Эрэбар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Эрэбор)
Інтэрпрэтацыя Адзінокай гары

Э́рэбар, або Адзінокая Гара (англ.: Lonely Mountain, сінд.: Erebor) — у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна назва адначасова гары і размешчанага пад ёй каралеўства гномаў.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Эрэбар размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы Міжзем'я, на поўдзень ад усходняга ўскрайка Шэрых Гор (Эрэд Мітрын) і на захад ад горнай сістэмы Жалезных Узгоркаў; такім чынам, з усіх бакоў свету Эрэбар акружаны бязлеснымі стэпамі (што і паўплывала на ўтварэнне тапоніму — Адзінокая Гара).

У некалькіх дзясятках кіламетраў на поўдзень ад Эрэбара знаходзіцца Доўгае Возера, утворанае на месцы зліцця Лясной ракі, якая працякае праз Ліхалессе і землі эльфійскага каралеўства і ракі Келдуін, якая бярэ свой пачатак на схілах Адзінокай Гары і далей выходзіць з возера і ўпадае ва ўнутранае мора Рун.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каралеўства заснаваў у 1999 годзе Трэцяй Эпохі Траін I, сын Наіна, пасля зыходу гномаў з Морыі. У Эрэбары быў знойдзены каштоўны Камень Камянёў — Аркенстан, або Сэрца Гары. Каралеўства Эрэбар сталі называць Падгорным каралеўствам, а яго кіраўніка — Падгорным каралём ці Каралём-пад-Гарой.

У 2770 годзе Т. Э. дракон Смог Залаты, даведаўшыся пра багацці Эрэбара, раптоўна напаў на каралеўства. Многія з гномаў загінулі, аднак некаторым, у тым ліку каралю Трору, яго сыну Траіну II і ўнуку Торыну ўдалося выратавацца, дзякуючы чаму была захавана радавая лінія Дурына і ўтворана каралеўства ў выгнанні. Дракон жа, выгнаўшы жыхароў Гары, запоўз у створаны гномамі лабірынт і залёг там на грудзе скарбаў.

170 гадоў ніводная жывая істота не адважылася пракрасціся ў Эрэбар з-за страху, які нагнаў дракон на былых гаспадароў і суседзяў Эрэбара. Аднак у 2941 годзе Т. Э. спадчыннік трона Эрэбара Торын Дубашчыт, натхнёны магам Белага Савета Гэндальфам Шэрым і заручыўшыся падтрымкай хобіта Більба Бэгінса, вырашыўся пракрасціся ў скарбніцу Гары праз тайны ход (менавіта праз яго ў свой час выратаваліся бацька і дзед Торына). Добра разумеючы няроўнасць сіл і марнасць адкрытага супрацьстаяння, Торын планаваў тайна выкрасці частку скарбаў, якія некалі належалі яму (у тым ліку Аркенстан); аднак нават такое ўмяшанне не застолося незаўважаным драконам, і атрад Торына падвергся нападу з паветра на схілах Эрэбара. Гномы толькі цудам засталіся ў жывых, а раз'юшаны Смог абрынуў свой гнеў на жыхароў размешчанага на поўдні Эсгарота, але быў забіты Бардам Лучнікам.

Пасля Бітвы Пяці Войскаў, у якой паў Торын, гномы вярнуліся ў Эрэбар, і новы кароль — Даін II Жалезнастоп — адрадзіў багацце і славу Падгорнага каралеўства.

Падчас Вайны Пярсцёнка арміі ўсходніх саюзнікаў Саўрана атакавалі Эрэбар і аблажылі яго, тройчы спрабуючы ўзяць непрыступную цытадэль гномаў штурмам. Абараняючы Гару, на подступах да яе паў кароль Даін II. Аднак пасля гібелі Пярсцёнка Усеўладдзя гномы і іх саюзнікі, людзі Дэйла, адкінулі армію оркаў і істэрлінгаў і прымусілі да ўцёкаў.

У Чацвёртую Эпоху Эрэбар захаваў сваё багацце і незалежнасць, стаўшы саюзнікам Уз'яднанага Каралеўства Гондара і Арнара.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]