Шведская Памеранія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шведская Памеранія на карце шведскіх уладанняў у 1658 годзе

Шведская Памеранія (шведск.: Svenska Pommern) — тэрыторыя на часткі Памераніі, якую Швецыя атрымала паводле Вестфальскага міру 1648 года і захоўвала ў сваім складзе да 1815 года. У тэрыторыю ўваходзілі гарады Штральзунд і Грайфсвальд, а таксама востраў Руген, да 1720 года таксама горад Штэтын.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Трыццацігадовай вайны герцагства Памеранія стала месцам вядзення баявых дзеянняў паміж войскамі шведскіх войскаў лютэранскага караля Густава II Адольфа і каталіцкіх войскаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Швецыя, якая ўступіла ў вайну на баку лютэранскіх княстваў на поўначы Германіі, у 1628 годзе заключыла саюз з горадам Штральзундам, які знаходзіўся пад аблогай імперскіх войскаў, пасля чаго ў шведаў з'явіўся апорны пункт для наступу ўглыб краіны. 10 ліпеня 1630 годзе Швецыя заключае «вечны саюз» з герцагам памеранскім Багіславам (Багуславам) XIV і ў тым жа годзе шведская армія ўсталёўвае поўны кантроль над тэрыторыяй герцагства. З гэтага моманту Густаў II Адольф становіцца фактычным кіраўніком Памераніі.

У 1637 годзе Багіслаў памёр, не пакінуўшы спадчынніка. У наступныя 11 гадоў кіраванне вялося шведскай ваеннай адміністрацыяй. Вестфальскі мір афіцыйна перадаў Швецыі частку Пярэдняй Памераніі. Агульная плошча шведскіх уладанняў у Памераніі склала каля 2000 км².

У наступныя дзесяцігоддзі Шведская Памеранія неаднаразова падвяргалася нападам палякаў, аўстрыйцаў і брандэнбуржцаў. У 1675—79 гадах была акупавана Даніяй і Брандэнбургам. Падчас Паўночнай вайны была захоплена сіламі кааліцыі Даніі, Рэчы Паспалітай, Прусіі і Расіі. Паводле Стакгольмскага мірнага дагавора 1720 года Прусія атрымала большую частку выйграных шведамі ў 1648 годзе тэрыторый. За шведамі засталася толькі вобласць плошчай у 700 км². Спробы вярнуць страчаныя тэрыторыі падчас Сямігадовай Вайны не ўвянчаліся поспехам.

Шведская Памеранія ў 1812 годзе

У эканамічным плане ўладанні ў Памераніі не прыносілі Швецыі даходу, а наадварот, патрабавалі фінансавання, напрыклад, на ўтрыманне крэпасці ў Штральзундзе і знаходжанне войскаў у правінцыі ў цэлым. У канцы XVIII стагоддзя ў Шведскай Памераніі пражывала прыкладна 100 000 чалавек, 2/3 з якіх складалі прыгонныя сяляне. Меліся свае суды, а таксама Вярхоўны суд нямецкіх правінцый Швецыі ў горадзе Вісмар. Мясцовая знаць мела вялікія прывілеі.

У 1807 г. падчас вайны чацвёртай кааліцыі Францыя акупавала Пярэднюю Памеранію. Паводле Кільскага міру 1814 года Шведская Памеранія была перададзена Даніі, наўзамен на скасаванне дацка-нарвежскай уніі і перадачы Нарвегіі Швецыі. У тым жа годзе былая шведская тэрыторыя была перададзена Прусіі, якая выплаціла і Швецыі, і Даніі грашовыя кампенсацыі. Шведская Памеранія была затым уключана ў склад прускай правінцыі Памеранія.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]