Школа Аналаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Школа «Аналаў» — навуковы кірунак, які ўзнік ў Францыі і гуртуецца вакол заснаванага Маркам Блокам і Люсьенам Феўрам часопіса, які выходзіў пад назвай «Аналы» (1929—1939), «Аналы сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» (1939—1941), «Аналы сацыяльнай гісторыі» (1941—1945), неперыядычныя «Зборнікі сацыяльнай гісторыі» (тым самым часам), «Аналы. Эканомікі. Грамадства. Цывілізацыі» (1945—1994), «Аналы. Гісторыя, сацыяльныя навукі» (з 1994 па цяперашні час).

Выступалі за стварэнне новай «сінтэтычнай» (шматмернай і рознабаковай) гісторыі ў супрацьвагу «падзейнай», якая проста апавядае пра змену, чаргаванне гістарычных падзей. У даследаваннях прадстаўнікоў Школы «Аналаў» шмат увагі надавалася аналізу праблем ментальнасці, карціны свету розных народаў, псіхалагічных станаў людзей розных гістарычных эпох, духоўнай культуры і іншаму.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне школы «Аналаў» звязана з навуковымі і культурнымі традыцыямі Францыі. Гісторыя ў Францыі заўсёды займала вядучае месца сярод гуманітарных навук. У Германіі, напрыклад, такое месца адводзілася навуцы пра права, адсюль юрыдычная арыентацыя нямецкай гістарычнай навукі XIX ст. У Вялікабрытаніі — палітэканоміі, адсюль эканамічная скіраванасць брытанскай гістарыяграфіі таго самага часу. Стваральнікі школы «Аналаў» лічаць сярод сваіх папярэднікаў Вальтэра, Ф. Р. Шатабрыяна, Ф. П. Г. Гізо, Ж. Мішле, Н.-Д. Фюстэля дэ Куланжа. Менавіта ў Францыі ў першай палове XIX ст. паўстала рамантычная гістарыяграфія (напрыклад, А. Цьеры), якая ставіла за мэту пранікненне ў «дух эпохі». Да гісторыкаў, якія паўплывалі на з’яўленне школы «Аналаў», адносяць А. Пірэна (Бельгія), Ё. Хёйзінгу (Нідэрланды).

Стварэнне школы «Аналаў» было спробай пераадолення крызісу традыцыйнай, пазітывісцкі арыентаванай гістарычнай навукі. Сутнасць «каперніканскай рэвалюцыі», як назвалі ўзнікненне школы «Аналаў» прыхільнікі гэтага кірунку, складалася ў замене класічнай «гісторыі-апавядання» «гісторыяй-праблемай».

Адной з прычын названага крызісу стала аб’ектыўнае пашырэнне сферы гістарычнага даследавання. На працягу XIX ст. у поле зроку гісторыкаў трапілі, акрамя звыклых хронік, дзяржаўныя акты, судовыя рашэнні, пазямельныя вопісы і г.д. Гэта прывяло да таго, што ранейшая адзіная гісторыя стала драбніцца на эканамічную, палітычную, сацыяльную і іншыя гісторыі. Узнікла праблема стварэння «татальнай» гісторыі, то-бок гісторыі, якая апісвае ўсё існае ў грамадскай сувязі — эканамічнай, сацыяльнай, культурнай.

Ёсць таксама прычыны ўзнікнення школы «Аналаў», якія ляжаць па-за ўласна гістарычнай навукай. У пачатку XX ст., а асабліва пасля Першай сусветнай вайны, адбываецца дэмакратызацыя грамадства Заходняй Еўропы, але таксама і «дэмакратызацыя» гістарычнай навукі, абвастраецца ўвага да мас, да «маленькіх» людзей. Адначасова, на фоне войнаў і рэвалюцый і ў навуцы, і ў грамадстве расце цікавасць да фундаментальных прычын гістарычных з’яў. Школа «Аналаў» звяртаецца да іншага аб’екту вывучэння і ставіць у цэнтр не дзейнасць «вялікіх» людзей, не апісанне падзей, у першую чаргу палітычных, а даследаванне грамадства агулам у яго цэласнасці, выкрыццё глыбінных структур, якія існавалі на працягу вялікіх часавых перыядаў.

Адначасова, у спробах пабудовы «татальнай» гісторыі прадстаўнікі школы «Аналаў» шукалі той «атам» гісторыі, тую кропку, у якой злучаюцца эканамічныя, сацыяльныя, культурныя сферы чалавечага быцця.

" Прадмет гісторыі ў дакладным і апошнім сэнсе -- свядомасць людзей.[1] "

Менавіта прадстаўнікі школы «Аналаў» ўвялі ў навуковы і не толькі навуковы абарот паняцце «ментальнасць», то-бок нейкі агульны для ўсіх членаў нейкага соцыуму набор нерэфлектаваных установак, звычак свядомасці, нейкі «разумовы інструментарый» (Л. Феўр): уяўленне пра прастору і час, пра багацце і права, пра лёс і індывідуальнасць і падобнага. Пры гэтым, названыя ўяўленні не належаць да сферы ідэалогіі, але самі сабой разумеюцца, не цалкам свядомымі або цалкам неўсвядомленымі. Зыходзячы з ідэалаў «татальнага» апісання, школа «Аналаў» паставіла праблему масавых сведчанняў, ментальнасці, гістарычнай свядомасці, змены ўстановак, сістэм каштоўнасцяў на працягу стагоддзяў.

Чацвёртае пакаленне[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XX ст. дзейнасць школы «Аналаў» як навуковага кірунку, звязанага не толькі з часопісам «Аналы», перасягнула межы Францыі. Да даследчыкаў, якія працуюць у межах навуковага кірунку, належаць П. Бёрк (Вялікабрытанія), К. Гінцбург (Італія), А. Я. Гурэвіч (Расія), Н. З. Дэвіс (ЗША) і іншыя.

Зноскі

  1. Блок, М. Апология истории или ремесло историка / Пер. с фр. Е. Лысенко. — М., 1986. — С. 17.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]