Шкала Кінсі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Шкала сексуальнасці Кінсі)

Шкала Кінсі — спроба замерыць і ацаніць сексуальную арыентацыю, ад 0 (выключна гетэрасексуальная) да 6 (выключна гомасексуальная), адзін з метадаў сексалогіі для адлюстравання зменлівасці сексуальных паводзінаў.

Амерыканскі сацыёлаг Альфрэд Кінсі ў 19401950-я ўпершыню правёў буйныя сацыялагічныя апытанні датычна сексуальных перавагаў. У абагульняючых працах «Сексуальныя паводзіны самца чалавека» (Sexual Behavior in the Human Male) (1948) і «Сексуальныя паводзіны самкі чалавека» (Sexual Behavior in the Human Female) (1953), ён зрабіў выснову, што людзі не падзяляюцца аднастайным чынам на гетэрасексуалаў, бісексуалаў і гомасексуалаў, і што мяжа паміж гома-, бі- і гетэрасексуальнасцю дастаткова тонкая і ўмоўная і часцяком вельмі цяжка вызначыць яе.

Згодна дадзеным даследаванняў Кінсі, большасці людзей уласцівыя ў пэўнай ступені як гетэрасексуальныя, так і гомасексуальныя праявы (адпаведныя жаданні, эратычныя фантазіі, мроі з эратычным зместам ці беспасярэдне сексуальны досвед). Толькі 5-10 % апытаных можна кваліфікаваць як адносна, але ўсё-такі не стопрацэнтна, «чыстых» (умоўна кажучы, 99,9%-ых, але не 100%-ых) гетэрасексуалаў альбо гомасексуалаў.

Стопрацэнтна гомасексуальных альбо гетэрасексуальных людзей, згодна з Кінсі, увогуле няма, бо хаця б на эстэтычным узроўні і на ўзроўні сацыяльных зносінаў гомасексуалы могуць цаніць супрацьлеглы, а гетэрасексуалы — свой пол. Гэтаксама, згодна з Кінсі, няма «50 % на 50 %» бісексуалаў, у бісексуалаў заўжды ёсць тыя ці іншыя густы і перавагі, якія могуць у тым ліку і змяняцца з цягам часу, але ў кожны момант яны ёсць.

І метады даследавання, і высновы, якія зрабіў Кінсі, у далейшым не раз аспрэчваліся, але ўведзенае ім уяўленне аб тым, што сексуальная арыентацыя не носіць дыскрэтны характар (то бок не «гома» ці «гетэра», а шкала ад 100 % абсалютнай гетэрасексуальнасці да 100 % абсалютнай гомасексуальнасці, прычым, як відаць, з недасяжнымі ўскрайнімі канцамі спектра, і на гэтай шкале большасць людзей аказваюцца не на краях спектра, а бліжэй да цэнтру) дагэтуль застаецца ў навуковым абароце, і дастаткова шырока распаўсюджана ў побытавым разуменні.

Цытата[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўляючы шкалу, Кінсі пісаў:

Мужчыны не падзяляюцца на дзве неперакрэсліваемыя групы, гетэрасексуальную і гомасексуальную. Нельга ўвесь свет падзяліць на авечак і казлоў… Толькі чалавечы розум спрабуе вынайсці розныя катэгорыі і імкнецца ўсё раскласці па палічках. Але ў жывым свеце усе бакі рэчаіснасці ўзаемазвязаныя. І чым хутчэй мы ўсвядомім гэта ў частцы сексуальных паводзінаў, тым глыбей спасцігнем сутнасць сексу.

Шкала Кінсі[правіць | правіць зыходнік]

Рэйтынг Апісанне
0 выключна гетэрасексуальныя паводзіны
1 пераважна гетэрасексуальныя паводзіны з рэдкімі альбо адзінкавымі няўрочнымі праявамі гомасексуальнасці
2 пераважна гетэрасексуальныя паводзіны са значнай гомасексуальнай цягай
3 аднолькавая пацяга да абодвух палоў
4 пераважна гомасексуальныя паводзіны са значнай гетэрасексуальнай цягай
5 пераважна гомасексуальныя паводзіны з рэдкімі альбо адзінкавымі няўрочнымі праявамі гетэрасексуальнасці
6 выключна гомасексуальныя паводзіны

Статыстычныя факты даследаванняў Кінсі[правіць | правіць зыходнік]

  • Мужчыны: 11,6 % белых мужчынаў ва ўзросце 20-35 год атрымалі ацэнку 3 для гэтага перыяду іхнага жыцця
  • Жанчыны: 7 % незамужных жанчын и 4 % замужных ва ўзросце 20-35 атрымалі ацэнку 3 для гэтага перыяду іхнага жыцця
  • Агулам:
    • 10 % апытаных прызналі цалкам гомасексуальныя паводзіны з моманту полавага саспявання
    • 25 % прызналі сваю гомасексуальную пацягу значнай, пры тым не з’яўляючыся цалкам гомасексуальнымі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]