Эолія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эалійскі дыялект у Старажытнай Грэцыі

Эо́лія або Эалі́да (Αἰολίς) — гістарычная вобласць Старажытнай Грэцыі на тэрыторыі заходняй Малой Азіі, населеная пераважна грэкамі-эалійцамі. У шырокім сэнсе, Эоліяй можа звацца уся Грэцыя, населеная эалійцамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна паданням, эалійцы перасяліліся на захад Малой Азіі і суседнія эгейскія астравы ў XII - XI стст. да н. э. Археолагі выявілі, што найстаражытнейшыя грэчаскія паселішчы на ўсходнім беразе Эгейскага мора ўзніклі не раней за VIII ст. да н. э. Герадот паведамляў, што ў склад Эоліі першапачаткова ўваходзіла 12 полісаў, аднак у 650 г. да н. э. поліс Смірна ўвайшоў у склад Іанійскага саюза. Такім чынам, засталося 11 гарадоў-дзяржаў[1]. Акрамя таго, па суседству на востраве Лесбас існавала яшчэ 5 гарадоў.

У VI ст. да н. э. Эолія трапіла пад уладу Лідыі, а потым дзяржавы Ахеменідаў. У выніку войнаў паміж Ахеменідамі і балканскай Грэцыяй Эолія часова набыла незалежнасць, хаця знаходзілася пад уплывам Афінаў. У 428 - 427 гг. да н. э. афіняне пакаралі лесбасцаў за спробу выйсці з палітычнага саюза з імі і разбурылі Мітылену. У канцы V ст. да н. э. Эолія зноў перайшла пад кантроль персаў. У 334 г. да н. э. Эолія была далучана да Македоніі. Пасля смерці Аляксандра Македонскага ўваходзіла ў склад эліністычных малаазіяцкіх дзяржаў. У 133 г. да н. э. стала часткай Рымскай дзяржавы.

Эалійскія аб'яднанні[правіць | правіць зыходнік]

У складзе Рымскай імперыі ўзгадваўся Эалійскі саюз полісаў, які меў важную эканамічную і рэлігійную ролю. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што саюз паміж эалійскімі полісамі існаваў і ў больш старажытныя часы[2].

Зноскі

  1. Герадот, I:149-151
  2. Гл. Carl Roebuck, The Early Ionian League