Юозас Булька

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Юзаф Булька)
Юозас Булька

Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 25 снежня 1925(1925-12-25)
Смерць 9 студзеня 2010(2010-01-09) (84 гады)
Пахаванне

Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юзаф (Юозас) Булька (літ.: Juozas Bulka; 25 снежня 1925 — 9 студзеня 2010, Мінск) — рымска-каталіцкі святар, былы пробашч касцёла Святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Юзаф Булька нарадзіўся ў 1925 г. ў Новасвянцянскім раёне ў в. Рыпайчэй у сям’і селяніна-серадняка. Пасля вайны працаваў на віленскай фабрыцы электрычных лічыльнікаў. Пасля таго, як сышоў на пенсію ў канцы 1980-х гадоў, прыняў святарскае пасвячэннеў. Пасля пасвячэння ксёндз з’ехаў у Беларусь і каля 20 гадоў служыў у парафіі ў Мосары Віцебскай дыяцэзіі.[1]

Юзаф Булька стаў шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі як прапагандыст здаровага ладу жыцця. Булька выступіў ініцыятарам стварэння шэрагу аб’ектаў, якія зрабілі Мосар турыстычнай меккай[2]: антыалкагольны музей, Алея цвярознікаў. Дзякуючы святару многія жыхары Мосара і навакольных вёсак перасталі злоўжываць алкаголем[3]. Юзаф Булька шмат чаго зрабіў для добраўпарадкавання Мосара: па яго ініцыятыве ў вёсцы быў створаны Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, перад касцёлам Св. Ганны ўзведзены помнік Яну Паўлу II.

Памёр 9 студзеня 2010 года. Пахаваны 11 студзеня пры ўваходзе ў Мосарскі касцёл. Жалобныя богаслужэнні ўзначальваў архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтак[4].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

У 2005 годзе Юзаф Булька стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне». У 2006 годзе ўказам прэзідэнта Булька быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за ўмацаванне духоўных каштоўнасцей і прапаганды здаровага ладу жыцця.[3]

Абвінавачванне ў супрацы з МДБ[правіць | правіць зыходнік]

У кастрычніку 2008 года пракуратура Літвы выдала ордар на арышт Юзафа Булькі і абвясціла яго ў вышук па абвінавачванні ў генацыдзе. Паводле версіі літоўскіх пракурораў, у пачатку 1950-х гадоў Булька быў агентам-баевіком савецкага МДБ, дапамагаючы ім высочваць і забіваць партызан, якія ваявалі супраць савецкай улады.

З канца 1940-х гадоў Юзаф Булька ваяваў супраць савецкіх уладаў у складзе партызанскага атрада.[5]

Паводле версіі літоўскіх улад, Булька быў захоплены ў палон Саветамі ў сакавіку 1951 года пасля бою пад Кяўнелішкамі і прымушаны да супрацоўніцтва.[5] У літоўскіх архівах захаваліся сакрэтныя данясенні, паводле якіх з непасрэднай дапамогай гэтага агента на працягу 19511953 гг. у выніку спецаперацый былі захоплены і знішчаны каля 45 партызанаў. Як непатрэбныя сведкі, гінулі і мірныя людзі. Супрацоўніцтва было спынена ў 1961 годзе «з-за адсутнасці сувязі з агентам».

Беларускія ўлады адмовіліся выдаць ксяндза Літве[1]. Сам Юзаф Булька адмаўляў абвінавачванні.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]