Энеты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Энеты
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Малая Азія
Мова
Рэлігія
Блізкія этнічныя групы

Энеты, таксама генеты, венеты (стар.-грэч.: γιενετοι, γενετοι) — старажытны народ у Малой Азіі, саюзнікі тэўкраў у вайне з ахейцамі.

Гамер[правіць | правіць зыходнік]

Фактычна адзінай сапраўднай гістарычнай крыніцай існавання энетаў з’яўляецца "Іліяда" Гамера. Сярод іншых саюзнікаў Троі ён узгадваў правадыра Пілемена, які прывёў з сабою племя энетаў з Пафлагоніі, дзе "ёсць статкі дзікіх мулаў"[1].

Страбон[правіць | правіць зыходнік]

Страбон звярнуўся да праблемы існавання энетаў у сувязі з выяўленнем паходжання венетаў Адрыятыкі. У яго час венеты лічыліся прамымі нашчадкамі энетаў, якія пасля паражэння тэўкраў перасяліліся ў Фракію, а потым далей на захад[2]. Страбон заўважыў, што атаясненне венетаў з энетамі адбылося толькі дзякуючы падабенству назвы. Сам ён лічыў венетаў Адрыятыкі сваякамі венетаў з Арморыкі[3]. Ён наракаў на адсутнасць у яго час тапонімаў з найменнем энетаў у Малой Азіі і меркаваў, што частка энетаў павінна была застацца на радзіме і ўвайсці ў склад кападакійцаў[4].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на поўную адсутнасць археалагічных сведчанняў і ясных лінгвістычных доказаў, у сучаснай навуковай і калянавуковай літаратуры энетаў часцяком узгадваюць, калі імкнуцца даказаць малаазіяцкае паходжанне не толькі венетаў Адрыятыкі, але нават венедаў Усходняй Еўропы[5].

Зноскі

  1. Гамер, Іліяда, 2:852
  2. Страбон. Кніга 12, III:8, III:25
  3. Страбон. Кніга 4, IV:1
  4. Страбон. Кніга 12, III:25
  5. Гл. для прыкладу: THE VENETIC LANGUAGE, а таксама Павел Тулаев, Новое открытие венетов