Эпігоны (міфалогія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Эпігоны, міфалогія)

Эпіго́ны (стар.-грэч.: ἐπίγονοι, літаральна — «нашчадкі») у старажытнагрэчаскай міфалогіі[1] — сыны герояў, што ўдзельнічалі ў вядомым паходзе супраць Фіваў, якія распачалі праз дзесяць гадоў пасля няўдалага паходу іх бацькоў новую вайну.

Гэта былі: Алкмеон, сын Амфіярая, Эгіялей, сын Адраста, Дыямед, сын Тыдэя, Промах, сын Парфенапея, Сфенел, сын Капанея, Ферсандр, сын Палініка, і Эўрыял, сын Мекістэя.

Па ўказанні Дэльфійскага аракула галоўнае камандаванне дасталася Алкмеону, які падступіў да горада з вялікім войскам аргівян; фіванцамі камандаваў сын Этэокла Лаадамант. Калі ён паў у бітве (з боку эпігонаў быў забіты Эгіялей), фіванцы вярнуліся ў горад, але затым, па савеце прадракальніка Тырэсія, пакінулі Фівы, паслаўшы да аргівян ганца з прапановай міру. Даведаўшыся пра ўцёкі фіванцаў, аргівяне ўзялі горад і разбурылі яго, прычым частку здабычы, а таксама дачку Тырэсія Манто адправілі ў Дэльфы, самі ж вярнуліся дамоў, паспяхова скончыўшы прадпрыемства.

Гамер[2] прыводзіць словы Сфенела аб ўзяцці Фіваў, але лічба сем ім не згадана. Паэтычная распрацоўка падання пра вайну эпігонаў была дадзена ў кіклічнай паэме «Эпігоны»; у Дэльфійскім храме стаялі прысвечаныя аргівянамі статуі эпігонаў. Іх паход апісаны ў трагедыі Эсхіла «Эпігоны» (фр. 55 Рат), трагедыі Сафокла «Эпігоны» (фр. 185—190 Рат), трагедыях Астыдаманта Малодшага, невядомага аўтара і Акцыя «Эпігоны».

Зноскі

  1. Мифы народов мира. М.: 1991—1992. В 2-х т. Т. 2. С. 664; Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка I 9, 13; III 7, 2-5
  2. Гамер. Іліяда IV 405—410

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).