Эфіопская Каталіцкая Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Эфіопская каталіцкая царква)

Эфіопская каталіцкая царква — адна з усходнекаталіцкіх цэркваў, якія прытрымліваюцца эфіопскага абраду, што ўзыходзіць да Александрыйскай літургічнай традыцыі. Узнікла ў выніку заключэння уніі з Рымам часткі Эфіопскай праваслаўнай царквы. Прыхільнікі пражываюць, галоўным чынам у Эфіопіі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкія місіянеры прапаведавалі ў Эфіопіі з XIV стагоддзя. У 1439 годзе Папа Яўген IV звяртаўся да імператара Эфіопіі з заклікам заключыць унію, аднак прапанова была адпрэчана. Умацаванне ваенна-палітычных сувязяў паміж Эфіопіяй і Еўропай адбылося ў XVI стагоддзі, калі хрысціянская Эфіопія насілу стрымлівала напады мусульман. Партугальская ваенная дапамога дапамагла Эфіопіі ў 1543 годзе разбіць мусульманскую армію.

У XVII стагоддзі актывізаваліся спробы заключэння уніі, галоўную ролю пры гэтым адыгралі езуіты, якія прыбылі ў Эфіопію. Спробы ўвянчаліся поспехам у 1622 годзе, калі імператар Сісіній заключыў з Рымам дагавор, паводле якога Эфіопская праваслаўная царква ўваходзіла ў літургічныя зносіны з Рымам, становячыся, такім чынам, адной з усходнекаталіцкіх цэркваў. Папа Рыгор XV прызначыў для царквы патрыярха — партугальца Альфонса Мендэша.

Выбар апынуўся вельмі няўдалым. Мендэш прыбыў у Эфіопію ў 1626 годзе. Ён спрабаваў латынізаваць літургію і царкоўны статут, а імператар гвалтоўна ўводзіў новыя парадкі, незадаволенасць народа душылася сілай. Пасля гібелі Сісінія ў 1632 годзе яго пераемнік Васіль скасаваў унію, частку місіянераў пакараў смерцю і выгнаў каталікоў з краіны.

Наступная спроба ўсталяваць сувязі паміж лацінскай і эфіопскай цэрквамі была прадпрынятая толькі ў 1839 годзе, калі ў краіне пачалі працаваць місіі лазарыстаў і капуцынаў, у 1849 годзе быў арганізаваны апостальскі вікарыят. Першым апостальскім вікарыем Эфіопіі стаў святы Юстын дэ Якобіс, лазарыст, які здолеў часткова пераадолець варожае стаўленне мясцовага насельніцтва да каталікоў сваёй дабрачыннай дзейнасцю і цвёрдай падтрымкай эфіопскага абраду. Канчатковы дазвол на свабодную дзейнасць каталікоў у краіне быў атрыманы толькі ў 1889 годзе. У гэты ж перыяд пад кантроль італьянцаў перайшла Эрытрэя, дзе рэзка актывізавалася каталіцкая місія, у выніку чаго колькасць каталікоў эфіопскага абраду вырасла.

Пасля заканчэння другой сусветнай вайны Эрытрэя была далучана да Эфіопіі. У 1961 годзе былі заснаваны пастаянныя структуры Эфіопскай каталіцкай царквы. Была створана мітраполія ў Адыс-Абебе і суфраганныя дыяцэзіі ў Асмэры і Ады-Граце. У 1993 годзе Эрытрэя зноў стала незалежнай, пасля чаго былі заснаваны яшчэ дзве дыяцэзіі ў гэтай краіне. У 2015 годзе чатыры дыяцэзіі, якія размешчаны на тэрыторыі Эрытрэі, былі вылучаны ў асобную мітраполію, утварыўшы, такім чынам, новую Эрытрэйскую царкву[1].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Эфіопская каталіцкая царква мае статус мітраполіі. Рэзідэнцыя архібіскупа-мітрапаліта размяшчаецца ў Адыс-Абебе. Суфраганнымі ў адносінах да мітраполіі з'яўляюцца Ады-Грацкая, Бахр-Дарская і Эмдыбірская дыяцэзіі. Кафедральны сабор мітраполіі — сабор Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Адыс-Абебе. З 1991 года царкву ўзначальвае архібіскуп-мітрапаліт кардынал Берханэ Сурафі, які належыць да ордэна лазарыстаў.

Паводле даных Annuario Pontificio за 2014 год колькасць прыхільнікаў царквы складала 206 067 чалавек. Царква налічвае 8 біскупаў, 238 прыходаў, 721 святара, каля 2 400 манахаў[2]

Літургія вядзецца, як і ў Эфіопскай праваслаўнай царквы, на мове геэз.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]