Шанхай

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Шанхай
上海
Краіна
Каардынаты
Кіраўнік
Заснаваны
1 кастрычніка 1949
Плошча
6340,5 км²
Вышыня цэнтра
4 ± 1 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
19 213 200[1] чалавек (2009)
Шчыльнасць
3030 чал./км²
Часавы пояс
Тэлефонны код
+86 21
Паштовыя індэксы
200000 — 202100
Аўтамабільны код
沪A
Афіцыйны сайт
shanghai.gov.cn (кіт.)
Шанхай на карце Кітая
Шанхай (Кітай)
Шанхай
Шанхай (Кітай)
Шанхай

Шанха́й (кіт. 上海市, піньінь shàng hǎi shì) — найбуйнейшы горад Кітая і адзін з самых буйных гарадоў свету, размешчаны ў дэльце ракі Янцзы. Адзін з чатырох гарадоў цэнтральнага падпарадкавання КНР, важны фінансавы і культурны цэнтр краіны, а таксама адзін з самых буйных у свеце марскіх портаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выява старога гораду ў часы панавання дынастыі Мін

Падчас панавання дынастыі Сун Шанхай быў павышаны ў статусе з вёскі ў гандлёвы горад у 1074 годзе, а ў 1172 годзе ля горада дзеля стабілізацыі берагавой лініі акіяна была пабудавана другая марская сцяна, якая дапаўняла сістэму з раней узведзеных дамбаў[2]:9. Падчас панавання дынастыі Юань з 1292 да 1927, калі паселішча афіцыйна стала горадам, тэрыторыя Шанхая была пазначана як цэнтральнае месца прэфектуры Сангджанг[2]:9, 11-12, 34.

Дзве важныя падзеі садзейнічалі развіццю Шанхая падчас панавання дынастыі Мін. Гарадская сцяна была пабудавана ў першы раз у 1554 годзе для абароны горада ад набегаў японскіх піратаў. Яе вышыня была 10 метраў, а акружнасць — 5 км[2]:10. У часы панавання Ванлі у 1602 годзе ў Шанхаі быў узведзены даоскі храм Чэнхуанмяо. Гэтая ўзнагарода, як правіла, рабілася толькі для месцаў са статусам горада, такіх, як сталіцы прэфектур, а не проста павятовых гарадоў, якім быў Шанхай. Гэтая падзея, верагодна, адлюстроўвае важнае эканамічнае значэнне горада, у адрозненне ад ягонага нізкага палітычнага статусу[2]:10.

Набярэжная Вайтань у 1928 годзе

У часы панавання дынастыі Цын Шанхай стаў адным з найбольш важных марскіх партоў у рэгіёне дэльты Янцзы, у выніку чаго адбыліся дзве важныя палітычныя змены: па-першае, імператар Кансі ў 1684 годзе адмяніў папярэднія забароны дынастыі Мін, якія дзейнічалі з 1525 года, на выхад суднаў у акіян. Па-другое, у 1732 годзе імператар Юнчжэн перанес мытню ў правінцыю Цзянсу, сталіцай якой якраз і быў горад Шанхай, і надаў яму эксклюзіўныя правы на кантроль над знешнім гандлем. У выніку гэтых двух важных рашэнняў да 1735 Шанхай стаў асноўным гандлёвым портам усёй ніжняй вобласці ракі Янцзы, нягледзячы на ўсё яшчэ нізкі адміністрацыйны ўзровень у палітычнай іерархіі[2]:10-11.

Міжнародная ўвага да Шанхая ўзрасла ў XIX стагоддзі з-за ягонага эканамічнага і гандлёвага патэнцыялу. У часы Першай опіумнай вайны ў 18391842 гг. брытанскія войскі часова захапілі горад. Вайна скончылася ў 1842 годзе ў выніку падпісання Нанкінскай дамовы, паводле якой Кітай абавязваўся адчыніць для міжнароднага гандлю свае асноўныя порты, у спіс якіх увайшоў і Шанхай. Разам з тым з Брытаніяй была падпісана яшчэ адна асобная Хумэнская дамова ў 1843 годзе, якая дазволіла брытанцам займацца гандлем на кітайскай зямлі. Праз год падобная дамова была падпісана і з ЗША — Вансяская дамова. У выніку Брытанія, Францыя і Злучаныя Штаты Амерыкі атрымалі значныя саступкі і па-за сценамі горада, якім па-ранейшаму кіравалі кітайцы.

У 1855 годзе горад быў захоплены паўстанцамі з таварыства малых шабляў, але быў вернуты пад імператарскую ўладу ў лютым 1855 года[3]. У 1854 годзе быў створаны Шанхайскі муніцыпальны савет для кіравання замежнымі паселішчамі. У перыяд з 1860 па 1862 гады тайпінскія паўстанцы двойчы напалі на Шанхай і знішчылі ўсходнія і паўднёвыя прыгарады горада, але не здолелі захапіць сам горад[4]. У 1863 годзе брытанскае паселішча на поўдзень ад ракі Сучжоў і амерыканскае паселішча на поўначы ўз’ядналіся з мэтай фармавання Шанхайскага інтэрнацыянальнага паселішча. Французскае паселішча адмовілася ад аб’яднання і захавала сваю канцэсію на поўдні і паўднёвым захадзе.

Месца правядзення першага Усекітайскага з’езда Камуністычнай партыі Кітая.

Грамадзяне многіх краін з усіх кантынентаў прыехалі ў Шанхай, каб жыць і працаваць на працягу наступных дзесяцігоддзяў. Тыя, хто жылі ў горадзе на працягу доўгага часу (некалькі пакаленняў), называлі сябе «шанхайлэндцы». У 1920-х і 1930-х гадах амаль 20 тысяч рускіх пераехала сюды, большая частка якіх былі прадстаўнікамі белага руху падчас грамадзянскай вайны ў Расіі. Рускія ў Шанхаі на той час складалі другую па велічыні замежную супольнасць. Да 1932 г. Шанхай стаў пятым у свеце горадам паводле велічыні і быў домам для 70 тысяч замежнікаў. У 1930-х гг. 30 тысячаў габрэйскіх уцекачоў з Еўропы прыбылі ў горад[5].

Япона-кітайская вайна 1894—1895 гг. скончылася падпісаннем сіманасескай дамовы, якая дала магчымасць Японіі стаць яшчэ адной замежнай дзяржавай у сферы эканомікі Шанхая. Японцы пабудавалі завод у горадзе, які неўзабаве быў скапіяваны іншымі замежнымі дзяржавамі. Шанхай быў тады самым важным фінансавым цэнтрам на Далёкім Усходзе, у выніку чаго горад атрымаў мянушку «Вялікія Афіны Кітая»[6].

Падчас кіравання гэтай тэрыторыяй Кітайскай рэспублікай у 19111949 гг. палітычны статус Шанхая, нарэшце, быў павышаны да статуса муніцыпалітэта загадам ад 14 ліпеня 1927 г. Нягледзячы на тое, што тэрыторыі замежных канцэсій не былі ўключаны ў сферу іхняга кантролю, новы кітайскі муніцыпалітэт меў плошчу ў 828,8 км², у тым ліку ў ягоны склад уваходзілі сучасныя раёны Баошан, Янгпу, Жабэй, Нансі і Пудун. 28 студзеня 1932 г. японскія войскі высадзіліся ў горадзе і захапілі яго, нягледзячы на кітайскі супраціў, які быў скончаны ў траўні таго ж году. У выніку бітвы за Шанхай у 1937 годзе кітайскія гарадскія зоны былі акупаваны японскімі жаўнерамі ў той час, калі міжнародная зона і французская канцэсія заставаліся вольнымі. Аднак і гэтыя тэрыторыі таксама былі акупаваны 8 снежня 1941 г. і заставаліся пад кантролем Японіі да капітуляцыі ў 1945 годзе. Падчас акупацыі адбыліся шматлікія вайсковыя злачынствы[7].

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дэльта ракі Янцзы

Шанхай размешчаны ў дэльце ракі Янцзы на ўсходнім узбярэжжы Кітая на прыкладна роўнай адлегласці ад Пекіна і Ганконга. Муніцыпалітэт у цэлым складаецца з паўвострава паміж Янцзы і Ханчжоў, а таксама шэрагу дробных астравоў. Гарадскі муніцыпалітэт мяжуе на поўначы і захадзе з правінцыямі Цзянсу, на поўдні з правінцыяй Чжэцзян, а на ўсходзе з Усходне-Кітайскім морам. Уласна горад дзеліцца напалову ракой Хуанпу, якая з’яўляецца адным з прытокаў Янцзы. Гістарычны цэнтр горада, раён Пусі, размешчаны на заходнім беразе Хуанпу, у той час як нядаўна пабудаваны раён Пудун, які змяшчае цэнтральны фінансавы рэгіён, быў пабудаваны на ўсходнім беразе.

Пераважная большасць гарадской плошчы з’яўляецца плоскай па тыпе рэльефу, за выключэннем некалькіх пагоркаў у паўднёва-заходнім рэгіёне, з сярэдняй вышынёй 4 м[8]. Размяшчэнне горада на плоскай алювіяльнай раўніне азначае, што новыя хмарачосы павінны быць пабудаваны з глыбокім бетонным мурам, каб спыніць іхняе апусканне ў мяккі грунт. Найвышэйшы пункт знаходзіцца на выспе Дадзінсян і мае 103 м у вышыню[8]. У горадзе шмат рэк, каналаў і азёр, ён таксама вядомы сваімі багатымі воднымі рэсурсамі як частка вадазборнага басейна Тайху[9].

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з кліматычнай класіфікацыяй Кёпена, Шанхай мае вільготны субтрапічны клімат, які складаецца з 4 сезонаў. Зімы халодныя і вільготныя, у гэты перыяд назіраюцца халодныя паўночна-заходнія вятры з Сібіры, якія могуць стаць чыннікам паніжэння тэмпературы ніжэй за нуль, аднак у большасці дзён зімы назіраюцца толькі адзін альбо два снегапады. Лета гарачае і вільготнае, у сярэднім каля 8 дзён трымаецца тэмпература, вышэйшая за 35 °C; у гэты сезон магчымы выпадковыя ліўні альбо навальніцы. Горад таксама ўспрымальны да тайфунаў у летні перыяд і на пачатку восені, ні адзін з якіх у апошнія гады не прынёс значных страт[10]. Вясна часта бывае зменлівай і дажджлівай; восень, як правіла, сонечная і сухая. Горад у сярэднім мае тэмпературу 4,2 °C у студзені і 27,9 °C у ліпені, гадавы паказчык складае 16,1 °C. Шанхай атрымоўвае ў сярэднім 1878 гадзін сонечнага святла ў год. Самая высокая тэмпература за ўсю гісторыю складала 40,2 °C, а самая нізкая была роўная −12,1 °C[11].

Клімат Шанхая
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Сярэдні максімум, °C 8,1 9,2 12,8 19,1 24,1 27,6 31,8 31,3 27,2 22,6 17,0 11,1
Сярэдні мінімум, °C 1,1 2,2 5,6 10,9 16,1 20,8 25,0 24,9 20,6 15,1 9,0 3,0
Норма ападкаў, мм 50,6 56,8 98,8 89,3 102,3 169,6 156,3 157,9 137,3 62,5 46,2 31,7 1 164,7
Крыніца: China Meteorological Administration

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з раёнаў Шанхая
Прынцыповая схема сеткі метро Шанхая

Шанхай з’яўляецца камерцыйным і фінансавым цэнтрам мацерыковага Кітая і займае пятае месца ў спісе глабальных фінансавых цэнтраў за 2011 год[12]. Гэта быў самы вялікі і квітнеючы горад на Далёкім Усходзе ў 1930-х гг., і яго хуткае паўторнае развіццё пачалося ў 1990-х гг.[13]. Прыкладам гэтага можа служыць раён Пудун, які стаў пілотнай тэрыторыяй інтэграваных эканамічных рэформ. Да канца 2009 г. у горадзе налічвалася 787 фінансавых інстытутаў, 710 з якіх былі з замежнымі інвестыцыямі[14]. У 2009 годзе Шанхайская фондавая біржа займала трэцяе месца сярод біржаў свету па аб’ёме гандлю і шосты радок з пункту гледжання агульнай капіталізацыі пералічаных кампаній. А па аб’ёмах таргоў такіх тавараў, як каўчук, медзь і цынк, Шанхайская біржа ф’ючарсаў займала першае месца ў свеце[15].

У апошнія два дзесяцігоддзі Шанхай з’яўляецца адным з самых хутка растучых гарадоў свету. З 1992 году Шанхай меў двухзначны працэнтны паказчык росту амаль кожны год, за выключэннем перыяду глабальнага эканамічнага спаду 2008 і 2009 гадоў[16]. У 2010 годзе агульны аб’ём ВУП Шанхая ўзрос да 1,687 трыльёнаў юаняў ($256,3 мільёнаў), а ВУП на душу насельніцтва склаў 76 тысячаў юаняў ($ 11540)[17]. Трыма найбуйнейшымі галінамі сферы паслуг у эканоміцы горада з’яўляюцца фінансавыя паслугі, рознічны гандаль і нерухомасць. Прамысловасць і сельская гаспадарка склалі 39,9 % і 0,7 % ад агульнага аб’ёму адпаведна. Сярэдні гадавы даход жыхароў Шанхая, паводле статыстыкі за першыя тры кварталы 2009 года, склаў 21871 юань[18]. Размешчаны ў самым сэрцы дэльты ракі Янцзы, Шанхай мае адзін з буйнейшых у свеце партоў. Шанхай імкнецца стаць міжнародным цэнтрам суднаходства ў найбліжэйшай будучыні[19].

Шанхай з’яўляецца адным з асноўных прамысловых цэнтраў Кітая, адыгрываючы адну з галоўных роляў у цяжкай прамысловасці Кітая. Вялікая колькасць прамысловых зон, у тым ліку Шанхайскай зоны эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, з’яўляецца асновай другаснага сектара эканомікі Шанхая. На цяжкія галіны прыпадае 78 % ВУП прамысловасці ў 2009 годзе. Найбуйнейшы сталеліцейны завод Кітая Baosteel Group і суднабудаўнічы завод Jiangnan, адзін з найстарэйшых суднабудаўнікоў Кітая, размешчаны ў Шанхаі[20]. Вытворчасць аўтамабіляў з’яўляецца яшчэ адной важнай галіной. Shanghai Automotive Industry Corporation («SAIC») з’яўляецца адной з трох найбуйнейшых аўтамабільных карпарацый у Кітаі. Кампанія мае стратэгічнае партнёрства з Volkswagen і General Motors[21].

Генеральны план гарадскога развіцця на перыяд 2017-35 гадоў імкнецца ператварыць горад у «мегаполіс з уплывам сусветнага маштабу». Шанхай мае змяніць мадэль свайго развіцця, кантраляваць колькасць насельніцтва і зямельны фонд для гарадской забудовы, прыкладаць намаганні па ахове навакольнага асяроддзя і забеспячэнні бяспекі. Згодна з планам, да 2035 года колькасць пастаяннага насельніцтва Шанхая павінна быць менш за 25 млн чалавек, плошча зямельных участкаў пад будаўніцтва знізіцца да 3200 км². План таксама зацвердзіў мэты павялічыць долю ляснога покрыва ў горадзе да 23 % і скараціць узровень канцэнтрацыі ўзважаных часціц PM2,5 у паветры да 25 мкг на кубаметр да 2035 года. Будуць пабудаваны, па меншай меры, адзін універсітэт і адна генеральная бальніца першага класа ў кожным прыгарадным раёне або суб-цэнтры Шанхая[22].

Па выніках 2022 года знешнегандлёвы абарот Шанхая дасягнуў рэкорднага ўзроўню ў 4,19 трлн юаняў (каля 620 млрд долараў). Аб’ём знешняга гандлю мегаполіса складаў 10 працэнтаў ад агульнага паказчыка краіны. Аб’ём экспарту транспартных сродкаў на новых крыніцах энергіі і літыевых батарэй з Шанхая павялічыўся за год адпаведна на 130,1 і 360,8 % — да амаль 84 млрд юаняў і 25,4 млрд юаняў[23].

Музеі[правіць | правіць зыходнік]

Гарады-пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]

Выбітныя ўраджэнцы і жыхары[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. В 2009 году численность постоянно проживающего в Шанхае приезжего населения достигла 5,42 млн человек (руск.). Xinhua News Agency. Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2011. Праверана 16 лютага 2011.
  2. а б в г д Danielson, Eric N. «Shanghai and the Yangzi Delta», 2004.
  3. Scarne, John. «Twelve years in China». Edinburgh: Constable, 1860: 187—209.
  4. Williams, S. Wells. «The Middle Kingdom: A Survey of the Geography, Government, Literature, Social Life, Arts, and History of the Chinese Empire and its Inhabitants», Volume 1, p. 107. Scribner (New York), 1904.
  5. «Shanghai Sanctuary» Архівавана 14 жніўня 2009. // Time.com
  6. Gordon Cumming, C. F. (Constance Frederica), «The inventor of the numeral-type for China by the use of which illiterate Chinese both blind and sighted can very quickly be taught to read and write fluently», London : Downey, 1899, archive.org
  7. «149 comfort women houses discovered in Shanghai» (недаступная спасылка) Архівавана 1 снежня 2008. // China View, 2005-06-16.
  8. а б «Topographic Features» Архівавана 3 кастрычніка 2011.. Basic Facts. Shanghai Municipal Government.
  9. «Water Resources» Архівавана 3 кастрычніка 2011.. Basic Facts. Shanghai Municipal Government.
  10. Spencer, Richard (19 September 2007). «1.6m flee Shanghai typhoon». The Daily Telegraph (UK).
  11. «Extreme Temperatures Around the World». mherrera.org
  12. «Taipei still in 19th place as financial center: survey». The Taipei Times.
  13. Scott Tong (October 2009). «Shanghai: Global financial center? Aspirations and reality, and implications for Hong Kong». Hong Kong Journal.
  14. «Shanghai Municipality» Архівавана 31 кастрычніка 2011.. hktdc.com.
  15. «The rise of Lujiazui Financial City in Shanghai» Архівавана 18 студзеня 2012.. CCTV News — CNTV English.
  16. «Growth rate of major national economic indicators over preceding year (1978~2010)» Архівавана 11 студзеня 2012.. stats-sh.gov.cn
  17. «Shanghai GDP rises 9,9 % last year, beating target». Shanghai Daily.
  18. «Average income hits 21,871 yuan». Shanghai Daily.
  19. «Shanghai aims at int’l financial and shipping center». China Daily.
  20. «Shipping industry woes». China Daily.
  21. «上海汽车工业(集团)总公司|上汽集团» Архівавана 29 мая 2011.. Saicgroup.
  22. Менш чым 25 млн жыхароў. Шанхай апублікаваў план гарадскога развіцця на наступныя 18 гадоў // zviazda.by, 18.01.2018.
  23. Шанхай нагандляваў амаль на 4,2 трыльёна юаняў // zviazda.by, 07.02.2023.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]