Эдмунд Гусерль
Эдмунд Гусерль (Гусэрль) (ням.: Edmund Husserl; 1859 — 1938) — нямецкі філосаф.
Прафесар у Гале, Гётынгене, Фрайбургу.
Заснавальнік фенаменалогіі. Паводле Гусерля, філасофія не мае дачынення ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — толькі з'явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Лічыў асабістыя перажыванні суб'екта, яго ўспрыманне і інтуіцыю асноўным крытэрыем ісціны. Вылучыў ідэю «жыццёвага свету» як першаснага сацыяльна-культурнага вопыту. Сцвярджаў, што з дапамогай рэканструкцыі «жыццёвага свету» мінулых культур можна вытлумачыць змест і глыбінную сутнасць пісьмовых помнікаў розных гістарычных эпох. Погляды Э. Гусерля паўплывалі на станаўленне і развіццё філасофскай антрапалогіі, экзістэнцыялізму, іншых філасофскіх кірункаў.
Аўтар працы «Лагічныя даследаванні» (Т. 1-2; 1900—1901) і інш.
Літаратура[правіць]
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 5. — Мн., 1997. — С. 543.
- Великие мыслители Запада. — М., 1998. — С. 608.
- Гусерль Эдмунд // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6