Часночніцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Часночніцы

Часночніца звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pelobatidae Bonaparte, 1850


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  173424
NCBI  8432
EOL  7507
FW  37449

Часночніцы (Pelobatidae) — сямейства бясхвостых земнаводных.

Гэта адзінае сямейства з падатрада анамацэльных. Адрозніваецца 12 родаў, каля 60 відаў.

Даўжыня да 10 см. Цела шчыльнае, вонкава часночніцы падобныя да жаб і рапух. Скура гладкая або злёгку гузаватая. Грудны пояс рухомы. Зрэнка вертыкальная. Сямейства ўключае віды, прадстаўнікі якіх маюць пярэднеўвагнутыя, а ззаду выпуклыя, або працэльныя, тулаўныя пазванкі. Рэбры ў іх адсутнічаюць, а крыжавыя пазванкі зліты з урастылем (хваставой косткай, утворанай ад зліцця хваставых пазванкоў). У большасці відаў маюцца лапатападобныя рагавыя пятачныя бугаркі для закопвання ў глебу.

Пашыраны пераважна ў Заходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі, таксама ў Еўропе, Паўночна-Заходняй Афрыцы, Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы. Жывуць у стэпах, лясах, на лугах, палях і інш. Найбольш вядомыя часночніца звычайная, часночніца сірыйская, крыжоўкі.

Прадстаўнікі асобных родаў гэтага сямейства значна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Палову складаюць прадстаўнікі роду рагатых часночніц, пашыраных у гарах Паўднёвай Азіі і Малайскага архіпелага. Гэта найбольш прымітыўныя жывёлы, якія характарызуюцца свабоднымі міжпазванковымі дыскамі. Арыгінальныя вусатыя часночніцы, пашыраныя ў Сычуані, адрозніваюцца наяўнасцю ў самцоў вусападобных шыпікаў на верхняй губе. 6 відаў паўночнаамерыканскіх часночніц аб'яднаны ў род лапатаногаў, назву якога можна было б даць усяму сямейству ў сувязі з наяўнасцю лапатападобных рыючых пятачных бугроў. Аднак існуюць і такія прадстаўнікі сямейства з роду крыжавікоў, у якіх пятачны бугор акруглы і невялікі.

Вядуць змрокавы або начны спосаб жыцця. Кормяцца беспазваночнымі.

Часночніца звычайная пераважна вясной мае слабы часночны пах (адсюль назва).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]