагічнай традыцыі выводзілі свае карані ад князя Канстанціна Альгердавіча (?—1390), пры гэтым спасылаліся на пацверджанне каралём польскім Уладзіславам III іх сваяцтва з вялікім князем літоўскім Альгердам граматай ад 14 чэрвеня 1442 года. Аднак гісторыкі XIX стагоддзя выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі аб паходжанні Чартарыйскіх з зямель сучаснай Беларусі[1].

Пачынальнік роду Чартарыйскіх — уладальнік маёнтку Чартарыйск князь Васіль (? — пасля 1417), сынамі якога былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489).

Лагойская галіна роду (нашчадкі Аляксандра) у мужчынскім родзе згасла ў XVI стагоддзі. Ад унукаў Міхала (валынская галіна) паходзяць 2 асноўныя лініі роду: ад Аляксандра Фёдаравіча (?—1571) — чартарыйская лінія (згасла ў 1606 годзе), ад Івана Фёдаравіча (?—1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя (?—1662) пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая, клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Заходняй Еўропы), і малодшая, карэцкая (згасла ў 1810 годзе).

Княжацкі тытул Чартарыйскіх зацвердзіў Люблінскі сойм (1569).

На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш.

Найбольш вядомыя прадстаўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]