Шарль дэ Голь

З пляцоўкі Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
Шарль дэ Голь
французскі прэзідэнт
Шарль дэ Голь 
нарадзіўся: 22 лістапада 1890
Ліль, Францыя
памёр: 9 лістапада 1970
Каломбе-ле-дэз-Эліз, Францыя

Шарль-Андрэ-Жозеф-Мары дэ ГОЛЬ (франц: Charles-André-Joseph-Marie de Gaulle) французскі генерал і палітык, прэзідэнт Францыі ў перыяд 19591969 гг[1].

Змест

[правіць] Жыццяпіс

[правіць] Дзяцінства

Нарадзіўся ў 22 лістапада 1890 ў горадзе Ліль (Францыя) у арыстакратычнай каталіцкай сям'і. Бацька - Анры дэ Голь быў прафесарам па філасофіі і літаратуры ў езуіцкім вучылішчы, аказваў моцны ўплыў на Шарля. Яшчэ з ранняга дзяцінства бацька надаваў шмат увагі навучанню сына, на якога вельмі моцна паўплывала гісторыя, прывіўшы Шарлю амаль містычнае жаданне служыць Радзіме. Разам з тым праяўляўся вялікі інтарэс да ваеннай справы, што сказалася на выбары паступлення Шарля ў знакамітую французскую ваенную школу ў Сен-Сір. Вучобу скончыў на выдатна ў 1912.

[правіць] Першая сусветная вайна

З самага пачатку Першай сусветнай вайны Шарль дэ Голь прымае удзел у баявых дзеяннях, быў 3 раза паранены. Пасля апошняга ранення, у бітве пры Вердэне, знаходзіцца ў цяжкім становішчы[2], яму ўручаюць пасмертна ордэн. Але ён застаецца жыць, пападае ў нямецкі палон. Адкуль пяць разоў пытаецца збегчы. Менавіта пад час палона дэ Голь знаёміца з творамі нямецкіх аўтараў, больш пазнае Германію, што яму дапамогло ў будучым ваенным камандаванні, тут ён піша сваю першую кнігу «Разлад у краіне ворага» (апублікована ў 1916).

[правіць] 1920-ыя гады

Пасля заканчэння вайны, пачынаючы з 1919 да 1921 Шарль дэ Голь знаходзіцца ў Польшчы, дзе робіць выкладчыкам ваеннай справы, а чэрвені-жніўні 1920 прымае ўдзел у польска-савецкай вайне (19191921) са званнем маёр. Пасля вяртаецца на Радзіму, дзе 6 красавіка 1921 бярэ шлюб з Івонай Вандру, ад якога 28 снежня нараджаецца сын Філіп. Капітан дэ Голь варочаецца да працы выкладчыка, на гэты раз у Сен-Сіры, затым у 1922 дапушчаны ў Высшую Ваенную школу. 15 мая 1924 нараджаецца дачка - Элізабета, а ў 1928 дачка Ганна, якая хварэла на сіндром Дауна.

[правіць] Другая сусветная вайна

Генерал Шарль дэ Голь - звяртанне да народа.

Пачатак новай вайны дэ Голь сустрэў у званні палкоўніка. У красавіку 1940 атрымлівае званне брыгаднага генерала. 6 чэрвеня быў прызначаны намеснікам міністра нацыянальнай абароны. 16 чэрвеня 1940, калі маршал Петэн вёў перамовы аб капітуляцыі, дэ Голь эміграваў у Лондан[3], дзе абвініў урад Петэна ў здрадзе і 18 чэрвеня па радыё выступіў з заклікам да французскага народа працягваць змаганне з захопнікамі. Пад час знаходжання ў Лондане заснаваў рух «Вольная Францыя». Пасля высадкі англійска-амерыканскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы ў чэрвені 1943 у Алжыры быў створаны Францускі камітэт нацыянальнага вызвалення . Дэ Голь быў спачатку прызначаны яго сустаршынёй (сумесна з генералам Анры Жыро), а пасля аднаасобным старшынёй. У чэрвені 1944 камітэт быў перайменаваны ў Часовы ўрад Францускай рэспублікі.

[правіць] Пасляваенны час

Пасля вызвалення Францыі ў жніўні 1944 дэ Голь у якасці кіраўніка часовага ўраду з трыумфам вярнуўся ў Парыж. Аднак галісцкі прынцып моцнай выканаўчай улады ў канцы 1945 быў адхілены выбарцамі, якія ўхвалілі канстытуцыю, шмат у чым падобную да канстытуцыі Трэцяй рэспублікі. У студзені 1946 дэ Голь сышоў у адстаўку.

У 1947 дэ Голь заснаваў новую партыю – Аб'яднанне францускага народу, галоўнай задачай якой стала скасаванне Канстытуцыі 1946, якая абвясціла Чацвёртую рэспубліку. Аднак партыі не атрымалася дасягнуць жаданага выніку, і ў 1955 яна была распушчаная.

У мэтах захавання прэстыжу Францыі і ўмацавання яе нацыянальнай бяспекі дэ Голь падтрымаў Еўрапейскую праграму рэканструкцыі і Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора. Падчас каардынацыі ўзброеных сіл Заходняй Еўропы ў канцы 1948 дзякуючы ўплыву дэ Голя французам было перададзенае камандаванне сухаземнымі войскамі і флотам. Як і многія французы, дэ Голь працягваў ставіцца з падазрэннем да «моцнай Германіі» і ў 1949 выступіў супраць Бонскай канстытуцыі, якая паклала канец заходняй вайсковай акупацыі, але не адпавядала планам Шумана і Плевена (1951).

У 1953 дэ Голь адышоў ад палітычнай дзейнасці, пасяліўся ў сваім маёнтку ў Каломбе-ле-дэз-Эліз і заняўся напісаннем сваіх «Ваенных мемуараў».

У 1958 зацяжная каланіяльная вайна ў Алжыры спрычынілася да вострага палітычнага крызысу. 13 мая 1958 у алжырскай сталіцы ультракаланіялісты і прадстаўнікі францускага войска ўзнялі мяцеж. Неўзабаве да іх далучыліся прыхільнікі генерала дэ Голя. Усе яны выступалі за ўтрыманне Алжыра ў складзе Францыі. Сам генерал пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў умела скарыстаўся гэтым і дамогся згоды Нацыянальнага сходу на стварэнне свайго ўрада на прадыктаваных ім умовах.

[правіць] Пятая рэспубліка

Шарль дэ Голь (першы з права) і Рычард Ніксан (1969)

Першыя гады пасля вяртання да ўлады дэ Голь займаўся ўмацаваннем Пятай рэспублікі, фінансавай рэформай, пошукамі развязання алжырскага пытання. 28 верасня 1958 на рэферэндуме была прынятая новая канстытуцыя краіны.

21 снежня 1958 дэ Голь быў абраны прэзідэнтам рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам узрос уплыў Францыі на міжнароднай арэне. Аднак у каланіяльнай палітыцы дэ Голь сутыкнуўся з праблемамі. Пачаўшы ўрэгулёўваць алжырскую праблему, дэ Голь цвёрда праводзіў курс на самавызначэнне Алжыра. У адказ на гэта выбухнулі мяцяжы францускага войска і ўльтракаланіялістаў у 1960 і 1961, тэрарыстычная дзейнасьць Узброенай сакрэтнай арганізацыі, замах на дэ Голя. Тым ня менш пасля падпісання Эвіянскіх дагавораў Алжыр атрымаў незалежнасць.

У верасні 1962 дэ Голь прапанаваў папраўку да канстытуцыі, паводле якой выбары прэзідэнта рэспублікі павінны праводзіцца праз усеагульнае галасаванне. Сутыкнуўшыся з супрацівам Нацыянальнага сходу, вырашыў звярнуцца да рэферэндума. На кастрычніцкім рэферэндуме папраўка была ўхваленая большасцю галасоў. Лістападаўскія выбары прынеслі перамогу галісцкай партыі.

У 1963 дэ Голь наклаў вета на ўступленне ў «Агульны рынак» Вялікабрытаніі, блакіраваў спробу ЗША паставіць у краінах НАТА ядзерныя ракеты, адмовіўся падпісаць дамову аб частковай забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. Яго вонкавая палітыка спрыяла прымірэнню і збліжэнню Францыі і Заходняй Германіі. У 1963 дэ Голь наведаў Блізкі Усход і Балканы, а ў 1964Лацінскую Амерыку.

21 снежня 1965 дэ Голь быў пераабраны на пост прэзідэнта на наступны 7-гадовы тэрмін. Доўгае супрацьстаянне ў рамках НАТА дасягнула кульмінацыі ў пачатку 1966, калі францускі прэзідэнт вывеў сваю краіну з складу ваеннай структуры блоку. Тым ня менш Францыя засталася членам Атлантычнага дагавору.

Выбары ў Нацыянальны збор у сакавіку 1967 прынеслі галісцкай партыі і яе хаўруснікам невялікую большасць, а ў маі 1968 пачаліся студэнцкія хваляванні і агульнанацыянальны страйк. Прэзідэнт ізноў распусціў Нацыянальны збор і прызначыў новыя выбары, перамогу на якіх атрымалі галісты. 28 красавіка 1969, пасля паражэння на рэферэндуме 27 красавіка па пытанні аб рэарганізацыі сенату, дэ Голь сышоў у адстаўку. Памёр дэ Голь у Каломбе-ле-дэз-Эліз 9 лістапада 1970.

  1. Cinquième République
  2. http://www.grolier.com/wwii/wwii_degaulle.html
  3. http://www.assemblee-nationale.fr/histoire/gvt3rep.asp#paulreynaud Assemblée Nationale Française (2008). Retrieved on 2008-11-02.

[правіць] Гл. таксама

[правіць] У Сеціве

Commons